Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 ліпеня 1999 г.


Вінцэсь Мудроў, Напаполацк

Сёньня ад самага ранку на пляцы перад наваполацкім Палацам культуры пачалі зьбірацца людзі, каб ушанаваць памяць Аляксея Філіпчанкі, які роўна год таму ўчыніў акт самаспаленьня.

Акт самаспаленьня быў вынікам шматгадовага судовага працэсу з даволі трывіяльнай праблемы: як быць з двупакаёвай кватэрай?

У 1969 годзе новапалачанка Антаніна Воранава як перадавік сацыялістычнага спаборніцтва атрымала дзьвюхпакаёвую кватэру. Праз некалькі гадоў у спадарыні Воранавай памёр муж, яна выйшла замуж, потым разьвялася, і былы муж адсудзіў адзін пакой. Былы муж яго памяняў, і на жылплошчы мусіў засяліцца іншы мужчына. Ад тае пары заслужаны будаўнік Беларусі, вэтэран Нафтабуду і пэрсанальная пэнсіянэрка Антаніна Воранава пачала аббіваць парогі судовых установаў з прозьбамі, каб у яе кватэру не засялялі чужога чалавека.

Урэшце абараняць у судзе інтарэсы грамадзянкі Воранавай пагадзіўся былы супрацоўнік Генпракуратуры СССР, юрыст Аляксей Філіпчанка. Ён шмат папрацаваў, а калі судовыя выканаўцы паспрабавалі ажыцьцявіць гвалтоўнае падсяленьне, публічна дэкляраваў, што калі яе падабаронную не пакінуць у пакоі, дык скончыць жыцьцё самагубствам.

У якой іншай краіне ўлады, зрабілі б усё, каб пазьбегнуць трагедыі. У нас жа чалавека падбілі на тое, каб ён абліў сябе бэнзінам ды чыркнуў запалкай.

Было спадзяваньне, што пасьля трагічных закалотаў гарадзкія ўлады вырашаць складанае кватэрнае пытаньне. Аднак, як сталася вядома, у кватэру сп. Воранавай мусяць падсяліць чужога чалавека. І гэта робіцца нібыта паводле закону.

Такім чынам, роспачны ўчынак Аляксея Філіпчанкі ня даў плёну, і цяпер ужо сама спадарыня Воранава пагражае спаліць сябе ва ўласнай кватэры.

У першую гадавіну трагічных падзеяў шэраг палітычных суполак і праваабарончых арганізацыяў Наваполацка вырашылі ўшанаваць памяць Аляксея Філіпчанкі. Былі пададзеныя заяўкі на правядзеньне жалобных мерапрыемстваў, але ўлады задаволелі толькі адну зь іх, вызначыўшы месцам правядзеньня жалобнага пікету не пляц перад гарадзкім судом, дзе здарылася трагедыя і які фігураваў у заяўцы, а пляц перад гарадзкім Палацам культуры, які знаходзіцца на іншым канцы горада.

Сёньня ад самага ранку на пляцы перад наваполацкім Палацам культуры пачалі зьбірацца людзі, каб ушанаваць памяць Аляксея Філіпчанкі. Прыйшлі ня толькі навапалачане, але і жыхары суседняга Полацку. Прысутнічаў на пляцы і дэпутат Вярхоўнага Савету Валеры Шчукін.

Арганізавана мерапрыемства было як мае быць. Гучала жалобная музыка, стаяў упрыгожаны кветкамі партрэт праваабаронцы. Пікетоўцы раздавалі мінакам літаратуру праваабарончага характару і зьбіралі подпісы пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем давесьці да лягічнага канца крымінальную справу па факце самаспаленьня.

Не абышлося і без правакацыяў. Нейкая кабэта, якая прыйшла на жалобны пікет з сабакам, голасна патрабавала, каб міліцыянты арыштавалі дэпутата Шчукіна, бо той, нібыта, абражаў прэзыдэнта.

У другой палове дня блізкія і знаёмыя Аляксея Філіпчанкі ўсклалі кветкі на ягоную магілу, а таксама на тым месцы, дзе ён зьдзейсьніў свой трагічны ўчынак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG