Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

У сёньняшнім нумары швэйцарскай газэты «Neue Zurcher Zeitung» надрукаваны аналіз актуальнага эканамічнага становішча Беларусі.

«Беларуская эканоміка пад ціскам». Пад такім загалоўкам «Neue Zurcher Zeitung» друкуе сёньня ў сваім эканамічным разьдзеле артыкул свайго кіеўскага карэспандэнта.

У Беларусі, канстатуе газэта, сёлета быў зафікасаваны невялікі эканамічны рост. Аднак з прычыны хранічнай неахвоты ўладаў да правядзеньня рэформаў структурныя праблемы павялічыліся. Таму, прыкладам, зазначыўся востры крызыс у сельскай гаспадарцы. Урад абвясьціў больш жорсткую грашовую палітыку. І ўсё ж пакуль лёс краіны застаецца ў руках Аляксандра Лукашэнкі, пасьлядоўная рэструктурызацыя беларускай эканомікі выглядае малаверагоднай.

[…]

Для заходніх экспэртаў ясна адно – Беларусь ужо ня мае часу, як гэта было раней, на запаволеную трансфармацыю эканомікі. Фінансавыя рэсурсы імкліва зьмяншаюцца, прыхаванае беспрацоўе значна перавышае афіцыйны паказьнік 2%, насельніцтва галее з кожным днём. Тым часам, паводле ацэнак Усясьветнага Банку ў шмат якіх галінах паступовыя рэформы ўжо не дапамогуць. Гэта значыць, чым даўжэй затрымваўся працэс рэструктурызацыі, тым больш непазьбежным станавіўся эканамічны спад. Нэгатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы адзначае нават афіцыйная статыстыка.

Такім чынам, зазначае эканамічны карэспандэнт «Neue Zurcher Zeitung», эканамічны рост, які летась склаў каля 8%, да сёлетняга верасьня істотна запаволіўся. Статыстычная ўправа ў Менску паведаміла, што рост сукупнага ўнутранага прадукту за першыя дзевяць месяцаў сёлета склаў толькі 2% ў параўнаньні з тым самым пэрыядам летась, тым часам як узровень інфляцыі склаў 130%. Рост сукупнага ўнутранага прадукту быў забясьпечаны прадукцыяй прамысловасьці, якая вырасла на 7.6%. Вядучымі галінамі прамысловасьці застаюцца дрэваапрацоўчая й папяровая прамысловасьць, выраб харчовых прадуктаў і машынабудаваньне. Аднак прамысловая прадукцыя ў Беларусі трымаецца за кошт валу, а не за кошт сваёй рэнтабэльнасьці.

Тупіковасьць Лукашэнкавай эканамічнай палітыкі, працягвае швэйцарская газэта, не ў апошнюю чаргу выяўляецца і ў хранічна нэгатыўным балянсе зьнешняга гандлю. Нягледзячы на падзеньне ад пачатку году курсу рубля супраць даляра на 28%, падзеньне расейскага попыту ў выніку леташняга жнівеньскага крызысу дагэтуль не было кампэнсаванае.

Тавараабмен з Расеяй – галоўным гандлёвым партнэрам Беларусі – зьменшыўся ў першым паўгодзьдзі на 36% у параўнаньні зь леташнім годам, прычым сёлета Беларусь экспартавала ў Расею на 50% меней драўніны, на 30% меней малочных прадуктаў і на 10% меней грузавых аўтамабіляў. З другога боку яна імпартавала з Расеі на 60% меней вугалю й цукру. Усяго паводле афіцыйных зьвестак беларускі імпарт да жніўня скараціўся на 31%, а экспарт — на 22% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам летась. Калі ўлічыць заўсёдную вялікую долю прамысловай прадукцыі ў агульным аб'ёме беларускага экспарту (у 1998 годзе яна склала каля 73%), можа з пэўнасьцю дапусьціць, што сёлета беларуская прамысловасьць працавала перадусім на склад.

У адрозьненьне ад прамысловасьці, катастрафічнае становішча сельскай гаспадаркі афіцыйная статыстыка ўжо ня можа болей хаваць. Сельскагаспадарчая прадукцыя зьменшылася за восем месяцаў на 10.2%. Ураджай збожжа склаў 3.7 мільёнаў тонаў – амаль на чвэрць меней, чым летась. І хоць прычынаю тут найперш было неспрыяльнае надвор'е, ва ўрадавых колах пачалі гаварыць пра тое, што глыбінныя прычыны неэфэктыўнасьці хаваюцца ў савецкай калгаснай сыстэме. Каб пакрыць дэфіцыт, Беларусь плянуе імпартаваць каля 2 мільёнаў тонаў збожжа на 100 мільёнаў даляраў. Але пры гэтым усплывае яшчэ адна далікатная праблема – краіне не стае валютных рэзэрваў. Таму ўзамен за збожжа ўрад прапануе беларускія трактары і грузавікі.

Калі ня браць пад увагу танныя расейскія энэрганосьбіты, кошты на якія нашмат ніжэйшыя за сусьветныя, Беларусь ня мае доступу да міжнародных крэдытаў. Міжнародны валютны фонд і Ўсясьветны Банк замарозілі выдзяленьне крэдытаў Беларусі з прычыны недастатковасьці рэформаў. Кіраўнік працоўнай групы МВФ, які сачыў за сытуацыяй у Беларусі, урэшце не выключае, што ў наступным годзе адпаведныя кантакты могуць аднавіцца. Вырашальным будзе тое, наколькі беларускі ўрад выканае сваё абяцаньне распачаць у наступным годзе больш жорсткую грашовую палітыку і адмяніць кантроль над цэнамі і валютным курсамі.

Калі меркаваць з паасобных выказваньняў, выглядае, што менскі ўрад прызнае неабходнасьць рэформаў, тым больш што ён штораз больш траціць падтрымку насельніцтва з прычыны пагаршэньня жыцьцёвых умоваў. Тым ня менш у яго застаюцца вялікія засьцярогі перад пасьлядоўнай рэструктурызацыяй эканомікі. Гэта меў на ўвазе кіраўнік працоўнай групы МВФ, які заявіў, што разыходжаньні ў поглядах паміж МВФ і беларускімі ўладамі непасрэдна закранаюць тэмпы рэформаў. І тут дарэчы згадаць, як зусім нядаўна Лукашэнка абазваў прадстаўнікоў Міжнароднага Валютнага Фонду «жульём». У гэтым сэнсе пачатак арыентаванай на рынак эканамічнай палітыкі ў Беларусі застаецца моцна залежны ад зьмены палітычных элітаў.

Гэтак заканчваецца аналіз стану беларускай эканомікі, надрукаваны ў сёньняшнім нумары швэйцарскай газэты «Neue Zurcher Zeitung».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG