Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПІНСКУ “ПАЛЮЮЦЬ НА ВЯДЗЬМАРАК”


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Мінулым тыднем на сустрэчы інфармацыйнай групы гарвыканкаму на чале з намесьнікам старшыні выканкаму Ўладзімерам Федаровічам з супрацоўнікамі малочнага заводу (а прасьцей — у часе палітінфармацыі) спадар Федаровіч пасьля агляду гарадзкіх праблемаў ды захадаў вэртыкалі па іх вырашэньні, перайшоў да пошуку вінаватых.

Паводле словаў рабочых гармалзаводу, якія прысутнічалі на палітінфармацыі, Уладзімер Федаровіч сказаў, што ў горадзе існуюць грамадзкія арганізацыі, якія хаваюцца за дабрачыннасьцю ды адукацыйнымі праектамі, а насамрэч за грошы з Захаду робяць усё, каб падарваць цяперашні беларускі лад.

Сярод “падрыўнікоў” — грамадзкая арганізацыя “Калегіюм”, адукацыйны цэнтар “ХХІ стагодзьдзе” а таксама таварыства філаматаў. Паводле выканкамаўскага чыноўніка, чальцы “Калегіюму” атрымалі 40 тысячаў даляраў, якія цяпер трэба адпрацоўваць.

Гэтыя абвінавачаньні чыноўнік грунтуе на цытаце з амэрыканскай газэты 50-гадовай даўніны, дзе нейкі аўтар заклікаў суайчыньнікаў засылаць у Савецкі Саюз матэрыялы, якія прапагандуюць заходнія каштоўнасьці з мэтай падарваць сацыялістычны лад.

Гаворыць Старшыня грамадзкай арганізацыі "Калегіюм" Надзея Аўсіевіч:

(Аўсіевіч: ) “Я сама ня чула гэтага выступу сп. Федаровіча, але я лічу, што калі ён быў, то гэта зьвязана з заявай, якую мы зрабілі разам зь дзьвюма іншымі грамадзкімі арганізацыямі наконт масавай здыхаты сьвіней на сьвінакомплексе “Паўднёвы”.

Спадарыня Аўсіевіч мела на ўвазе нядаўні матэрыял швэдзкай карэспандэнткі Марыі Сёдэрбэрг, які быў надрукаваны таксама і ў некаторых беларускіх выданьнях. Гэты артыкул, пра які Радыё Свабода распавядала раней, вельмі не спадабаўся вэртыкалі, якая ўсяляк падтрымлівае калгасны лад.

А спадарыня Сёдэрбэрг прыяжджала ў Пінск менавіта да "Калегіюму". Да таго ж паводле матэрыялаў згаданага артыкулу, некалькі грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку й "Калегіюм", накіравалі ў гарвыканкам, пракуратуру ды іншыя ўстановы ліст з патрабаваньнем правесьці афіцыйнае дасьледаваньне масавай здыхаты сьвіней на прадпрыемстве “Паўднёвае”.

Варта адзначыць таксама, што зусім нядаўна, у сярэдзіне студзеня, у адной са сваіх справаздачаў старшыня Пінскага гарвыканкаму Васіль Шуст ганарыўся наладжаным у горадзе сумесна са швэдзкай арганізацыяй “Грамадзтва без наркотыкаў” сэмінарам, дзе прапагандаваўся антынаркатычны праект “ДрагБокс”.

Аднак цікава, што арганізатарам сэмінару зь беларускага боку была менавіта грамадзкая арганізацыя “Калегіюм”, якая праз два месяцы аказалася, паводле гарадзкіх уладаў, пярэваратнем, які разам зь філаматамі замест адукацыйных праектаў падрывае беларускі лад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG