Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

(эфір 14 кастрычніка)
Два кандыдаты ў дэпутаты так званай "Палаты прадстаўнікоў" Гомельска-Сельмашаўскай выбарчай акругі №34 зьвярнуліся ў пракуратуру, акруговую камісію і Цэнтарвыбаркам із заявамі пра грубыя парушэньні іх сапернікам, дырэктарам канцэрну "Белрэсурсы" Юрыем Астапчанкам Выбарчага кодэксу.

Сёньня кандыдаты ў дэпутаты Ўладзімер Сякерка і Валянціна Савасьценка, што паведамлялі ў пракуратуру і Цэнтарвыбаркам пра парушэньне Юрыем Астапчанкам Выбарчага кодэксу, ладзілі прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў. Вось што, у прыватнасьці, заявіў на ёй кандыдат у дэпутаты ад ПКБ спадар Сякерка.

(Сякерка: ) "З боку кандыдата ў дэпутаты Астапчанкі Юрыя Леанідавіча і ягонай групы падтрымкі дапушчаны шэраг грубейшых парушэньняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, што карэнным чынам можа паўплываць на вынікі галасаваньня і дае падставу мне ўжо сёньня заявіць пра прызнаньне выбараў у 34 акрузе несапраўднымі – якімі б яны ні былі. У мяне было нават ўчора рашэньне зьняць сваю кандыдатуру на знак пратэсту. Але паколькі я вылучаны кандыдатам у дэпутаты ад партыі, дазволу на гэта мне не далі цэнтральныя ворганы ПКБ", – сказаў Уладзімер Сякерка.

У якасьці прыкладаў парушэньня парадку вядзеньня перадвыбарчай агітацыі кандыдат ад камуністаў назваў няплянавы выхад шматтыражнай газэты "Сельмашавец" накладам 20 тысячаў асобнікаў (у дзесяць разоў большы за звычайны) ў падтрымку Юрыя Астапчанкі.
Апроч таго, надрукаваныя ўлёткі без выходных зьвестак, у якіх за Астапчанку агітуюць ня толькі кіраўнікі прадпрыемстваў, але і сябры ўчастковых камісіяў, у прыватнасьці, дырэктар жыльлёва-рамонтнай управы аб'яднання "Гомсельмаш", яна ж старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №13, Клаўдзія Дзянісава. Засьведчыў сябе ў акрузе ў якасці агітатара і епіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх.

Нават згаданыя факты, паводле слоў спадара Сякеркі, ставяць у няроўныя ўмовы кандыдатаў у дэпутаты і даюць падставу прызнаць выбары несапраўднымі. Вынікі іх у 34-й акрузе кандыдат ад камуністаў зьбіраецца аспрэчваць у судзе.

Заўважу, што Юрый Астапчанка абіраўся дэпутатам ў згаданай акрузе на мінулых выбарах. Тыды ён быў дырэктарам гомельскага гандлёвага прадпрыемства "Аблгандальсаюз". У 1996 годзе пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму Астапчанка ўвайшоў у лукашэнкавую "Палату прадстаўнікоў" і неўзабаве атрымаў пасаду дырэктара канцэрну "Белрэсурсы". Цяпер ён скарыстоўвае на выбарах так званы адміністрацыйны рэсурс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG