Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКОЕ ГРАМАДЗЯНСТВА МАЮЦЬ БЕЛАРУСКІЯ АМБАСАДАРЫ Ў МАСКВЕ ДЫ КІЕВЕ?


Юры Сьвірко, Менск

Беларускі амбасадар у Маскве Ўладзімер Грыгор’еў з нагоды ці то 5-годзьдзя саюзнае інтэграцыі, ці то ўласнага 60-гадовага юбілею даў інтэрвію газэце Рады міністраў саюзнае дзяржавы “Союз”, што выйшла сёньня ў Менску як частка газэты “Советская Белоруссия”.

На пытаньне, ці праўда, што амбасадар Беларусі мае расейскі пашпарт, спадар Грыгор’еў адказаў: “Так, гэта сапраўды так. Я, дарэчы, яшчэ не мяняў свой пашпарт — ён выдадзены 107-м аддзяленьнем міліцыі гораду Масквы”.

А вось першы сакратар амбасады Беларусі ў Маскве Ўладзімер Няронскі заявіў пра свайго шэфа Ўладзімера Грыгор’ева:

(Няронскі: ) "Ён грамадзянін Беларусі. Гэта вядома, неаспрэчна. Таму я думаю, што гэта нейкая памылка".

Спадар Няронскі дадаў, што сам мае стары савецкі пашпарт, выдадзены ў 1979 годзе. Ён мяркуе, што й амбасадар Грыгор’еў меў на ўвазе свой стары пашпарт савецкага ўзору.

Цікава, што беларускія дыпляматы чамусьці не сьпяшаюцца мяняць свае ўнутраныя савецкія пашпарты з чырвонай вокладкай на новыя, сінія. Вядома таксама, што нават былы міністар замежных справаў Беларусі Іван Антановіч працаваў на гэтай пасадзе, маючы расейскае грамадзянства.

Уладзімер Няронскі ведае яшчэ падобныя прыклады. Да спадара Грыгор’ева амбасадарам Беларусі ў Маскве быў Віктар Даніленка.

(Няронскі: ) "Вось Даніленка быў да яго пасол — гэта быў грамадзянін Расеі, так. Ён меў расейскае грамадзянства. А Грыгор’еў — гэта грамадзянін Беларусі.

З усіх амбасадараў Беларусі адзіным неграмадзянінам заставаўся пасол ва Ўкраіне Курашык", — заявіў па тэлефоне з Масквы Ўладзімер Няронскі, першы сакратар беларускае амбасады ў Расеі.

Я паспрабаваў датэлефанавацца й да Віталя Курашыка ў Кіеў. Сакратарка амбасады, якая не валодае беларускай мовай, заявіла:

(Сакратарка: ) "Мне, напрыклад, невядома, якое ён мае грамадзянства. Ніколі не пыталася, нават не задумвалася".

(Карэспандэнт: ) "Але вы ня можаце пацьвердзіць, што ён мае беларускае, так?"

(Сакратарка: ) "Я вам увогуле нічога не магу пацьвердзіць. Таму што мяне такія пытаньні, у адрозьненьне ад вас, мала цікавяць".

Сакратарка беларускае амбасады ў Кіеве таксама спытала мяне, ці ведаю я пра тое, што неўзабаве пасольскі тэрмін спадара Курашыка скончыцца.

Верагодна, пра парушэньне законаў Беларусі ейнымі дыпляматамі стане вядома толькі пасьля таго, як гэтыя дыпляматы сыдуць у адстаўку. Так ужо было зь Іванам Антановічам ды Віктарам Даніленкам.

Аднак прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка заяўляе, што амбасадар у Маскве Ўладзімер Грыгор’еў ніколі ня меў расейскага грамадзянства.

(Латушка: ) "Не, ён зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Ён пастаянна прапісаны ў Віцебску з 27 сакавіка 1987 году і ў адпаведнасьці з законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” зьяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, таму што на момант уступленьня ў сілу Закону аб грамадзянстве пражываў пастаянна на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыцца на дату 12 лістапада 1991 году.

Таму хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць: пасол Беларусі ў Расеі зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Што тычыцца інфармацыі аб тым, што ён мае расейскі пашпарт, дык я думаю, што шмат хто з нас мае пашпарты яшчэ старога савецкага ўзору".

(Карэспандэнт: ) "А што да беларускага амбасадара ў Кіеве?"

(Латушка: ) "Я хацеў бы сказаць, што беларускі амбасадар у Кіеве — спадар Курашык — таксама зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, таму яму й быў выдадзены дыпляматычны пашпарт Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь".

(Карэспандэнт: ) "Вы ведаеце што-небудзь пра ягонае ўкраінскае грамадзянства? Ці можаце вы абвергнуць, што ён украінскі грамадзянін?"

(Латушка: ) "Я хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць: пасол Беларусі ва Ўкраіне Курашык мае дыпляматычны пашпарт Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь і зьяўляецца грамадзянінам Беларусі", — паведаміў спадар Латушка, прэсавы сакратар МЗС.

Можна дадаць, што цяпер нашы калегі з Кіеўскага бюро ўкраінскае службы Радыё Свабода высьвятляюць пытаньне, якое грамадзянства мае беларускі амбасадар у Кіеве Віталь Курашык. Дарэчы, спадарам Антановічу й Даніленку расейскае грамадзянства не перашкаджала мець беларускія дыпляматычныя пашпарты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG