Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПАГОНІ" ПА-РАНЕЙШАМУ ПАГРАЖАЕ ЗАКРЫЦЬЦЁ


Ягор Маёрчык, Менск

Абарона, якая патрабавала ўвогуле закрыць справу, перакананая, што судзьдзя дзейнічаў паводле надуманых падставаў.

Сёньня падчас судовага паседжаньня намесьнік пракурора Гарадзенскай вобласьці Аўген Труцько ня змог даць суду пратакол арышту нумару "Пагоні" ад 4 верасьня. А таму разгляд справы перанесьлі на 23 кастрычніка.

У адным з артыкулаў таго выпуску зьмяшчалася рытарычнае пытаньне: "Ці будзе варты народнай падтрымкі чалавек, які змагаецца са сваімі палітычнымі апанэнтамі, забіваючы іх?" Гарадзенская абласная пракуратура скарыстала яго, каб вынесьці чарговае папярэджаньне. А цяпер праз Вышэйшы гаспадарчы суд яна дамагаецца закрыцьця выданьня і ліквідацыі рэдакцыі — нібыта за неаднаразовае парушэньне законаў.

Кіраўнік Цэнтру юрыдычнай дапамогі пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхал Пастухоў, якія абараняе інтарэсы газэты, не задаволены вынікамі сёньняшняга паседжаньня:

(Пастухоў: ) "Запатрабаваньне гэтых дакумэнтаў прынцыпова нічога не вырашае ў сутнасьці гэтай справы. Суд адмовіўся разглядаць спрэчку па сутнасьці, і зьвярнуў увагу на фармальныя акалічнасьці".

Адвакаты тыднёвіка хадайнічалі сёньня пра закрыцьцё справы, паколькі Міністэрства інфармацыі, у інтарэсах якога яна ініцыявалася, адмовілася ад прэтэнзіяў да "Пагоні". Аднак судзьдзя Жандараў адхіліў яго. Ён патлумачыў, што ня можа так паступіць, бо, маўляў, закранулі інтарэсы дзяржавы.

Такая пазыцыя спадара Жандарава навяла прафэсара Пастухова на думку:

(Пастухоў: ) "Суд ня хоча выносіць рашэньне на карысьць рэдакцыі газэты, паколькі яно відавочнае. Судзьдзя адсоўвае прыняцьцё канчатковага рашэньня, каб не выступаць супраць іншых дзяржаўных органаў, не паказаць, што ў дадзеным выпадку няма ніякіх падставаў для закрыцьця газэты "Пагоня".

Міхал Пастухоў перакананы, што судзьдзя прызначыў наступнае паседжаньне на 23-га кастрычніка невыпадкова. Рэч у тым, што днём раней уступае ў сілу яшчэ адно папярэджаньне "Пагоні" — другое па ліку. І такім чынам, кажа спадар Пастухоў, пазыцыі Гарадзенскай абласной пракуратуры ўзмацняюцца, а суд будзе мець усе падставы, каб закрыць газэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG