Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня на працэсе ў справе Міхала Чыгіра зноў абвешчаны перапынак. Такое рашэньне судзьдзя прыняў у сувязі з хваробаю адвакаткі экс-прэм'ера Юліі Чыгір. Перапынак будзе выкарыстаны дзеля дадатковага азнаямленьня з матэрыяламі справы як абаронцамі, гэтак і пракурорам.

Гэта ўжо другі перапынак з пачатку працэсу над экс-прэм'ерам Міхалам Чыгіром. Захварэла жонка Чыгіра, Юлія, якая зьяўляецца ягонай асноўнай адвакаткаю, а без яе суд палічыў немагчымым працягваць працэс.

Перапынак абвешчаны на нявызначаны час. Судзьдзя Васілевіч удакладніў у Чыгіра нумар паліклінікі, да якой прыпісаная Юлія – няйначай, будзе спраўджваць, ці не сымулюе адвакатка хваробу.

Тым часам абаронцы прапанавалі выкарыстаць паўзу ў працэсе дзеля дадатковага азнаямленьня са справаю. У ёй 18 тамоў, у кожным – больш за трыста старонак. Каб падрабязна вывучыць іх, мала тыдня, што быў дадаткова адведзены. Гэтак сьцьвярджалі абаронцы. Судовая калегія пагадзілася.

Задаволілі й хадайніцтва пракурора Жынгеля, які прапанаваў зьвярнуцца ў Аграпрамысловы банк з запытам пра дакладны склад валютна-крэдытнае камісіі банку ў той час, калі ім кіраваў Міхал Чыгір.

Абвінавачваны, меркаваньнем якога судзьдзя пацікавіўся, быў ня супраць гэтага, хоць і выказаў зьдзіўленьне: навошта пракурор падтрымліваў абвінавачваньне, калі яму невядомыя абставіны, якія падрабязна адлюстраваныя ў справе?

Я зьвярнуўся з пытаньнямі пра сабраныя сьледчымі доказы да грамадзкага абаронцы Чыгіра, прадстаўніка праваабарончага Цэнтру "Вясна" Барыса Гюнтара. Ён адказаў:

(Гюнтар: ) "Я зразумеў, што справа дутая. І калі суд будзе сыходзіць з прэзумпцыі невінаватасьці, то ён павінен спыніць справу і прызнаць Чыгіра невінаватым".

(Карэспандэнт: ) "Ужо ў самым пачатку, без разгляду?"

(Гюнтар: ) "У прынцыпе, я лічу так. Калі судзьдзя знаёміўся з матэрыяламі справы, ён павінен быў адразу адмовіцца ад яе. Але ён, канешне, будзе яе праводзіць. У канцы, у любым выпадку, павінна быць рашэньне адно – Чыгір невінаваты, і справа павінна быць вырашаная".

(Карэспандэнт: ) "Якія там факты вас асабліва ўразілі?"

(Гюнтар: ) "Там усё надумана. А калі ўзяць пытаньне будаўніцтва будынка Аграпрамбанку, дык там – пачатак так, будаўніцтва распачатае Чыгіром. Але працягвалі іншыя кіраўнікі банку. Чаму яны спыніліся? Чаму яны страцілі гэты мільён даляраў?"

І яшчэ два йстотныя моманты сёньняшняга паседжаньня. Ланцуг міліцыянтаў зноў перакрыў уваход у суд яшчэ за гадзіну да працэсу, і ў залю трапілі лічаныя людзі – некалькі журналістаў, сваякі абвінавачванага, некалькі дыпляматаў. Але бальшыня тых, хто хацеў назіраць за працэсам, засталася на вуліцы – маўляў, няма месцаў. Між тым, не менш як палову крэслаў у залі займалі супрацоўнікі сілавых структураў, апранутыя ў цывільнае.

Кароткія валасы, скураныя курткі ды сваесаблівыя паводзіны гэтых людзей пад час працэсу падказваюць, што ў судзе яны выключна па справах службы – займаюць месцы, каб менш было сапраўдных прыхільнікаў Чыгіра. Экс-прэм'ер сёньня зноў патрабаваў ад суду забясьпечыць месцамі ўсіх жадаючых, нават заклікаў гэтых хлопцаў у скураных куртках падняцца, каб селі больш сталыя людзі, але тыя да просьбы не прыслухаліся.

І другі йстотны момант. Мы паведамлялі, што ад пачатку працэсу на ім прысутнічаюць прадстаўнікі місіі АБСЭ, амбасадаў Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, іншых заходніх краінаў, у тым ліку супрацоўнікі амбасады ЗША.

А сёньня на суд прыйшоў кіраўнік амбасады ЗША ў Беларусі, амбасадар Дэніэл Спэкгард. Міхал Чыгір з гэтае нагоды адзначыў, што цікавасьць да ягонае справы ня зьменшылася, і заявіў пра сваю ўдзячнасьць урадам дэмакратычных краінаў за падтрымку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG