Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(эфір 1 жніўня)
Такіх вынікаў галасаваньня, калі меркаваньні дэлегатаў зьезду падзяліліся дакладна пароўну, апроч мастака Алеся Пушкіна не чакаў, бадай, ніхто. Камэнтуючы вынікі галасавньня нашаму карэспандэнту Юрасю Карманаву, адзін з кандыдатаў у старшыні Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка, у прыватнасьці, заявіў:

(Вячорка: ) "Я ацэньваю вынікі першай сэсыі зьезду станоўча. Я ад самага пачатку падрыхтоўкі шостага зьезду заявіў, што бачу сваім абавязкам — не дапусьціць расколу ў Беларускім Народным Фронце. Так, сапраўды — мы розныя людзі, мы, магчыма, належым да розных палітычных пакаленьняў, і па рознаму бачым мэтодыкі палітычнай і грамадзкай працы. Але ж гэта не падстава дзеля таго, каб адная палова выганяла ці вычышчала са складу Беларускага Народнага Фронту і ягоных кіраўнічых ворганаў другую палову. Тое, што ёсьць разнадумства — рэч звычайная. І толькі важна разнадумства не даводзіць да расколу".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце калі ласка, ці лічыце Вы, што Зянон Пазьняк атрымаў, паводле вынікаў галасаваньня, паразу?"

(Вячорка: ) "Я думаю, што для яго гэта будзе сур'ёзнай нагодай задумацца пра пасьпяховасьць тых прапановаў — як агульнапалітычных, так і ўнутрыфронтаўскіх — зь якім ён выходзіў апошнім часам і на беларускае грамадзтва, і фронтаўскі актыў".

Намесьнік старшыні Юры Хадыка й сакратар Управы Вячаслаў Сіўчык назвалі вынікі галасаваньня паразаю Зянона Пазьняка. Лідэр ня мае права на такія лічбы — заявіў Вячаслаў Сіўчык.

Прадстаўнік іншага лягеру, лідэр прыхільнікаў Зянона Пазьняка, намесьнік старшыні Сяргей Папкоў лічыць, што старшыня БНФ паразы не атрымаў: "Няма паразы, мы проста падвісьлі ў паветры на пару месяцаў. Будзем разьбірацца — жыцьцё не спыняецца. Я лічу, што трагедыі няма".

Выконваючы абавязкі старшыні Лявон Баршчэўскі, які будзе выконваць гэтыя функцыі да другой сэсыі зьезду, лічыць, што зь вяртаньнем Зянона Пазьняка падзелу ў Фронце ўдасца пазьбегнуць: "Я думаю, што спадар Пазьняк сам павінен выцягнуць урокі з гэтага галасаваньня. Ён павінен сам прапанаваць кіраўніка Фронту на Беларусі (з захаваньнем ягонага [Пазьняка] высачайшага статусу і ягонай падтрымкі там за мяжою). Калі ён вернецца на працягу трох месяцаў — мы склікаем чарговы зьезд і ён вырашыць, хто надалей будзе кіраваць Фронтам. Але ён не павінен баяцца, што ён там будзе, а тут у гэты час нехта стане нацыянальным лідэрам. А ні ў спадара Вячоркі, а ні ў іншых няма такога памкненьня — замяніць яго як палітычнага лідэра. Але ёсьць памкненьні зарганізаваць працу арганізацыі, якая ў значнай ступені затармазілася й была дэзарганізаваная ў апошнія гады. І таму, перадаючы яму абсалютную падтрымку як палітычнаму лідэру, я буду настойваць на той пазыцыі, што кіраўніцтва Фронту й старшыня Фронту павінны находзіцца ў Беларусі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG