(эфір 26 кастрычніка)
У Менску адбылася нешматлюдная акцыя ўшанаваньня памяці 12 змагароў руху Супраціву, якіх роўна 59 год таму пакаралі фашысты. На жалобнай акцыі пабываў наш карэспандэнт Ягор Маёрчык. Удзельнікі акцыі плянавалі прайсьці апошнім шляхам трох актывістаў руху Супраціву: Кірылы Труса, Уладзімера Шчарбацэвіча й Машы Брускінай. Але Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт не дазволіў шэсьце ад брамы ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Валадарскага праспэктам Скарыны й вуліцаю Сьвярдлова да брамы Менскага дрожджавага заводу, дзе 26 кастрычніка 1941 году фашысты пакаралі падпольшчыкаў. Таму прысутныя абмежаваліся ўскладаньнем кветак і запальваньнем памінальных сьвечак. Але напачатку блізу двух дзясяткаў маладых людзей прайшлі сотню мэтраў да мейсцу расстрэлу тым жа шляхам, як некалі зрабілі актывісты Супраціву. Пры гэтым удзельнікі акцыі трымалі ў руках павялічаныя копіі фотаздымкаў ахвяраў фашыстаў і транспаранты: «Не — фашызму ў Беларусі» і «Няўжо мы загінулі марна — Кірыла Трус, Уладзімер Шчарбацэвіч і Маша Брускіна». Ушанаваньне памяці змагароў руху Супраціву, якое цягнулася з паўгадзіны, праходзіла пад гукі працы Менскага дрожджавага заводу. Якаў Гутман у сваёй прамове падкрэсьліў, што прыйшоў ушанаваць памяць загіблых як прыватная асоба, а ня ў якасьці прэзыдэнта Ўсясьветнага згуртаваньня габрэяў, бо гарадзкія ўлады не дазволілі акцыю: (Гутман: ) "Гэта невыпадкова, гэта адна з праяваў антысэмітызму. Яны забаранілі шэсьце, абыходзячы ўсе законы. Чаму? Што здарылася?.. Што мы хацелі? Мы хацелі яшчэ раз нагадаць, як кажуць, граду і сьвету аб гэтых людзях, якія загінулі. Мы хацелі паказаць моладзі, што ў іх такія продкі, якія зьдзейсьнілі такі подзьвіг. Больш нічога". Афіцыйныя асобы прайгнаравалі жалобную акцыю і такім чынам ускосна пацьвердзілі словы Якава Гутмана: (Гутман: ) "Нацысты забілі гэтых людзей фізычна. Сёньняшнія ўлады робяць усё, каб памяць аб іх загінула. Я ня ведаю, што больш прыкра – пагібель людзей або жаданьне ўладаў сьцерці памяць аб іх са сьвядомасьці грамадзтва". Удзельнікі жалобнай акцыі у размове з карэспандэнтам радыё Свабода не маглі пазьбегнуць гістарычных паралеляў. Іх палохае няздольнасьць грамадзтва талерантна ўсьведамляць сваё мінулае. Гэта, як і ігнараваньне фактаў уласнае гісторыі, урэшце рэшт можа прывесьці да ўсталяваньня атмасфэры нецярпімасьці. Сёньняшняя акцыя атрымалася нешматлюднаю. Але, як зазначыў адзін з прысутных, галоўнае ня колькасьць людзей, а іхная наяўнасьць.