Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

На міліцыю з бюджэту ідуць велізарныя сродкі, але праца яе ад гэтага паляпшаецца мала. Такога пункту гледжаньня, у прыватнасьці, прытрымліваецца пракуратура Берасьцейскай вобласьці, якая накіравала ліст да міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава. У лісьце прыведзеныя шматлікія факты злоўжываньняў з боку супрацоўнікаў берасьцейскай міліцыі.

Ліст да міністра Навумава зьявіўся своеасаблівым адказам вабласной пракуратуры на некаторыя выказваньні кіраўніка МУС. Падчас апошняга візыту ў Берасьце сп. Навумаў станоўча ацаніў працу ворганаў унутраных справаў, а між тым у пракуратуры дастаткова фактаў, якія сьведчаць пра парушэньні закону з боку міліцыянтаў. Самыя відавочныя зь іх – несвоечасовае ўзбуджэньне крымінальных справаў альбо адмова рэгістраваць злачынствы, каб не псаваць міліцэйскую статыстыку.

Адказны чыноўнік зь берасьцейскай вабласной пракуратуры, які не пажадаў называць сваё імя, паведаміў "Радыё "Свабода", што адзіны паказальнік, які супадае ў міліцэйскіх і пракурорскіх дадзеных, гэта колькасьць забойстваў. Ва ўсіх астатніх выпадках ворганы ўнутраных справаў звычайна скажаюць рэчаіснасьць і не рэгіструюць факты злачынстваў. Практычна кожная другая крымінальная справа па фактах хуліганства, зьдзейсьненых з асаблівай дзёрскасьцю і таму аднесеных да цяжкіх злачынстваў, узбуджаецца несвоечасова. У лісьце да міністра Навумава пракуратура паведамляе пра скандальны выпадак у Баранавічах, дзе ў лютым сёлета была жорстка зьбітая непаўнагадовая мяйсцовая жыхарка. Замест таго, каб адразу падрыхтаваць матэрыялы дзеля ўзбуджэньня крымінальнай справы, участковы міліцыянт склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Толькі праз месяц матэрыялы былі вернутыя ў мяйсцовы РАЎС дзеля ўзбуджэньня крымінальнай справы.

Ня меньш паказальнай лічаць у вабласной пракуратуры гісторыю, што здарылася ў Берасьці, калі ахоўнік аднае з харчовых крамаў атрымаў удар бутэлькай па галаве і вымушаны быў зьвярнуцца па мэдычную дапамогу. Злачынцу затрымалі, правялі допыт і адпусьцілі. Крымінальная справа была заведзеная толькі празь некалькі тыдняў і за гэты час злачынца пасьпеў схавацца ад сьледзтва й суду. У берасьцейскай вабласной пракуратуры лічаць, што гэтыя ды іншыя парушэньні закону з боку міліцыянтаў сьведчаць за тое, што ў ворганах унутраных справаў адсутнічае ведамасны кантроль за раскрыцьцём і расьследваньнем крымінальных злачынстваў. Таму кіраўніку МУС прапануецца неадкладна разгледзець вынікі пракурорскай праверкі і прыцягнуць да адказнасьці асобаў, вінаватых у парушэньні заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG