Днямі калектыву Гомельскага мэдычнага інстытуту быў прадстаўлены новы рэктар. Тым часам, сьледчыя Гэнеральнай пракуратуры, якія вядуць справу былога рэктара гэтага інстытуту, прафэсара Юрыя Бандажэўскага, дамагаюцца ад студэнтаў дабраахвотных прызнаньняў у тым, што яны або іх бацькі плацілі хабар за паступленьне ў інстытут. У абмен на гэта прадстаўнікі пракуратуры гарантуюць, што ня будуць уздымаць пытаньне аб адлічэньні зь інстытуту такіх студэнтаў, а таксама вызваляць іх ад крымінальнай адказнасьці за дачу хабару. Аб тым, што такая заява сьледчых зьявілася, у мэдінстытуце ведаюць толькі з паведамленьняў друку. Ніякіх аб'яваў у інстытуце не вывешвалася. Першая газэтная публікацыя аб заяве сьледчых зьявілася 30 лістапада, у дзень, калі скончыўся чарговы працягнуты тэрмін утрыманьня Бандажэўскага за кратамі. Учора, у другой палове дня міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч прадставіў выкладчыкам інстытуту новага рэктара, Сяргея Жаваранка.
Цырымонія была змрочнай, міністар нічога не сказаў пра Бандажэўскага, згадаў пра яго толькі старшыня аблвыканкаму Мікалай Вайцянкоў, дарэчы, сусед арыштаванага прафэсара па доме. Раней ён адмаўляўся ад сустрэчаў з маці і жонкай Юрыя Бандажэўскага, а ўчора распавёў пра яго бліскучы талент, эрудыцыю і працалюбства. Губэрнатар упікнуў, нават, выкладчыкаў, што яны не дапамаглі рэктару разабрацца ў людзях, што працавалі зь ім побач. Такія характарыстыкі, і зьяўленьне ў мэдінстытуце новага рэктара, як бы здымаюць апошнюю перашкоду для вызваленьня хворага прафэсара Бандажэўскага з-за кратаў. Аб'ектыўна ён ня можа ўжо перашкодзіць сьледзтву. Да таго ж, два дні таму вызваленая з-пад варты выкладчыца біялёгіі Натальля Фомчанка, нібыта таксама замешаная ў хабарніцтве. Ёсьць і іншыя знакавыя падзеі. На імя Гэнеральнага пракурора краіны паступіў ліст дзевяці сьвятароў Гомельскага Петрапаўлаўскага сабору з просьбай вызваліць з-за кратаў да 2000-га юбілею Нараджэньня Хрыстовага іх парафіяніна, Юрыя Бандажэўскага. Можна згадаць пра хадайніцтвы ўплывовых міжнародных акадэміяў, сапраўдным сябрам якіх зьяўляецца арыштаваны прафэсар Бандажэўскі. Стала вядома таксама, што французкія навукоўцы адкрылі ў Інтэрнэце спэцыяльную старонку пра доктара мэдыцыны прэфэсара Бандажэўскага. І хаця сьледчы пракуратуры Вячаслаў Цераховіч паведаміў сёньня родным Бандажэўскага, што ўтрыманьне за кратамі прафэсара падоўжанае да 12 студзеня наступнага году, згаданыя падзеі вымушаюць хутчэй давяршаць справу. Таму, відаць, і зьявіўся ў друку зварот сьледчых да "блатных" студэнтаў як шанец знайсьці хоць нейкае пацьверджаньне віны прафэсара.