Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ ПРА ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКУ


Уладзімер Глод, Менск

Кнігу пра Генадзя Карпенку напісаў Мікола Гіль. Гэта мастацка-дакумэнтальны твор, у якім распавядаецца пра жыцьцёвы шлях вядомага беларускага палітыка і пра ягоную раптоўную загадкавую сьмерць 6 красавіка 1999 году.

Аўтар выданьня так тлумачыць, чаму ён узяўся за гэтую працу:

(Гіль: ) "Калі гаварыць па шчырасьці, дык з Генадзем Дзьмітрыевічам я нават ня быў знаёмы. Хаця сустракаўся, бачыў яго ў часе шэсьцяў чарнобльскіх, у часе мітынгаў.

Але ж, канечне, я яго ведаў. І яшчэ раней, калі ён быў у Маладэчне, захапляўся гэтым чалавекам. Ня толькі як палітычным дзеячом. Ён, па-першае, і навуковец, дай Бог. І гаспадарнік. І асабліва ў нашай сфэры культурніцкай ён набыў папулярнасьць і любоў за тыя ўнікальныя акцыі, якія ён утварыў у Маладэчне. Ён адкрыў тэатар, правёў першы і другі фэстываль беларускай песьні і паэзіі, тэатральную "Сакавіцу".

Спадар Карпенка быў дэпутатам Вярхоўнага Савету і 13-га, і 12-га скліканьняў. З таго часу сярод ягоных блізкіх сяброў заўжды быў Сяргей Антончык. Вось што ўзгадваў сёньня спадар Антончык:

(Антончык: ) "Такая добрая энэргія зыходзіла ад Генадзя Дзьмітрыевіча, што мы зь ім пасябравалі, калі былі ўжо сталымі людзьмі. Ён многа даў для мяне ў сэнсе поглядаў на жыцьцё. Ён мне асабіста паказаў, якім чынам можна без канфліктаў узьдзейнічаць на палітычныя сытуацыі.

Пайшоў ужо трэці год, як яго няма, а ўсё здаецца, што ён дзесьці побач. Зараз я кажу і хачу зноў пераасэнсаваць, хто ён быў для мяне. І разумею, што яго мне вельмі не хапае. Я адчуваў сябе больш крэпка, бо ён быў як махіна нейкая, як сьцяна".

Вечарыну ладзілі Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне імя Генадзя Карпенкі, прэзыдэнт якога — удава нябожчыка Людміла Карпенка, і яго шматлікія сябры. Адзін зь іх — кампазытар Мікалай Трацякоў прэзэнтаваў сёньня новую песьню, прысьвечаную, як ён адзначыў, выдатнаму беларусу Генадзю Карпенку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG