Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 кастрычнiка 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Распачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Наш карэспандэнт наведаў участак для галасаваньня ў цэнтры Менску, у Купалаўскай выбарчай акрузе, і даведаўся, што іншагароднім студэнтам настойліва раяць галасаваць ужо цяпер.

Найбліжэйшы да прэзыдэнцкае рэзыдэнцыі выбарчы ўчастак месьціцца на вуліцы Карла Маркса, у будынку філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Як і паўсюль у Беларусі, сёньня тут распачалося датэрміновае галасаваньне. Усяго выбаршчыкаў у сьпісах менш за 2 тысячы, але гэты ўчастак ужо мае 500 бюлетэняў. Каб атрымаць бюлетэнь, дастаткова прад'явіць пашпарт — прычыну датэрміновага галасаваньня тлумачыць ня трэба.

На ўчастку разам зь дзьвюма прадстаўніцамі выбарчае камісіі ёсьць і міліцыянт, які назірае за парадкам. Цікава, што паміж выбаркамаўкамі ды міліцыянтам стаіць урна для бюлетэняў, але няма кабінкі для таемнага галасаваньня.

За дзьве гадзіны прагаласавалі 5 грамадзянаў — два студэнты ды сям'я пажылых людзей. Але за некалькі хвілінаў маёй прысутнасьці лік выбаршчыкаў-датэрміноўшчыкаў павялічыўся да 12, бо прыйшла групка студэнтак. Яны ўвайшлі ў пакой якраз тады, калі мне распавядалі, што супрацоўнік міліцыі кантралюе ўчастак ад учорашняга дня й кругласутачна.

Студэнткі зь інтэрнату вырашылі прагаласаваць датэрмінова, бо на выхадныя паедуць зь Менску дадому. Але адна са студэнтак нават на ўчастку заявіла:

(Студэнтка: ) "Мы ня ведаем нашых кандыдатаў, бо кампанія арганізаваная вельмі кепска".

Пасьля галасаваньня я ўзяў у адной са студэнтак — Тацяны Куцэнкі — невялікае інтэрвію.

(Карэспандэнт: ) «Вы за каго прагаласавалі?»

(Тацяна: ) «Я прагаласавала за Курса…»

(Карэспандэнт: ) «Лібэрал-дэмакрата?»

(Тацяна: ) «Так, бо я палічыла, што ён самы малады, ён больш за ўсіх можа бараніць інтарэсы моладзі».

(Карэспандэнт: ) «Вось заклікалі да байкоту. Вы ўсё ж прышлі прагаласаваць…»

(Тацяна: ) «Так, я лічу сябе грамадзянкай Рэспублікі Беларусь, і я павінна выконваць некаторыя патрабаваньні нашай рэспублікі. Лічу, што я павінна ўнесьці свой голас ва ўсеагульную плыню галасаваньня».

Гэта была Тацяна Куцэнка. Высьветлілася, што ейныя сяброўкі разам зь ёю таксама прагаласалі за лібэрал-дэмакрата Андрэя Курса, хоць напачатку зьбіраліся аддаць галасы за таксама маладога Ўладзімера Навасяда, які раней быў у Аб'яднанай Грамадзянскай партыі. Вось як патлумачылі перамену настрою Ірына ды Сьвятлана, якія не пажадалі назваць свае прозьвішчы…

(Ірына: ) «Проста на самой справе такая выбарчая кампанія, што мы мала ведаем пра сваіх прадстаўнікоў. Усё так ціха праходзіла…»

(Сьвятлана: ) «Всё настолько глухо…»

(Карэспандэнт: ) «Да байкоту як Вы ставіцеся?»

(Ірына: ) «Адносна нэўтральна. Можа мы і падтрымліваем унутрана, але ў нас няма свабоды слова – нас, студэнтаў, проста выключаць…»

Пасьля інтэрвію на ўчастку зьявіўся й назіральнік ад Свабоднага прафсаюзу Ўладзімер Гінтоўт, таксама студэнт. Вось што ён паведаміў:

(Гінтоўт: ) «У суботу я зарэгістраваўся на першым паседжаньні камісіі, арганізацыйным, праверыў гатоўнасьць участка, прысутнічаў сёньня пры апячатваньні. Ёсьць у мяне яшчэ такія абавязкі, як хадзіць ва ўнівэрсытэт, таму вось я прыйшоў троху папрацаваць», — сказаў спадар Гінтоўт.

Ён склаў адмысловы пратакол пра назіраньне за галасаваньнем ды пайшоў вучыцца далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG