Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Вярхоўным судзе Беларусі пачалося разьбіральніцтва паводле пазову Асацыяцыі маладых палітыкаў да Міністэрства юстыцыі. Сябры асацыяцыі дамагаюцца праз суд адмены рашэньня міністэртсва, якое адмаўляе ў перарэгістрацыі гэтай грамадзкай арганізацыі.

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовілася рэгістраваць Асацыяцыю маладых палітыкаў яшчэ ў траўні. На думку чыноўнікаў міністэрства, маладыя палітыкі парушылі шэраг беларускіх законаў. Напрыклад, у статуце арганізацыі ёсьць палажэньне пра ўзаемадзеяньне зь дзяржаўнымі ворганамі ў справе распрацоўкі новых законапраектаў. Гэта чыноўнікі трактуюць як умяшаньне ў дзеяньні дзяржаўнае ўлады.

Міністэрству юстыцыі таксама не падабаецца, што ў склад гэтай арганізацыі ўваходзяць непаўнагадовыя асобы, і тое, што быццам бы некаторыя заснавальнікі асацыяцыі ня бралі ўдзелу ва ўстаноўчай канфэрэнцыі.

Асацыяцыя маладых палітыкаў, якая дзейнічала ў Беларусі легальна зь 92-га году, не пагадзілася з такімі аргумэнтамі Міністэрства юстыцыі ды падала на яго ў суд. Паседжаньне ў гэтай справе вядзе судзьдзя Вярхоўнага суду спадарыня Сакалоўская.

Сёньня кожны з бакоў выказваў свае аргумэнты ў гэтай праблеме. Прэзыдэнт Асацыяцыі Аляксандар Цынкевіч, ягоныя калегі Яўген Лабановіч, Уладзімер Радзівончык і Ўладзімер Лабковіч і грамадзкія абаронцы даводзілі, што дзейнае заканадаўства імі не парушалася, бо ўзаемадзеяньне зь дзяржаўнымі ворганамі не забароненае законам, як не забаронены ўдзел у грамадзкіх арганізацыях асобаў, якім ужо 16 гадоў.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон часам паводзіў сябе некарэктна (напрыклад, не хацеў адказваць на некаторыя пытаньні маладых палітыкаў), за што судзьдзя Сакалоўская рабіла яму заўвагі.

Дарэчы за апошнія некалькі дзён Міністэрства юстыцыі папярэдзіла шэраг грамадзкіх арганізацыяў і адную палітычную партыю. Разам з АГП за самыя дробныя парушэньні былі папярэджаныя Грамадзянскі Форум, Усебеларускі клюб выбаршчыкаў і ТБМ. Яшчэ адное такое ж папярэджаньне можа азначаць ліквідацыю партыі ці грамадзкай арганізацыі.

На думку Аляксандра Цынкевіча, чыноўнікі выконваюць палітычны заказ уладаў. Вось ягонае меркаваньне:

(Цынкевіч: ) "У бліжэйшыя два гады ў краіне будуць разгортвацца выбарчыя кампаніі, у парлямэнт і прэзыдэнцкая, і таму, я лічу, будзе ісьці зачыстка як сярод палітычных партыяў, так і сярод грамадзкіх арганізацыяў, якія проста ці ўскосна будуць браць удзел у гэтых выбарчых кампаніях".

Лічыць спадар Цынкевіч.

Пра вынікі судовага паседжаньня стане вядома пазьней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG