Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎТАМАБІЛЬ І ВАКОЛ ЯГО Ў БЕЛАРУСІ І СУСЕДНІХ КРАІНАХ


Сяргей Навумчык, Прага

Папярэдняя перадача гэтага цыклю была прысьвечаная аўтамабілям – а сёньня размова пра тое, з чым штодзённа сутыкаюцца аўтааматары, і як ўплывае аўтамабіль на бізнэсовую актыўнасьць грамадзтва.

Гадоў шэсьць таму ўзімку ехаў я на сваёй машыне зь Менску ў Віцебск. Дарога была заледзянелая ды яшчэ прысыпаная сьнегам, але пры гэтым пустая – і таму разагнаўся пад дзевяноста. Раптам ўбачыў, як насустрач па восевай лініі ідзе грузавік. Ўзяўшы ўправа, паспрабаваў скінуць хуткасьць – што было ў той сытуацыі разумна, ды вось толькі іншым спосабам гэта варта было рабіць. Як вядома, на склізкай ці ледзяной дарозе трэба тармазіць рухавіком, сьніжаючы перадачы – я ж чамусьці націснуў пэдаль тормазу. Машыну пачало спачатку заносіць, а потым разгарнула…Удалося ўсё ж неяк выкруціца, спыніцца – і праз некалькі імгненьняў побач, літаральна ўшчыльную пранесься той самы сустрэчны аўтамабіль, які аказаўся, здаецца, КАМазам. Спыніся мой аўтамабіль на якіх паўмэтра правей – і гэтую перадачу рабіў бы нехта іншы.

Падобныя эпізоды можа прыгадаць хіба кожны беларускі аўтааматар, і значна, непараўнальна радзей – які эўрапеец ці амэрыканец. Як правіла, дарогі, што злучаюць вялікія гарады, – маюць разьдзяляльную агароджу, і таму сутыкненьне з сустрэчнымі аўтамабілямі практычна выключанае. У Беларусі такіх трасаў няма – і лабавыя сутыкненьні найбольш частая прычына аварыяў са сьмяротным сыходам.

Дарогі – першая праблема, зь якой сутыкаецца чалавек пасьля таго, як набыў машыну. Але якасьць асфальтавага ці бэтоннага пакрыцьця, меры бясьпекі – гэта толькі адзін аспэкт аўтамабільнай інфраструктуры…

Памятаеце, як Астап Бэндэр размаляваў жыхарам Васюкоў заманлівыя пэрспэктывы пераўтварэньня заштатнага гарадка ў цэнтар цывілізацыі з дапамогай шахматаў? Дык вось, ў дачыненні да аўтамабіля такая мадэль зусім не гіпэрбалізаваная – аўтамабіль сапраўды зьмяніў жыцьцё грамадзства.

Зрэшты, звычайнаму грамадзяніну няма справы да эканамічных парамэтраў – ён проста хоча зручнасьці. Пра сытуацыю ў Беларусі распавядае Ганна Соўсь.

(Соўсь: ) “Сыстэма дарожнага сэрвісу ў Беларусі пакуль даволі неразьвітая. Можна праехаць некалькі сотняў кілямэтраў і не адшукаць прыстойнай прыбіральні, кафэ альбо пункту аўтасэрвісу. І гэта нягледзячы на тое, што Беларусь – транзытная краіна, і менавіта з разьвіцьця дарожнага сэрвісу можна было б мець добрыя прыбыткі. Да таго ж, дарогі – гэта своеасаблівае аблічча краіны, паказьнік ейнай цывілізаванасьці.

Цяпер на ўсіх беларускіх дарогах працуюць толькі 17 гатэляў, 78 аўтазаправак, 34 станцыі тэхнічнага абслугоўваньня, 30 стаянак з аховай і 275 пляцовах для адпачынку. У большасьці ўсё гэта знаходзіцца на самых буйных трасах – маскоўскай, берасьцейскай ды віленскай. На астатніх камфорту ды паслугаў для кіроўцаў значна менш. Але сыстэма дарожнага сэрвісу ўсё ж пакрысе разьвіваецца. Напрыклад, летась было ўведзена ў эксплюатацыю 3 дарожныя рэстарацыі, 11 кавярняў, 6 сталовак ды 7 аўтазаправак. Як паведамілі мне ў Камітэце аўтамабільных дарогаў, плянуецца, што на працягу пяці гадоў на беларускіх дарогах будзе пабудавана яшчэ 69 гатэляў, 91 станцыя тэхнічнага абслугоўваньня, 327 пляцовак для адпачынку.

Што да элемэнтарнага сэрвісу, то дагэтуль на беларускіх дарогах амаль нідзе не усталяваныя тэлефоныя кабіны, а сыстэма сотавай сувязі дзейнічае пакуль толькі на берасьцейскай ды маскоўскай трасах. Дарэчы, калі некалькі гадоў таму ў Беларусі распачынаў сваю дзейнасьць беларускі прадстаўнік міжнароднай аўтамабільнай арганізацыі АДАС, галоўнай праблемай для разьвіцьця сваёй сыстэмы яны назвалі менавіта адсутнасьць тэлефонаў на трасах”.

(Навумчык: ) “Адсутнасьць тэлефонаў на трасах, пра што нагадала Ганна Соўсь, – уласьціва і для Расеі. Тым ня менш, рынкавывыя рэформы паўплывалі на аўтамабільную інфраструктуру усходняй суседкі Беларусі, і пра гэта больш падрабязна – Віктар Дзятліковіч.

(Дзятліковіч: ) “У Расеі колькасьць аўтамабіляў павялічваецца імкліва. У адной толькі Маскве іх зараз болей за тры мільёны. Гэта вымагае і разьвіцьця ўсёй інфраструктуры.

Першае, на што перастаеш зьвяртаць увагу, едучы па Расеі, – бэнзазапраўкі. Іх шмат як у буйных гарадох, так і ў правінцыі. На дагорах між гарадоў няма праблемаў з рэстарацыямі ды кавярнямі. Пачаліся будавацца і матэлі, праўда, збольшага на трасах, што вядуць з Эўропы, бо у саміх расейцаў няма звычкі начаваць у дарозе.

Трохі складаней сытуацыя з сэрвісам. У Расеі купляюць мала новых замежных аўтамабіляў, і таму ня вельмі разьвіты фірмовы сэрвіс. Пэўны час таму мой сябра набыў у Летуве новы аўтамабіль «Rover». У Маскве ён зламаўся, і высьветлілася, што майстроўні, дзе можна было б зрабіць гарантыйны рамонт «Rover», у 10-мільённым горадзе не існуе. Майму сябру прапанавалі прывозіць машыну у Летуву. І толькі пад пагрозай суду ён дамогся, каб машыну узялі на гарантыйны рамонт у сэрвіс BMW, які зараз валодае маркай «Rover».

Значна больш за фірмовы сэрвіс распаўсюджаныя прыватныя аўтамайстэрні, дзе рамонт можна зрабіць таньней. Аднак, вялікай канкурэнцыі у гэтай сфэры яшчэ няма, і таму якасьць рамонту не заўжды добрая. Таму ў Расеі да гэтага часу лічыцца патрэбным мець знаёмага мэханіка, ці, прынамсі, добрыя адносіны з супрацоўнікамі аўтамайстэрні – гэта гарантуе пэўныя зьніжкі і упэўненасьць у якасьці рамонту.

Няма праблемаў з друкаванай прадукцыяй. Падыйшоўшы да любога газэтнага шапіка можна убычыць ня меней за дзясятак штотыднёвікаў, ды некалькі штомесячных часопісаў, прысьвечаных выключна аўтамабілям.

На FM-хвалях у Маскве існуе спэцыяльная радыёстанцыя для аўтамабілістаў – «Аўта-радыё». Акрамя таго, амаль кожная радыёстанцыя у выпусках навінаў паведамляе слухачам адмысловую аўтамабільную інфармацыі – прынамсі, пра аўтамабільныя заторы, што сталіся для Масквы надзвычайнай праблемай”.

(цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайта)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG