Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Для Менскае вобласьці 1999 год стаўся годам усплёску палітычнай і грамадзкай актыўнасьці дэмакратычных сілаў, скіраванай у першую чаргу супраць паглынаньня Беларусі Расеяй, а таксама – супраць наступу дыктатуры на сацыяльныя правы працоўных.
Прапануем агляд самых значных сёлетніх падзеяў, што адбыліся на Меншчыне.

Паводле меркаваньня незалежных аналітыкаў, Меншчына па ўзроўню палітычнай актыўнасьці дэмакратычных сілаў ідзе адразу ж пасьля самае сталіцы. У сваю чаргу назіральнікі ў гэтай сувязі вылучаюць поўдзень і ўсход вобласьці. Такое, напрыклад, меркаваньне выказвае галоўны рэдактар буйной беларускамоўнае Рэгіянальнае газэты, якая выходзіць у Маладэчне, Аляксандар Манцэвіч: "Маладэчна вылучаецца ў горшы бок ад Барысава, Слуцку, Салігорску – ад усходніх гарадоў. Хаця Маладэчна па сёньняшні дзень, я лічу, застаецца адным з культурных рэгіянальных цэнтраў".

І, насамрэч, самая першая сёлетняя буйная палітычная акцыя, якую ў студзені правёў Беларускі Народны Фронт – агульнарэспубліканскае пікетаваньне супраць хаўрусу Беларусі з Расеяй, на Меншчыне пераважна адбывалася ва ўсходніх рэгіёнах: Салігорску, Барысаве, Жодзіне, Лагойску. На захадзе ж вобласьці – толькі ў Нясьвіжы.

Між іншым, пікетаваньні тады былі пераважна несанкцыянаваныя, таму міліцыя шмат каго з апазыцыянэраў затрымала й заарыштавала. Як такое здарылася ў Барысаве на Цэнтральным пляцу гораду.

Вось як намесьнік начальніка Барысаўскага ГАУС падпалкоўнік Падабед 23 студзеня заарыштоўваў лідэра мяйсцовае філіі БСДП "Народная Грамада" Аляксандра Абрамовіча, які разам са сваімі актывістамі па-хаўрусьніцку падтрымаў народнафронтаўскую акцыю.

(Падабед: ) "Вы нарушаете адміністратівное законодательство, которое запрешчает проведеніе несанкціонірованных мітінгов".

(Абрамовіч: ) "Мы лічым, што парушае гарвыканкам – Канстытуцыю і Закон РБ (…) Мы згодныя перайсьці на пляц перад ГДК, калі вы дазволіце".

(Падабед: ) "Я згодзен з тым, што дазволу я ня бачу. (Размаўляю на беларускай мове, я яе таксама ведаю, я сам – беларус)…"

(Абрамовіч: ) "Мы вырашылі стаяць гадзіну ў такіх спрэчных умовах".

Пасьля вось такога дыялёгу нарад міліцыянтаў запіхнуў спадара Абрамовіча ў "варанок". Затым тамтэйшы суд асудзіў сацыял-дэмакрата на 10 сутак адміністратыўнага арышту з "адсідкаю" ў міліцэйскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Дарэчы, як мне сказаў потым лідэр філіі БНФ Анатоль Аскерка, дэмакратычны Барысаў узяў чынны ўдзел у вясновых прэзыдэнцкіх выбарах толькі таму, што абодва кандыдаты, Зянон Пазьняк і Міхал Чыгір, у сваіх праграмах высунулі ідэю непарушнасьці незалежнасьці ды суверэнітэту Беларусі.

Ня гледзячы на міліцэйскія ператрусы штаб-кватэраў гэтых палітычных арганізацый, на заарыштаваньні ды несправядлівыя суды, сябры БНФ і БСДП "Народная Грамада" ў Барысаве цягам сёлетняе вясны – восені правялі каля дзесяці недазволеных палітычных акцыяў пад лёзунгамі: "Не – хаўрусу Беларусі з Расеяй!", "Не здадзім Беларусь імпэрскай Расеі!", "Расея – гэта голад, холад і вайна!".

Цікава, што ў ходзе палітычнае барацьбы сябры сацыял-дэмакратычнае партарганізацыі зьініцыявалі арыгінальны чын – грамадзянскага непадпарадкаваньня інстытутам улады, як нелігітымным, пасьля 20 ліпеня. Бо пасьля гэтае даты законны тэрмін ачаленьня дзяржавы ў Аляксандра Лукашэнкі скончыўся.

На практыцы гэта азначала наступнае: сацыял-дэмакраты зь ліку жыхароў Барысава позваў у сілавыя структуры не прызнавалі, зьяўляліся туды выключна пад канвоем, а паказаньняў у судох, пракуратурах, КГБ ды міліцыі не давалі.

У незалежным друку, у вольным эфіры загучэлі новыя палітычныя імёны барцьбітоў за незалежнасьць Беларусі – барысаўцаў Зьміцера Абрамовіча, Анатоля Аскеркі, Сяржука Салаша, Надзеі Грачухі, Алесі Ясюк.

У вадрозьненьне ад Барысава, Салігорск сёлета зрабіўся эпіцэнтрам змаганьня Беларускага Незалежнага прафэсійнага зьвязу за працоўныя правы наёмных работнікаў. У першую чаргу – гарнякоў, якіх тут налічваецца больш 20 тысячаў. Менавіта "калійшчыкі" дружна выступілі супраць дэкрэту № 29 Аляксандра Лукашэнкі аб узмацненьні працоўнае ды выканальніцкае дысцыпліны, які з дапамогаю ўвядзеньня ў працоўныя стасункі кантрактавае сыстэмы ўсталёўваў сыстэму фактычнага бяспраўя наёмных работнікаў перад адміністратарамі.

8 і 10 верасьня тут адбыліся шматтысячныя шахторскія мітынгі пратэсту супраць лукашэнкавае норматворчасьці. Вось як пра яе тады выказаўся лідэр Незалежнага прафэсійнага зьвязу гарнякоў БНП на аб'яднаньні "Беларуськалій" Мікола Новік: "Яна так хутка разьвіваецца, што адзін закон супярэчыць другому. Мы бачым, што знаходзімся ў праўным бязьмежжы. Няма аніякага апірышча такой грамадзкай арганізацыі як прафэсійны зьвяз".

У Салігорску дэкрэт № 29 перамаглі "калійшчыкі". Незалежны прафэсійны зьвяз гарнякоў у ходзе перамоваў з адміністрацыяй за кастрычнік–лістапад дамогся ўключэньня ў калектыўнае пагадненьне на 2000 год пункту, дзе зазначалася, што дырэкцыя можа заключаць кантракт з наёмным работнікам выключна зь ягонае згоды. Што на прадпрыемстве дзеіць у абсалютнай непарушальнасьці Закон аб прафэсійных зьвязах.

Дарэчы, пад час папярэдняга абмеркаваньня праекту гэтак званае "хаўруснае дамовы" яе заключэньне ўхвалілі толькі 3 адсоткі працоўных "Беларуськалія". Астатнія прагаласавалі супраць гэтага дакумэнту – як эканамічна нявыгаднага для краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG