Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШАЯ ЛУКАШЭНКАВА ПАЕЗДКА Ў РЭГІЁНЫ НАПАЧАТКУ ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ – НА ГАРАДЗЕНШЧЫНУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Лукашэнка сёньня сам нагадаў пра гэты факт публіцы, што сабралася для сустрэчы зь ім. Ён прызямліўся на верталёце ў 10.50 раніцай на пляцоўцы тэрыторыі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Хімвалакно".

Сустрэча з працаўнікамі пачалася зь невялікага інцыдэнту. Пажылы мужчына пачаў лямантаваць, зьвяртаючыся да Лукашэнкі. Ён крычаў, што пацярпеў за праўду, што яго судзілі й зьбівалі. Мужчына заплакаў.

Паколькі Лукашэнка прыехаў дзеля агітацыі за сябе, ён, нечакана для прысутных і для аховы, падышоў да мужчыны. Узяў зь ягоных рук ліст, разгарнуў яго і сказаў, што разьбярэцца. Больш за тое, просьбіту нават далі потым машыну і афіцэра аховы, каб паехаць паглядзець на катэдж чыноўніка, на якога ён скардзіўся. Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка выступіў у ролі справядлівага начальніка.

Ужо а 1-й гадзіне дня сталічны ваяжор наведаў у горадзе Скідэлі завод мэдпрэпаратаў, а затым заехаў у калгас у Шчучынскім раёне, які мае назву "Расея".

Сёньняшні візыт у Горадню можна патлумачыць дзьвюма прычынамі. Па-першае, імкненьнем падтрымаць свой рэйтынг у горадзе, дзе вельмі сымпатызуюць апазыцыйным палітыкам. Па-другое, менавіта тут Аляксандар Лукашэнка пачынаў сваю першую, удалую выбарчую кампанію, а пазьней рабіў вельмі важныя заявы. Яшчэ ў 1996-м годзе ён заявіў, што прабудзе на пасадзе два тэрміны. Напачатку 1998-га паведаміў на гарадзенскай нарадзе, што прэзыдэнцкіх выбараў у 1999-м годзе ня будзе. Ён таксама заявіў тады, што калгасы зьяўляюцца "палітычнай структурай" улады на сяле і чапаць іх ён не дазволіць.

Стала вядома, што Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі наведае гарадзенцаў яшчэ раз. Ён павінен будзе назіраць за навядзеньнем пераправы празь Нёман жаўнерамі гарадзенскага пантоннага палка. Адбудзецца гэта падчас вучэньняў "Нёман-2001". Разьмяшчаюцца пантанёры, дарэчы, за плотам "Хімвалакна", дзе ён быў сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG