Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 кастрычнiка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 21 кастрычніка)
Удзельнікі чарговага паседжаньня соймаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і партыі БНФ сёньня ўхвалілі крытэры падбору кандыдата ў прэзыдэнты ад аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі і прынялі зварот да беларускага народу і міжнароднай супольнасьці з нагоды вынікаў 1-га туру выбараў у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў».

На думку сябраў БНФ адзіны ад дэмакратычнай апазыцыі кандыдат у прэзыдэнты мусіць мець непахісную незалежніцкую пазыцыю, быць гатовым да рэформаў, дацэньваць ролю беларускай культурнай умовы, дасканала валодаць дзяржаўнай моваю. У шэрагу сфармуляваных крытэраў зьвяртаюць увагу такія характарыстыкі для будучага прэзыдэнта як прэзэнтабельны выгляд, камунікабельнасьць, прымальнасьць для сталіцы й рэгіёнаў, аўтарытэт сярод розных элітаў.

Гэтыя крытэры партыя БНФ прапанавала сваім хаўрусьнікам у палітычнай апазыцыі. Але рэакцыі зь іхнага боку пакуль няма. Сябра Сойму партыі БНФ кажа, што яшчэ ня складзены й сьпіс асобаў, якія адпавядалі б гэтым патрабаваньням.

(Саверчанка: ) "Аўтарытэтных, падрыхтаваных мэнэджараў, людзей здатных выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы, у нашай краіне дастаткова".

На сойме таксама падсумоўваліся вынікі тактыкі дзеяньняў БНФ цягам выбарчае кампаніі ў гэтак званую «Палату прадстаўнікоў». Старшыня БНФ Вінцук Вячорка перакананы, што кампанія «Байкот–2000» была плённаю.

(Вячорка: ) "Упершыню за некалькі год мы можам не хаваючы вачэй сьцьвердзіць – ёсьць палітычная перамога, самая натуральная перамога, самае натуральнае пераняцьцё палітычнай ініцыятывы ў рэжыма. Наш палмітычны разьлік аказаўся дакладным. Насуперак скавытанью афіцыёзнай прапаганды, насуперак расейскім і, на жаль, нямецкім інтрыгам, байкот лукашэнкаўскага выбарчага фарсу адбыўся. Гэта першы беларускі байкот, які ўдаўся ў ХХ стагодзьдзі".

Ва ўхваленым звароце да беларускага народу й міжнароднае супольнасьці Сойм БНФ "Адраджэньне" выказвае падзяку міжнароднай супольнасьці, урадам эўрапейскіх краінаў, ЗША й Канады, якія не прызналі выбары 15 кастрычніка свабоднымі й справядлівымі.

"15 кастрычніка 2000 году апошні дыктатар Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы зрабіў спробу ўзаконіць вынікі дзяржаўнага перавароту 1996 году праз выбары ў гэтак званую палату прадстаўнікоў, — гаворыцца ў звароце, — У выніку беларускі народ падтрымаў нас, масава не прыйшоўшы на псэўдавыбары, а прамаскоўскі рэжым пацярпеў сакрушальную паразу".

З таго, што выбарчая кампанія ў лукашэнкаву палату прадстаўнікоў працягваецца, сойм пацьвердзіў і працяг сваёй кампаніі «Байкот–2000»: актывісты Беларускага Народнага Фронту будуць, як і раней, зьбіраць подпісы пад патрабаваньнем да ўладаў выканаць 4 умовы АБСЭ. Магчыма, бліжэйшым часам, яны таксама паспрабуюць дамагчыся пакараньня праз суд сяброў выбарчых камісіяў, якія, як лічыць БНФ, сфальшавалі вынікі галасаваньня 15 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG