Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сакавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адзін міліцыянт забіты і тры параненыя – такі вынік страляніны, якую ўчыніў афіцэр спэцпадразьдзяленьня "Алмаз" на дыскатэцы падчас сьвяткаваньня дня беларускай міліцыі.

Толькі сёньня ўлады афіцыйна пацьвердзілі факт трагедыі, што адбылася у канцэртным цэнтры "Мінск" у ноч з трэцяга на чацьвертае сакавіка. Прафэсійнае сьвята беларускае міліцыі было азмрочана дзікунскім злачынствам з ахвярамі. Загінуў сяржант міліцыі, амонавец Гляд, а трое ягоных калегаў былі параненыя. Са штатнага пісталета па іх страляў калега – супрацоўнік спэспадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам міністэрства ўнутраных справаў, старэйшы лейтэнант Ліфанаў.

На дыскатэку "Пяючыя фантаны" ў будынку канцэртнага цэнтру "Мінск" Ліфанаў прыйшоў нападпітку. Міліцэйскае начальства гэта ўжо прызнае. Далей, паводле прэсавай службы МУС, Ліфанаў з кімсьці пасварыўся. Узьнікла бойка, якую паспрабавалі спыніць маладыя людзі, што знаходзіліся побач. Таксама, дарэчы, міліцыянты ў цывільным. Але на алмазаўца заклікі калегаў не падзейнічалі, ён дастаў штатны пісталет Макарава і пачаў страляць. У выніку старшына міліцыі Гляд загінуў на месцы, амонаўцы Суханькоў, Маціюнас і Чухліб былі параненыя. Цяпер яны знаходзяцца у міліцэйскім шпіталі. Паводле дадзеных зь міліцыі, іх стан задавальняючы.

У гарадзкой пракуратуры па гэтым факце ўзбуджаная крымінальная справа, кажуць у міліцыі. Таксама паведамляецца, што загадам міністра ўнутраных справаў Сівакова вызваленыя ад пасадаў, цытую прэсавы рэліз, "кіраўнікі, якія непасрэдна адказваюць за арганізацыйную работу у спэпадразьдзяленьнях і неабходную маральна-псыхалягічную абстаноўку". Хто дакладна застаўся без пасады не паведамляецца. Мае спробы высьвятліць гэта непасрэдна ў спэцпадразьдзяленьні "Алмаз" аказаліся марнымі. На ўсе пытаньні дзяжурны алмазавец адказваў у рэжыме аўтаадказьніка.

"…Нічога ня ведаю, гэта трэба вам асабіста размаўляць з нашым начальнікам," – казаў дзяжурны пра свайго камандзіра Міхаіла Бурукова, аднак, дзе ён знаходзіцца, не паведаляў. Нічога не распавёў дзяжурны і пра свайго калегу Фёдара Ліфанава, які учыніў жудасную бойку на начной дыскатэцы, а таксама пра асаблівасьці службы у гэтым падраздзяленьні.

Давялося зьвярнуцца да неафіцыйных крыніцаў і вось што удалося высьветліць. Спэцпадразьдяленьне "Алмаз" было створанае ў сярэдзіне 90-х гадоў для барацьбы з тэрарызмам. Спачатку яно мела назоў "Беркут", але хутка было перайменавана. З апошніх вядомых грамадзкасьці апэрацыяў, у якіх удзельнічалі алмазаўцы, узгадваецца хіба што арышт экс-прам'ера Міхаіла Чыгіра ў красавіку мінулага году. Пра колькасьць алмазаўцаў зьвестак няма, але пэўна, што гэтае элітнае фармаваньне міліцыі ня можа быць занадта вялікім. Кажуць пра адну-дзьве сотні чалавек. Паводле крыніцаў, у "Алмаз" набіраюць людзей, зыходзячы ня толькі з крытэрыяў фізічнай падрыхтоўкі, але й развіцця інтэлекту. Маўляў, алмазаўцы адрозьніваюцца ад амонаўцаў у лепшы бок, але вось гэтая трагедыя дэманструе адваротнае. Чаму у Ліханава была зброя? Адказ на гэтае пытаньне просты – алмазаўцам дадзены дазвол на нашэньне зброі ня толькі на службе.

Якая ж склалася маральная абстаноўка у спэцпадразьдяленьні "Алмаз", калі яго супрацоўнікі лёгка выкарыстоўваюць зброю супраць мірных людзей? Ці ня сьведчыць гэта пра хібы ў маральнай падрыхтоўцы? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка службы ўнутранай бясьпекі міліцыі Леаніда Клюева. Ягоны адказ быў звычайным: "…Калі б было усё добра, такога факту, пэўна, не было б," – пагадзіўся Леанід Клюеў і паабяцаў, што інцыдэнт будзе расьсьледаваны, і будуць прынятыя неабходныя захады, цытую, "для выпраўленьня хібаў".

Дарэчы, спэцыялісты не згадваюць у бліжэйшыя мінулыя гады падобнага здарэньня. Толькі у 1992 годзе быў зафіксаваны факт безпадстаўнага выкарыстаньня зброі міліцыянтам супраць грамадзянаў. Але тады чалавек быў лёгка паранены. Цяпер свавольствы людзей са штатнай зброяй давялі і да смерці ахвяры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG