Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБІРАЙ! І МАСТАЦТВА ТАКСАМА


Валянціна Аксак, Менск

Гэты ўчастак месьціцца ў мастацкай галерэі "Золата" на вуліцы Сурганава. На ейных сьценах разьвешаныя дзесяць жывапісных працаў дзесяцёх мастакоў. Іхныя прозьвішчы ўнесеныя ў бюлетэні для галасаваньня, якія адкрыта ляжаць на апячатанай "Пагоняй" скрыні.

Кожны, хто прыходзіць сюды, мае права аддаць свой голас за аднаго зь іх. Выбары будуць доўжыцца два тыдні. Але 9 верасьня ў прысутнасьці міжнародых назіральнікаў будуць падведзеныя папярэднія вынікі гэтае акцыі, якую арганізатары назвалі арт-рэйтынгам "Выбірай".

Вось як нашаму радыё патлумачыў задуму адзін з удзельнікаў Сяржук Цімохаў:

(Цімохаў: ) "Ідэя гэтае акцыі нарадзілася ў час, калі ў паветры вітае слова "Выбірай". Мы падумалі, а чаму б і нам не правесьці выбары, толькі ня выбары нейкага чыноўніка, а выбары мастацкага твора... Па-другое, мы хацелі б, каб робячы свой выбар сярод твораў мастацтва, наведнікі гэтае выставы задумаліся над сур'ёзнасьцю гэтага акту — выбараў. Каб яны добра падумалі перад тым выбарам, які яны будуць рабіць праз чатыры дні. Каб усьвядомілі адказнасьць за выбар свайго лёсу, сваёй і нашай агульнай будучыні".

Перад удзельнікамі арт-рэйтынгу паўстае таксама няпросты выбар, бо экспазыцыю склалі найлепшыя творы надзвычай выбітных сучасных беларускіх мастакоў — Міколы Бушчыка, Генадзя Драздова, Васіля Касьцючэнкі, Міколы Кірэева, Аляксея Марачкіна, Галіны Раманавай, Сяргея Рымашэўскага, Рыгора Сітніцы і Сяржука Цімохава. Тым ня менш, гэтая акцыя больш грамадзкая, чым мастацкая, зазначае спадар Цімохаў.

(Цімохаў: ) "Калі б мы рабілі выставу чыста мастацкую, то мы б выставілі творы зусім іншага кшталту, якія б сваім зьместам казалі гледачу пра палітычную сытуацыю. Так, як робіць суполка "Пагоня", да якой я таксама належу... Але мы наўмысна не пайшлі гэтым шляхам, бо ён просты. Мы выставілі чыста эстэтычныя працы, ацэньваючы якія, глядач змушаны задумвацца над сваім выбарам. І ў гэтым сутнасьць акцыі: напярэдадні больш адказнага выбару..."

А яшчэ, на думку арганізатараў арт-рэйтынгу, іхныя выбары паказваюць грамадзтву, якая атмасфэра мусіць быць на выбарах. Як запэўніў Генадзь Драздоў, за ходам галасаваньня сочаць:

(Драздоў: ) "Прысутнічаюць назіральнікі зь місіі АБСЭ, Дэпартамэнту ЗША, Каралеўскай палаты лордаў Вялікабрытаніі, іншых арганізацыяў. Так што нашыя выбары будуць абсалютна празрыстыя і дэмакратычныя".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG