Пікетоўнікі трымалі плякаты са словамі "Сёньня Ічкерыя. Заўтра Беларусь?" ды "Мы любім НАТО". Вось як вызначыў мэты акцыі выканаўца абавязкаў старшыні моладзевай арганізацыі БНФ "Адраджэньне" Раман Кавальчук:
(Кавальчук: ) "Супраць генацыду чачэнскага народу, які ажыцьцяўляе злачынны рэжым Пуціна. Гэты рэжым выбраў шлях, падобны да шляху Лукашэнкі. Канец гэтага рэжыму можа быць не такі кепскі, як у беларускага — для Расеі аўтарытарызм ёсьць даволі трывалай і аўтарытэтнай формай кіраваньня.
Дэмакратыя для Расеі на сёньняшні дзень, можа, нават і нехарактэрная. Але мы мусім імкнуцца да таго, каб Расея хутчэй дэмакратызавалася, таму што яна ёсьць суседкай Беларусі, а суседзяў не выбіраюць".
Сябры моладзевай арганізацыі, паводле Рамана Кавальчука, пратэстуюць таксама супраць стварэньня "саюзнай" дзяржавы ды аб’яднаньня грашовых сыстэмаў Расеі й Беларусі.
(Кавальчук: ) "Мы павінны абавязкова адстаяць слабую, але ж беларускую валюту. Калі ж эмісійны цэнтар перамесьціцца ў Расею, нават Лукашэнка ня будзе ўжо кантраляваць эканамічныя працэсы, і ён будзе ўжо на 100 адсоткаў марыянэткай рэжыму ФСБ, які
пануе зараз у Расеі".
Пікет адбываўся ў часе саміту дзяржаваў СНД, і многія менчукі, што падыходзілі да пратэстуючых, выказвалі свае стаўленьне да гэтай падзеі. Прыкладам, кіроўца аўтобуса Валеры, які быў вымушаны сёньня на паўгадзіны спыніцца, бо па праспэкце праяжджалі высокія асобы.
(Валеры: ) "Нехта едзе, а я ў графік не ўкладаюся, мяне ж за гэты графік караюць! Людзі крычаць: я спазьняюся туды і сюды! А адкуль я ведаю, хто там ехаў — мо Пуцін ці хто ехаў там".
Прадстаўнікі моладзевай арганізаці БНФ "Адраджэньне" падрыхтавалі зварот да ўрадаў краінаў Эўразьвязу ды да ўраду Злучаных Штатаў Амэрыкі.