(Эфір 8 жніўня)
Адзіная вартая ўвагі палітычная заява, якая прагучала з вуснаў Пуціна ў Менску гэта тое, што дамова аб стварэньні "саюзнае" дзяржавы павінна быць падпісаная да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Ці зьмяняе што-небудзь гэтая заява ў сёньняшніх беларуска-расейскіх дачыненьнях? Пра гэта гутарка з палітолягам Валерам Карбалевічам. (Вядучы: ) "Такім чынам, наколькі можна лічыць заяву расейскага прэм'ера нечаканай? Паколькі ўсе апошнія месяцы і аналітыкі, і палітыкі як беларускія, так і расейскія схіляліся да той думкі, што расейска-беларуская дамова ня можа быць падпісаная да прыэзыдэнцкіх выбараў у Расеі... І вось расейскі прэм'ер Уладзімер Пуцін заяўляе, што дамова павінна быць падпісаная да прэзыдэнцкіх выбараў. Наколькі для Вас гэтая заява нечаканая, і наколькі яна лягічная і прадбачная?" (Карбалевіч: ) "Я бы не казаў, што гэтая падзея нечаканая. Мне падаецца, што ўсё ж такі тут адбываецца нейкая розная ацэнка і рознае разуменьне што такое дамова. Мне падаецца, што бальшыня аналітыкаў і палітыкаў казалі аб тым, што да прэзыдэнцкіх выбараў сур'ёзнае, сапраўднае "аб'яднаньне" Беларусі й Расеі ў адную дзяржаву не адбудзецца проста з таго, што да гэтага не гатова Расея. Вось пра гэта гаворка йдзе. А тое, аб чым казаў сёньня Пуцін гэта йдзе гаворка зусім пра іншае: пра тую дамову, якая падрыхтавана, і якая ў сутнасьці мала што мяняе да таго, у якой форме зараз адбываецца хаўрус Беларусі й Расеі. І гэтая дамова азначае захаваньне статус-кво. То бок, Расея хоча цягнуць гэтую "валынку зь інтэграцыяй" як можна далей, да прэзыдэнцкіх выбараў. І такім чынам, гэтая ідэя "інтэграцыі" зьяўляецца гэтакай прапагандова-псыхалягічным фактарам, які будзе йснаваць у ходзе прэзыдэнцкае барацьбы, у ходзе парлямэнцкіх выбараў у Расеі. Расейская эліта хоча зрабіць сабе інтэграцыю нейкім сродкам прапагандова-палітычнай барацьбы ў сябе ў краіне, па-сутнасьці анічога не мяняючы ў зьмесьце гэтых адносінаў". (Вядучы: ) "Але, у такім разе навошта гэтая дамова беларускаму боку Аляксандру Лукашэнку? Калі яна анічога не мяняе па-сутнасьці, навошта яму чарговы раз падпісваць такую нязначную паперу?" (Карбалевіч: ) "А ці ў яго ёсьць выбар?" (Вядучы: ) "Ну, ён бы хацеў, безумоўна, больш радыкальнага "аб'яднаньня"..." (Карбалевіч: ) "Хацець, як кажа мой сусед, зусім ня шкодна. Але ж у яго няма выбару. І ён падпісвае тое, на што згодная ў сучасны момант Расея. У яго, так бы мовіць, вельмі абмежаванае поле для манэўру, і таму яму нічога не застаецца і падпісаць тое, што ёсьць". (Вядучы: ) "А вось скажыце той чыньнік, што некаторыя беларускія чыноўнікі, прынамсі Даўгалёў, а таксама беларуская дзяржаўная прэса ня тое што ня вельмі далікатна, але выдавалі ня вельмі станоўчыя водгукі пра Пуціна напярэдадні візыту... Ці гэта былі проста нейкія такія заўвагі журналістаў і палітыкаў, ці ў гэтым Вы бачылі нейкую кампанію?" (Карбалевіч: ) "Я бачу, што сёньня беларускі бок вырашае ўжо ня тую задачу-максімум, якая так бы мовіць, была прапанаваная Лукашэнкам у тым варыянце аб'яднаньня, які ён адстойваў яшчэ ўвесну. А сёньня беларускі бок вырашае праблему задачы-мінімум. Задача-мінімум гэта, як яна фармулюецца беларускім бокам, "стварыць роўныя ўмовы для гаспадарчых суб'ектаў Беларусі й Расеі". Перакладаючы на простую мову, гэта тое, каб Расея прадавала Беларусі энэргарэсурсы за тыя кошты, па якім яна іх прадае ў нутры краіны. Вось гэтая задача-мінімум, якая сёньня стаіць перад беларускім бокам. І тыя матэрыялы, якія былі ў беларускай прэсе напярэдадні візыту Пуціна, менавіта былі нейкай такой псыхалягічнай атакаю на расейскі бок, каб ён згадзіўся на тыя эканамічныя прапановы, якія зараз вылучае прэзыдэнт Лукашэнка".