Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 ліпеня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

У Югаславіі ўзмацняецца ціск грамадзкасьці на Слабадана Мілошавіча. Незадаволенасьць ім пастаянна павялічвалася ад таго часу, калі ён аддаў загад вывесьці сэрбскія войскі з Косава і дазволіў разьмесьціць там міратворчыя сілы НАТА. Але цяпер гэтая незадаволенасьць пагражае выбухам. Тымчасам у Косава сёньня з Італіі прыбыў лідар Дэмакратычнай Лігі Косава Ібрагім Ругова.

Лідар памяркоўнай часткі косаўскіх альбанцаў Ібрагім Ругова ўпершыню прыбыў у Косава ад моманту, калі Бялград і НАТА дамовіліся аб вывадзе югаслаўскіх войскаў з правінцыі. Сёньня раніцай Ругова перасек мяжу паміж Югаславіяй і Макэдоніяй у раёне Косава. Яго суправаджаў эскорт машынаў з дыпляматычнымі нумарамі, а таксама амбасадар ЗША ў Макэдоніі і адмысловы пасанец у Косаве Крыстафэр Гілл. Тысячы касавараў выйшлі на вуліцы, каб вітаць вяртаньне Ібрагіма Руговы.

(Крыкі: ) "Ругова! Ругова!"

(Ругова:) "Я шчасьлівы вярнуцца ў вольнае Косава, дзе міжнароднае прадстаўніцтва - НАТА, іншых краінаў - будзе спрыяць адбудове. Я шчасьлівы быць тут каб узяць удзел у аднаўленьні і адбудове ў Косаве дэмакратычнага жыцьця, эканамічнага жыцьця, і працаваць для будучыні незалежнага Косава".

Ругова павінен сёньня правесьці ў Прышціне перамовы з часовай адміністрацыяй ААН у Косаве. Прызначаныя таксама сустрэчы з актывістымі Дэмакратычнай Лігі Косава, якую ён узначальвае.

Ругова прыбыў у Косава ў той час, калі там ідзе вострая барацьба паміж рознымі групамі альбанцаў за кантроль над палітычным працэсам у правінцыі. Кіраўніцтва Косаўскай вызвольнай арміі, як вядома, абвесьціла Ругову здраднікам і не прызнае ягонага статуса лідара косаўскіх альбанцаў.

Тымчасам абвастрылася і палітычная барацьба ў Сэрбіі.

Прадстаўнікі антымілошавіцкай апазыцыі папярэджваюць пра магчымае праліцьцё крыві, альбо небясьпеку грамадзянскай вайны. У сваю чаргу прыхільнікі Мілошавіча кляймяць апазыцыянэраў як шпіёнаў, здраднікаў, агэнтаў ЦРУ. Па ўсёй Сэрбіі адбываюцца масавыя маніфэстацыі.

Адзін з самых аўтарытэтных лідараў апазыцыі - Вук Драшкавіч — выйшаўшы з палітычнага ценю, дзе ён апошнім часам знаходзіўся, заклікаў сваіх прыхільнікаў далучацца да кампаніі масавых мітынгаў па ўсёй Сэрбіі. Драшкавіча называюць "каралём вуліцы": два з паловай гады таму ён зьбіраў дзесяткі тысячаў людзей на дэманстрацыі пратэсту супраць ураду Мілошавіча. Праўда, апошнім часам ён устрымліваўся ад удзелу ў масавых акцыях, зарганізаваных іншымі апазыцыйнымі палітыкамі. Аднак цяпер заявіў, што час назіраньняў і чаканьняў мінуўся, і ён асабіста рыхтуе шырокую антымілошавіцкую вулічную кампанію, якая мае пачацца ў сыботу ў горадзе Крагуевац.

Далучэньне Драшкавіча да акцыяў пратэсту надае ім новы імпульс. Драшкавіч узначальвае Рух за аднаўленьне Сэрбіі - другую паводле велічыні партыю пасьля Сацыялістычнай партыі Мілошавіча. Рух кантралюе гарадзкую ўладу ў Бялградзе і - што яшчэ больш важна - уплывовую тэлевізійную станцыю "Студыя Б." У сёньняшняй югаслаўскай сытуацыі кантроль над тэлебачаньнем азначае вельмі шмат. Яшчэ нядаўна "Студыя Б" - гэтак жа, як і прамілошавіцкае дзяржаўнае тэлебачаньне - амаль не адлюстроўвала масавыя акцыі, зарганізаваныя іншымі апазыцыйнымі лідарамі. Затое цяпер ініцыятыва Драшкавіча атрымлівае самае шырокае асьвятленьне. Паколькі больш ніякая палітычная сіла ня мае пад сваім кантролем тэлебачаньня - прапагандысцкая вайна будзе весьціся толькі паміж двума праціўнікамі - Драшкавічам і Мілошавічам.

У адрозьненьне ад іншых палітыкаў, Драшкавіч не ўважае за прадуктыўнае пагражаць Мілошавічу і ягоным хаўрусьнікам судом і помстай. На думку лідара апазыцыі, такія пагрозы адштурхнулі б многіх людзей, якія падтрымлівалі палітыку Мілошавіча апошнія 10 гадоў.

Аднак, спробам скінуць Мілошавіча перашкаджаюць звады, якія існуюць унутры самой апазыцыі. Сытуацыю ілюструе сьвежы прыклад: лідар апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі Зоран Джынджыч таксама заклікаў правесьці масавую дэманстрацыю ў Крагуевацы - аднак, на дзень раней, чымся акцыю Драшкавіча. Абодва супернікі ў публічных інтэрв"ю не прамінаюць магчымасьці штосьці адзін аднаму закінуць. Джынджыч гэтакжа плянуе зарганізаваць па ўсёй Сэрбіі каля 20-ці акцыяў пратэсту, кульмінацыяй якіх павінна стаць у жніўні масавая маніфэстацыя ў Бялградзе. У плянах Драшкавіча таксама грандыёзная вулічная дэманстрацыя ў сталіцы. Пакуль жа ў Бялградзе маладыя ўдзельнікі апазыцыйнай групы "Саюз дзеля зьменаў", нягледзячы на перашкоды паліцыі, распачалі збор подпісаў з патрабаваньнем адстаўкі Мілошавіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG