Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

* РЫМ. Італьянскія археолягі адкрылі адну з найлепш захаваных у сьвеце дагістарычных вёсак — «Пампэі бронзавага веку» — якая была засыпаная вульканічным попелам 4 тысячы гадоў таму. У вёсцы, загубленай вывяржэньнем Вэзувія каля 1800 году да нашай эры, знойдзеныя будынкі да 8 мэтраў вышынёй, гаршкі зь зернем, авечыя косткі, скрынка з косткамі цяжарнай казы, паляўнічыя і кухонныя прылады з костак. Апошняе вялікае вывяржэньне Вэзувія адбылося ў сакавіку 1944 году, калі ў Італіі высадзіліся саюзныя войскі.

* ОСЛА. Бог вікінгаў Одын мог быць рэальным каралём, які жыў 2000 гадоў таму на тэрыторыі цяперашняй Паўдзённай Расеі. Пра гэта цьвердзіць нарвэскі дасьледнік Тур Геердал у сваёй новай сэнсацыйнай кнізе «Паляваньне на Одына». Свае гіпотэзы дасьледнік будуе на выніках раскопак на беразе Азоўскага мора і на матэрыялах сагаў ХІІІ стагодзьдзя. Знойдзеныя каля вусьця Дону вырабы з жалеза, зброя і ўпрыгожаньні ІІ-ІІІ стагодзьдзяў амаль ідэнтычныя знаходкам ХІ стагодзьдзя на швэдзкім востраве Готланд.

* ВАШЫНГТОН. Глыбока пад лядовым панцырам Арктыкі навукоўцы выявілі бурлівую геатэрмічную актыўнасьць — падводныя вульканы і глыбакаводныя гарачыя крыніцы, дзе могуць жыць невядомыя дагэтуль марскія істоты. Навукоўцы дасьледавалі падводны хрыбет Гакеля, які цягнецца на паўтары тысячы кілямэтраў ад Грэнляндыі да Сібіры. Вульканічнныя адтуліны на дне акіяну ўтвараюць хімічную энэргію, якая дазваляе разьвівацца дзівосным і экзатычным формам жыцьця нават пры поўнай адсутнасьці сонечнага сьвятла.

* ЧЫКАГА. У выніку дасьледаваньня пэруанскіх муміяў выявілася, што жыхары Амэрыкі хварэлі на сухоты да прыходу на кантынэнт гішпанскіх заваёўнікаў, якія, як меркавалася, занесьлі гэтую хваробу ў Амэрыку. У муміяў племені чачапоян, забальзамаваных ад 500 да 1000 гадоў таму, былі выяўленыя сьляды сухотаў, артрыту, зубных хваробаў. Бальшыні забальзамаваных людзей у момант сьмерці не было і сарака гадоў.

* ФІЛЯДЭЛЬФІЯ. На востраве Бэата ля берагоў Дамініканскай Рэспублікі знойдзены невядомы раней від яшчэркі-гекона. Даўжыня дарослай асобіны складае 16 мілімэтраў, а вага — адну пятую частку грама. «Неверагодна бачыць пазваночную жывёліну меншую за таракана», - сказаў прафэсар Пэнсыльванскага Ўнівэрсытэту Блэйр Гэджыз, які знайшоў яшчэрку. Новая яшчэрка — найменшы з усіх вядомых у сьвеце відаў паўзуноў, птушак або сысуноў.

* ПАСАДЭНА (КАЛІФОРНІЯ). Пчолы могуць выкарыстоўваць соты ў якасьці ўзмацняльніка для перадачы сыгналаў. Каб паведаміць, дзе шукаць ежу, працоўныя пчолы выконваюць нешта накшталт танцу. Аднак, як выявіла група амэрыканскіх і нямецкіх навукоўцаў, сыгнал перадаецца не візуальна — бо «танец» пчалы адбываецца ў поўнай цемры вулея. Пчала стварае мікравібрацыі, якія перадаюцца празь сьценкі сотаў і прымаюцца ў любым іх месцы.

* ЛЁНДАН. Прэзыдэнт брытанскага Каралеўскага Навуковага Таварыства лорд Робэрт Мэй заявіў, што жыцьцё на Зямлі стаіць перад найбольшай пагрозай за апошнія 65 мільёнаў гадоў. Паводле прыблізных ацэнак, зьнікненьне жывёльных відаў адбываецца цяпер у сотні і тысячы разоў хутчэй, чым за мільёны гадоў перад тым. Галоўная прычына гэтага палягае ў тым, што сельская гаспадарка ўжывае зашмат зямлі каб вырошчваць зашмат ежы і ня хоча «дзяліцца» ёй з гэтак званымі шкоднікамі, няшчадна іх вынішчаючы. Цяперашная хваля зьнікненьня відаў — першая ў гісторыі Зямлі, спрычыненая ненатуральнымі фактарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG