Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 траўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Ужо два месяцы ў вайсковым судзе разглядаюцца зыскавыя заявы былога палкоўніка, а цяпер шэрагоўца Ўладзімера Мялюшкі да міністра абароны Аляксандра Чумакова. Разжалаваны міністрам Уладзімер Мялюшка дамагаецца аднаўленьня на службе і ў вайсковым званьні.

Увесь гэты час былы старшыня міжведамаснае камісіі ў справе мэдычнага асьведчаньня кіраўніцкіх кадраў, сапраўды, знаходзіцца на становішчы шэрагоўца. Застаўшыся бяз працы, ён не атрымлівае ані заробку, ані пэнсіі.

Якое рашэньне прыме суд, меркаваць цяжка: усё можа залежаць ня толькі ад пазыцыі судзьдзяў, але й ад шматлікіх вонкавых фактараў. Відавочна, што міністар абароны аніяк не жадае застацца ў ролі вінаватага.

Паводле асабістага загаду генэрал-палкоўніка Чумакова, суд цалкам закрыты. На паседжаньні не дапускаюцца ня толькі журналісты, але й грамадзкія абаронцы. Матывацыя наступная: зьвесткі, якія гучаць у зале, могуць мець канфідэнцыйны характар.

Сам Чумакоў на паседжаньні ня ходзіць: ягоныя інтарэсы абараняюць два прадстаўнікі ад Міністэрства абароны.

У няміласьць да міністра абароны палкоўнік Мялюшка трапіў пасьля таго, як даклаў Аляксандру Лукашэнку пра вынікі мэдычнага абсьледваньня супрацоўнікаў сілавых ворганаў. Паводле праверкі вынікала, што дыягназ, пастаўлены Аляксандру Чумакову, цалкам несумяшчальны зь ягонаю далейшаю службаю ў арміі. Тым больш, на пасадзе міністра абароны. У сваю чаргу, міністар расцаніў гэта як наўмысную спробу звольніць яго з высокай пасады.

Калі тры наступныя мэдычныя праверкі пацьвердзілі несуцяшальны для Чумакова дыягназ, міністар пачаў дзейнічаць. Дамогшыся аудыенцыі ў Лукашэнкі, пераканаў яго ў неабходнасьці альтэрнатыўнага абсьледваньня пад зачэпкаю нібыта прадузятых адносінаў з боку камісіі Мялюшкі.

Атрымаўшы згоду, Чумакоў найперш расправіўся са сваімі крыўднікамі. Тры першыя асобы мэдычнае камісіі былі звольненыя з працы, а Мялюшка, як, так бы мовіць, "ініцыятар" змовы, яшчэ й пазбаўлены вайсковага званьня. Да пэнсіі Мялюшку заставалася служыць усяго тры месяцы. 24 сакавіка адпаведны загад набыў сілу.

Сам Уладзімер Мялюшка лічыць, што падобны крок – гэта выключна помста. Пазбаўленьне званьня можа адбыцца толькі праз суд паводле хадайніцтва суду афіцэрскага гонару. Зьняць жа з пасады мог толькі Лукашэнка, які ў студзені 99-га году прызначыў палкоўніка мэдычнае службы старшынём камісіі ў справе асьведчаньня кіраўніцкіх кадраў. Але галоўнакамандуючы аніяк не адрэагаваў на самадзейнасьць свайго міністра.

Зараз, паводле Мялюшкі, у судзе адбываецца вывучэньне палітычнага клімату. Іншымі словамі, вырашаецца, як судзіць: паводле закону ці ў адпаведнасьці з палітычнай каньюнктураю. У тым, што на сьведкаў аказваецца ціск, Мялюшка не сумняецца. Прынамсі, сьведкі пад рознымі зачэпкамі адмаўляюцца прыходзіць у суд, каб хоць неяк адцягнуць час. Маючы перад вачыма прыклад жорсткае расправы, яны не сьпяшаюцца разьвітацца з працаю.

Наступнае, ужо сёмае судовае паседжаньне, з-за хваробы пракурора перанесенае на 6 чэрвеня. Мялюшка мяркуе, што цяпер, калі судзьдзям даводзіцца канчаткова вызначыцца зь лініяй паводзінаў, перапынкі паміж паседжаньнямі будуць усё даўжэйшымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG