Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Агляд заўтрашняга нумару газэты "Рабочы".

У артыкуле Ўладзімера Мацкевіча пад назваю "Міна запаволенага дзеяньня" йдзе размова пра нядаўна падпісаную расейска-беларускую хаўрусную дамову. Аналізуючы памкненьні Лукашэнкі, аўтар піша:

"Калі канфлікты паміж фэдэральным цэнтрам і суб'ектамі фэдэрацыі выйдуць з-пад кантролю і пачнецца новы смутны час, то па ўсёй Расеі пачуецца кліч – "Сашку на царства!". Лукашэнка стане для расейцаў Мініным, Пажарскім, Гадуновым і Раманавым у вадной асобе. І гэта будзе чарговая ілюзія. Іх чакае проста новы Грышка Атрэп'еў, ён жа Ілжэдзьмітры. Тыя ў Расеі, хто выступае супраць дамовы, баяцца такога разьвіцця падзеяў. І слушна робяць".

Журналістка Ірына Дубовік апісвае адзін з рэальных вынікаў беларуска-расейскай інтэграцыі. Рабочыя Менскага заводу будаўнічых матэрыялаў гатовыя страйкаваць, бо іхны заробак мала таго што нясвоечасова выдаецца, дык яшчэ й зьніжаецца.

Прычына ў тым, што менскую цэглу няма каму купляць. Раней прадавалі яе ў Расею, але цяпер хаўрусьнікі так паднялі чыгуначныя тарыфы, што расейскія будаўнікі перасталі яе купляць – свая таньнейшая. А ў Беларусі ў наступным годзе скарачаюць выдачу ільготных крэдытаў. За ўласныя ж грошы сярэдні беларус ня тое што дом – нават хлеў не пабудуе.

Дырэктар заводу на апошнім сходзе аб'явіў, што напісаў заяву на звальненьне, але праблемаў гэта, зразумела, ня вырашыць.

У інфармацыйным блёку газэты "Рабочы" цікавае паведамленьне пра тое, як мяняюцца ў Беларусі інтарэсы злодзеяў. Калі раней яны палявалі галоўным чынам на золата, грошы ды відэаапаратуру, то зараз пачалі выкрадаць газавыя балёны са звадкаваным прапан-бутанам…

Да прыкладу, два такія балёны днямі былі скрадзеныя з малочнай кухні Сьветлагорскага мэдычнага аб'яднаньня. Крадзены балён з дэфіцытным газам сёньня ў беларускай правінцыі прадаць нашмат прасьцей, чым відэамагнітафон ці залатыя завушніцы.

Гэта быў агляд заўтрашняга нумару газэты "Рабочы",
які падрыхтаваў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG