Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДАЎНІКІ ПАТРАБАВАЛІ, КАБ АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ПРЫБРАЛІ АД ДАРОГІ КРЫЖЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтае патрабаваньне зыходзіла ад прараба, які кіруе работамі ў Курапатах. Маўляў, вы часова прыбярыце крыжы, мы зробім дарожны адкос, а потым можаце ўсталёўваць іх зноў. Адзінаццаць прадстаўнікоў Партыі Свабоды й руху "Зубр", якія начавалі сёньня ў Курапатах, былі абураныя гэтай прапановай. Гаворыць валанцёр Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Мы ня будзем выкопваць гэтых крыжоў. Бо гэтыя крыжы асьвечаныя сьвятаром Акаловічам. А па-другое — як так? Вызначылі ж ужо межы. Калі мы пойдзем на саступкі, будзе ўвесь час так. Яны ўвесь час будуць нечага патрабаваць. А калі запатрабуюць сысьці, дык што — нам пайсьці адсюль? Не, такога ня будзе. Усё, ніякіх саступак".

А вось што распавёў іншы валанцёр Хведар Жывалеўскі:

(Жывалеўскі: ) "Прапанова гучала наступным чынам: "Давайце вы цяпер дастаньце зь зямлі крыжы, мы зробім сваю справу, а вы потым паставіце іх на месца". Для нас гэта гучала вельмі сьмешна — тыя людзі, якія ставілі гэтыя крыжы, зараз будуць іх даставаць. Напрыканцы мяне назвалі дэбілам, я пачуў і іншыя абразы. Я сказаў: "Рабіце што хочаце, вы тут зь міліцыяй, мы ня будзем вам перашкаджаць. Але няхай прыедуць журналісты, няхай людзі даведаюцца". Ня нашая справа выкопваць крыжы. Нашая справа — іх тут ставіць".

Я паспрабаваў высьветліць у прараба, чаго ж ён хоча ад валанцёраў. Прараб гаварыць у мікрафон катэгарычна адмовіўся, як, зрэшты, называць сваё імя й прозьвішча. Аднак у прыватнай гутарцы прызнаўся, што ягоныя падначаленыя зрабілі новы насып дарогі на некалькі мэтраў шырэйшы, чым было патрэбна. І таму цяпер прараб хоча, каб валанцёры выкапалі крыжы і будаўнікі маглі б выправіць сваю памылку.

Прараб не адмаўляў, што працуе без канчатковага праекту, аднак ня бачыць у гэтым нічога кепскага. Маўляў, мы так заўсёды працуем, і часам здараюцца памылкі. Прараб заявіў, што калі праз 2–3 гадзіны валанцёры не прыбяруць крыжы, ён прыбярэ іх сам бульдозэрам.

Аднак у гэты час у Курапаты прыехалі журналісты з фота- й тэлекамэрамі, і будаўнікі хутка спынілі працу ды кудысьці зьніклі. Па дарозе толькі час ад часу праяжджала міліцэйская машына, а таксама "Волга" зь нейкім начальствам.

Тымчасам ва ўрочышча прыехалі назіральнікі ад грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Ўладзімер Кішкурна й Сяргей Міхноў. Яны сустрэліся з будаўнічым начальствам і празь нейкі час дамовіліся, каб будаўнікі праводзілі працы такім чынам, каб не зачапіць крыжы.

Валанцёры вельмі задаволеныя тым, што іх падтрымала Прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвілла. У сваім звароце з нагоды чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну, які быў апублікаваны сёньня ў недзяржаўных газэтах, спадарыня Сурвілла называе абаронцаў Курапатаў случакамі нашых дзён, якія бароняць Бацькаўшчыну. Прэзыдэнт Рады БНР заклікае беларусаў тысячамі ісьці ў Курапаты, каб абараніць магілы ахвяраў чужацкага тэрору й прадэманстраваць сьвету сваю салідарнасьць.

Старшы валанцёрскага лягеру Алесь Гетман працягвае:

(Гетман: ) "Гэты зварот сёньня абмяркоўваўся. Вялікі дзякуй Івонцы Сурвільле за тое, што яна жывучы адсюль далёка, успамінае пра нас".

Будаўнічыя работы ў Курапатах сёньня да вечара адноўленыя так і не былі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG