Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

За посным сталом з каляднай куцьцёй пачнуць сёньня ўвечары сьвяткаваць 2000-годзьдзе Хрыстовага Нараджэньня мільёны праваслаўных грамадзянаў Беларусі. Калядныя ўрачыстасьці ў краіне будуць працягвацца таксама 7, 8, і 9 студзеня. З праграмаю сьвяткаваньня Божага Нараджэньня ў цэнтрах праваслаўнае Царквы ў Беларусі вас пазнаёміць Альгерд Невяроўскі.

Калядныя службы ў цэнтральных храмах Менску, а таксама ў цэнтрах васьмі іншых праваслаўных эпархіяў Беларусі, сёньня, у пярэдадзень Сьвята (ці, як гавораць вернікі, у Сачэльнік) пачнуцца а 18-й гадзіне ўвечары. Пра гэта нашаму радыё паведамілі ў прэсавай службе Менскай эпархіяльнай ўправы.

Паводле старой праваслаўнай традыцыі, пасьля поснай Куцьці вернікі ідуць у царкву, дзе пачынаецца калядная ўсяночная служба. Гэтае набажэнства вельмі працяглае (яно доўжыцца каля чатырох гадзінаў), і дзеля зручнасьці вернікаў, якім цяжка дабірацца ўначы дадому, царкоўнае кіраўніцтва вырашыла ўсяночную ў вялікіх гарадах пачаць а 18-й гадзіне. А для тых вернікаў, якія вырашылі заставацца ў царкве ўсю калядную ноч, будуць адслужаныя сьвяточныя Літургіі, што скончацца толькі пад раніцу.

Так, у Менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы калядныя набажэнствы 7 студзеня навогул будуць ісьці няспынна – пачнуцца яны а 2-й гадзіне ўначы, а таксама а 6-й і а 10-й гадзінах раніцаю. Падобны расклад набажэнстваў і ў менскай царкве Пятра й Паўла на Нямізе.

У сталічным храме Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках пачатак усяночной а 6-й гадзіне ўвечары сёньня, а ўрачыстыя Боскія літургіі 7 студзеня там адбудуцца а 7-й раніцы і а 18-й увечары.

У царкве сьвятой Марыі Магдалены на Старажоўцы калядныя набажэнствы будуць ісьці няспынна з паўночы да першай гадзіны дня 7 студзеня, а потым яшчэ і а 16-й увечары.

У Сьвята-Пакроўскай царкве менскага раёну Дразды-Вясьнянка набажэнства будзе працягвацца з 23-й па 6-ю гадзіну раніцы, а ў Спаса-Прэабражэнскім храме на Паўднёвым-Захадзе толькі з 23-й па 2-ю гадзіну.

Усяночная і сьвяточныя Літургіі ў саборы "Абраза Божай Маці Ўсіх смуткуючых радасьці" па вуліцы Прытыцкага пачнуцца адпаведна ў нуль гадзінаў, а 10-й раніцы ды а 18-й увечары.

У царкве Ўсясьвяцкага прыходу, што у менскім мікрараёне Ўсход, набажэнствы адбудуцца заўтра а 7-й раніцы і а 17-й увечары.

Таксама ў гэтым годзе зьменены парадак трансьляцыі царкоўных калядных урачыстасьцяў па тэлевізіі. Паколькі мітрапаліт Філарэт цяпер разам з Аляксандрам Лукашэнкам знаходзіцца ў Сьвятой Зямлі, БТ будзе трансьляваць набажэнства ня зь менскага, а з гомельскага катэдральнага сабору, якое адправіць мясцовы епіскап Арыстарх.

Акрамя афіцыйных і царкоўных мерапрыемстваў, ва ўсіх 1030 праваслаўных прыходах Беларусі адбудуцца калядныя елкі ды канцэрты для дзяцей, а ўправа культуры Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту ладзіць заўтра сьвяточныя мерапрыемствы для дзяцей а 12-й гадзіне ў парку Горкага, ля ўнівэрсаму "Серабранка" і на Камсамольскім возеры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG