Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КРЫЧАВЕ СУДЗЯЦЬ НЕЗАЛЕЖНУЮ ГАЗЭТУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Кіраўнікі крычаўскага гарвыканкаму не абмежаваліся тым, што далі штраф 50 мінімальных заробкаў рэдактару "Вольнага гораду" Сяргею Няроўнаму. Яны запатрабавалі другога працэсу.

Зараз у ролі адказчыка (акрамя спадара Няроўнага) выступае таксама прадстаўнік асацыяцыі "Крычаўская гуманітарная ініцыятыва" Мікалай Маторанка — той самы, што правозіў газэты празь мяжу Расеі й Беларусі. Сьведкам ідзе прадпрымальнік Сяргей Баравікоў, які фінансаваў выданьне газэты.

Нагадаю, што крычаўскі гарвыканкам зьвярнуўся да кіраўніка адміністрацыі Смаленскай вобласьці з просьбай "прыняць меры па спыненьні друкаваньня газэты "Вольны горад" у друкарні гораду Смаленску".

Калі гэтак ня выйшла, крычаўская "вэртыкаль" узяла захады, каб канфіскаваць наклады абедзьвюх газэтаў. На мяжы затрымалі прадстаўнікоў выданьня, якія везьлі газэты ў Беларусь.

Спачатку, як мы ўжо паведамлялі, далі штраф Сяргею Няроўнаму. Сёньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці абвінавачваюць як спадара Няроўнага, гэтак і Мікалая Маторанку. Канфіскаваных накладаў рэдакцыям не вярнулі.

Прадстаўнікі крычаўскай "вэртыкалі" і мясцовай міліцыі сёньня прад'явілі паперы, паводле якіх празь мяжу правозілі газэты накладам больш за 300 асобнікаў. Адпаведна Сяргея Няроўнага і Мікалая Маторанку абвінавачваюць, што парушылі заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Ініцыятары працэсу кажуць, што рэдактары газэтаў мусілі атрымаць ліцэнзіі на выданьне сродкаў масавай інфармацыі. Грамадзкія абаронцы даказваюць, што на выданьне газэтаў накладам да 300 асобнікаў такой ліцэнзіі ня трэба.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG