Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗНОЎ ГАНАРАВАЛІ “ПРАВЕДНІКАЎ НАРОДАЎ СЬВЕТУ”, ШТО РАТАВАЛІ ГАБРЭЯЎ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня, у 27-ы дзень месяца Нісана паводле габрэйскага календара — Дзень Галакосту. Менавіта ў гэты дзень адбылося паўстаньне габрэяў у Варшаўскім гета. Урачыстую цырымонію з гэтай нагоды распачаў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Марцін Пэлед-Флекс.

(Пэлед-Флекс: ) "Гэтая падзея нагадвае пра важны факт. Габрэі ў часе Галакосту ня йшлі паміраць, як авечкі на бойню. Там, дзе супраціў быў магчымы, ён быў. Але ж супраць габрэяў Эўропы дзейнічала моцнае войска ды дзяржаўны апарат, і іхная мэта была — зьнішчыць габрэйскі народ".

Але і сёньня, як адзначыў у часе цырымоніі старшыня саюзу беларускіх габрэяў-вязьняў нацысцкіх лягераў Міхал Трэйстэр, ёсьць сілы, што спрыяюць міжнацыянальнай варожасьці:

(Трэйстэр: ) "На жаль, гэта ёсьць і цяпер — ад расейскага заалягічнага антысэміта генэрала Макашова і да псэўдаінтэлігентнай камэнтатаркі Беларускага радыё Ніны Чайкі. Вядома, беларускія людзі збольшага далёкія ад гэтага, бо разумеюць, што нармальнае жыцьцё ў дзяржаве можа быць толькі пры міжнацыянальнай згодзе".

Сёньня, у Дзень Галакосту, ганаравалі Праведнікаў народаў сьвету, беларусаў, якія ратавалі габрэяў у часе Другой усясьветнай вайны — Ніну Даўгулевіч, Надзею Старавойтаву, Браніславу Ўрублеўскую-Зямчонак. Ірына Крысько і Аляксандар Андросік атрымалі гэтае званьне пасьмяротна.

Бацькі Ніны Даўгулевіч і Ірыны Крысько — Аляксандар і Тацяна — жылі ў часе вайны ў мястэчку Ўзда. Яны выратавалі жыцьцё габрэйскай сям’і Гразоўскіх — тыя хаваліся спачатку ў іхнай хаце, а потым у адмысловым сховішчы ў лесе, якое зрабіў для іх Аляксандар Крысько. Ягоная дачка Ніна Даўгулевіч узгадвае:

(Даўгулевіч: ) "Шкада, што не дажылі яны. Бацька заўсёды гаварыў: я рабіў ня дзеля грошай, а дзеля сумленьня. І вось мы выратавалі сям’ю, трох чалавек — мужа, жонку і іхную дачку Фаню, якой тады было 10 гадоў".

Ганаровае званьне Праведнікаў народаў сьвету атрымалі ўжо больш за 20 000 чалавек, сярод іх 350 беларусаў.

Сёньня, у дзень Галакосту, у гонар гэтых людзей запальваюць сьвечы, чытаюць малітвы, сьпяваюць песьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG