Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў сёньня правяла пазачарговае паседжаньне.

Падставаю да пазачарговага паседжаньня стаў адказ старшыні Нацыянальнае дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі Рыгора Кісяля на зварот да яго Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Спадар Кісель даручыў вядучаму суботняе аналітычнае праграмы "Панарама" Юрыю Казіятку падрыхтаваць сюжэт, у якім бы ўдзельнічалі прадстаўнікі апазыцыі.

Варта нагадаць, што на папярэднім паседжаньні Кансультацыйнае рады 31 траўня ейныя сябры вельмі абураліся тым, што Беларуская тэлевізія ў сваіх матэрыялах пра гэтак званы "шырокі дыялёг грамадзка-палітычных сілаў" з удзелам Аляксандра Лукашэнкі моцна сказіла погляды апазыцыі. У той дзень і быў прыняты зварот да Рыгора Кісяля з патрабаваньнем тэлеэфіру.

Сёньня сябры Кансультацыйнае рады зноўку нагадалі пра тое, што трэба даць грунтоўны адказ на хлусьлівыя паведамленьні й высновы, якія тады прагучалі. У тэлерэпартажах, напрыклад, сьцьвярджалася, што ў Кансультацыйную раду ўваходзяць 9 партыяў, якія нікога не прадстаўляюць, або – што ў Радзе сабраліся радыкалы і экстрэмісты, зь якімі за адзін стол Аляксандар Лукашэнка сесьці ня можа.

Кансультацыйная рада пасьля непрацяглага абмеркаваньня прыняла рашэньне – даручыць сябру Рады ад Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Аляксею Каралю і экспэрту ў пытаньнях мас-мэдыяў Юрыю Тапарашаву правесьці неабходныя кансультацыі з кіраўніцтвам Белдзяржтэлерадыёкампаніі наконт умоваў, пры якіх лідэры апазыцыі пагодзяцца выступіць на тэлевізіі.

Галоўнае патрабаваньне апазыцыі – наўпроставы эфір. У выпадку, калі бакі знойдуць паразуменьне, канчатковае рашэньне, хто прадставіць апазыцыю ў тэлепраграме, будзе прынятае на чарговым паседжаньні Кансультацыйнае рады. Яно павінна адбыцца 9 чэрвеня.

За гэта прагаласавалі прадстаўнікі ўсіх партыяў, акрамя лібэрал-дэмакратаў. Іхны лідэр Сяргей Гайдукевіч устрымаўся й заявіў, што лібэрал-дэмакраты пасьля таго, як іх абразілі на Беларускай тэлевізіі, туды больш ніколі ня пойдуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG