Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Нягледзячы на сьвяточны дзень, сёньня гэбрайская абшчына Беларусі распачала падрыхтоўку судовага зыску да менскага выдавецтва "Праваслаўная ініцыятыва". Бо менавіта да Калядных сьвятаў і візыту Лукашэнкі ў Ізраіль у краме праваслаўнае літаратуры зьявілася кніга "Вайна па законах подласьці", у якой сьцьвярджаецца, што ХХ стагодзьдзе – гэта стагодзьдзе барацьбы сусьветнага гэбрайства з хрысьціянствам (і ў асаблівасьці – з праваслаўем).

Кнігу "Вайна па законах подласьці" выдала закрытае акцыянэрнае таварыства "Праваслаўная ініцыятыва". Складальнікі кнігі Андрэй Багамолаў, Міхал Пархімовіч і Пётр Сакалоў сабралі ўсе найбольш адыёзныя антысэміцкія артыкулы, якія зьяўляліся ў беларускім і расейскім друку ў 90-я гады, а таксама ў газэтах дарэвалюцыйнае Расеі.

"У Беларусі цяпер ёсьць два шляхі выбару, – пішуць аўтары ў прадмове, – або ў кабалу да Захаду, або да жыдамасонаў, якія акупавалі Расею. І ёсьць трэці шлях – застаючыся выспачкаю свабоды, стаць цэнтрам зьбіраньня славянскіх народаў для адпору сілам зла". Багамолаў і ягоныя сааўтары заклікаюць чытачоў дапамагаць Лукашэнку, якога яны называюць "абаронцам усіх славянаў".

"Змова супраць Хаўрусу Беларусі й Расеі", "Хто й чым пагражае Беларусі", "Паляваньне на прэзыдэнта"… – усе гэтыя ды іншыя зламысныя пляны прыпісваюцца гэбраям. На іх сьпісваецца нават катастрофа на Чарнобыльскай АЭС.

Да ліку ворагаў славянаў аднесены ня толькі самі гэбраі, але й тыя, хто заклікае да барацьбы з антысэмітызмам, да ўзаемапаразуменьня паміж народамі. Нават Папа Ян Павел ІІ, які ад імя Каталіцкае царквы папрасіў прабачэньня ў гэбрайскага народа за былы перасьлед…

Фатаграфія Папы, надрукваная ў кнізе, больш нагадвае карыкатуру, а пад ёй такі подпіс: "Папа Павел ІІ дэманструе рытуальны масонскі знак, лік зьвера – 666".

Наконт таго, якую рэакцыю выкліча гэтая кніга, яе складальнікі й выдаўцы не сумняюцца. Ужо на вокладцы можна ўбачыць рэзюмэ, у якім аўтары дапускаюць, што пасьля прачытаньня гэтае кнігі ў некаторых можа зьявіцца жаданьне "біць жыдоў, ратаваць Расею".

Можа паўстаць пытаньне: а ці варта зьвяртаць увагу на нейкае бруднае выданьне, хіба мала падобнай літаратуры й раней прадавалася ў Менску?

Варта, таму што фашызм у Нямеччыне пачынаўся якраз з выданьня й распаўсюджваньня антысэміцкіх кніг. Што тычыцца Беларусі, то калі раней тут распаўсюджвалі выключна прывазную антысэміцкую літаратуру, дык цяпер пачалі друкаваць і сваю.

Як заявіў у інтэрвію "Радыё Свабода" кіраўнік гэбрайскай абшчыны Беларусі Леанід Левін, падобныя антысэміцкія кнігі не выдаваліся нават у час СССР. Тым больш пад эгідаю Праваслаўнае царквы. Таму абшчына скіравала ліст да мітрапаліта Філарэта з просьбаю патлумачыць яе выхад у сьвет. Адпраўленыя таксама лісты ў адміністрацыю Лукашэнкі і ў МЗС. Сёньня ж юрыст абшчыны распачаў падрыхтоўку зыску ў суд да выдавецтва, якое распальвае нацыянальную варожасьць.

Акрамя таго, кніга будзе прадстаўленая ўвазе дэлегатаў Эўрапейскага гэбрайскага кангрэсу, які пройдзе 9-10 студзеня ў Бруселі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG