Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 кастрычнiка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 13 кастрычніка)
Справа дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава можа быць накіраваная на дадатковае расьледваньне. Пра вялікую верагоднасць такога павароту падзеяў удзельнікі працэсу пачалі казаць пасля таго, як у судзе прагучалі прызнаньні экспэртаў, што яны ў сваёй экспертызе нарабілі шмат памылак.

Вельмі істотнымі для будучага вэрдыкту судзьдзяў называюць адвакаты Андрэя Клімава і ягонага намесьніка Леаніда Валковіча падзеі, што адбываюцца на працэсе ў апошнія дні. Цяпер ідзе апытваньне экспэртаў, якія падпісаліся пад вынікамі судова-будаўнічай экспэртызы дома на вуліцы Лодачнай, які будавала фірма Клімава.

Справа ў тым, што менавіта гэтыя дадзеныя былі пакладзеныя у падмурак абвінавачаньняў Клімава ў крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці. Экспэрты сьцвярджалі, у прыватнасці, што будаўнікі патрацілі значна менш цэглы, чым паказалі у справаздачах Менскаму гарвыканкаму – заказчыку дома. Але падчас слуханьняў гэтыя высновы пачалі абвяргаць самыя розныя спецыялісты – спачатку праекціроўшчыкі, потым будаўнікі.

Ужо тры дні суд слухае тлумачэньні экспэртаў, і высвятляюцца проста неверагодныя рэчы. Па-першае, адны зь іх заяўляюць суду, што працавалі фактычна паасобку і потым проста склалі свае дадзеныя ў адзіную справаздачу. Да прыкладу, гэтак казала экспэрт Шчукіна. Але экспэрт Барэль заявіла адваротнае – што працавалі ўсе разам, і таму яна асабіста ня ведае, як атрымалася, што шмат работ ня ўлічана, а вынікі экспертызы аказаліся памылковымі. На гэта абураная пракурор Галіна Радкевіч заявіла, што у такім разе прыйдзецца ставіць пытанне аб крымінальнай адказнасьці экспэртаў.

Ларыса Барэль і тут знайшла што адказаць. Аказваецца, асабіста яна пабудаваны дом не перамерала, а спаслалася на вынікі замераў, якія зрабіла экспэрт Бараноўская, якая даўно з інстытута крыміналістыкі звольнілася. Такім чынам, адказваць за памылкі няма каму. "Як няма каму?!", – абурыліся з лавы падсудных Андрэй Клімаў і ягоны намесьнік Леанід Валковіч. Апошні тлумачыў, што асабіста супраць яго была ўзбуджана справа толькі на падставе экспэртызы, зробленай такімі спэцыялістамі, як Бараноўская, Барэль, Шчукіна ды іншыя. Андрэй Клімаў пасля апытаньня гэтых сьведкаў заявіў, што як толькі выйдзе на волю, падасьць на экспэртаў у суд.

Адвакат Клімава Біруля, абаронцы Паганяйла і Клімава настойваюць на тым, што справу трэба адпраўляць на дадатковае расьледваньне, бо пасьля паказаньняў экспэртаў аказалася разбуранай уся сыстэма доказаў, якую пабудаваў сьледчы Алешкін. Ці пойдзе судзьдзя на такі радыкальны крок, павінна вырашыцца ужо на гэтым тыдні, калі завершыцца апытваньне ўсіх сьведкаў па эпізодзе.

Тое, што рэагаваць на заявы экспэртаў прыйдзецца, пагаджаецца і пракурор Радкевіч. Яна, што праўда, лічыць, што дастаткова будзе адно правесьці новую судова-будаўнічую экспэртызу дому на вуліцы Лодачнай. Аднак, як гэта зрабіць цяпер, нават спэцыялісты не ўяўляюць. Дом даўно заселены, у ім жывуць дыпляматы, міністры, дэпутаты лукашэнкаўскага парлямэнту, іншыя вельмі ўлывовыя начальнікі. Ці дазволяць яны сьвідраваць сьцены, каб зрабіць неабходныя замеры – гэтае пытаньне зараз падаецца рытарычным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG