Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 чэрвеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Сьледства не пераканала мяне ў тым, што Віктар Янчэўскі і Анатоль Гаўрылаў сапраўды мелі дачыненьне да забойства Яўгена Мікалуцкага і рыхтавалі замах на прэзыдэнта " - заявіў карэспандэнту радыё "Свабода" Раман Радзікоўскі, які праходзіў па гэтай жа справе, але рашэньнем суда быў адпушчаны з-пад варты.

Вядома, што ў мінулую пятніцу пасьля агалошваньня прысуду ў справе Мікалуцкага, Раман Радзікоўскі быў з журналістамі ня вельмі разгаворлівы. На просьбу ацаніць рашэньне судзьдзяў ён дыпляматычна абмежаваўся наступным камэнтаром: "Судзьдзя імкнуўся як бліжэй наблізіцца да праўды, ён грунтаваўся на тым матэрыяле, які быў сабраны папярэднім дасьледваньнем" - заявіў Радзікоўскі і ад далейшых кантактаў з прэсай устрымаўся.

Учора, аднак, удалося пагутарыць з Раманам па тэлефоне. Ён быў па-ранейшаму асьцярожным, падбіраў кожнае слова і частку інфармацыі папрасіў не агалошваць.

Аднак і тое, што Раман не хавае, выглядае вельмі цікавым.

Па-першае, ён прызнаўся, што ў яго не склалася ўражаньне аб сапраўднай вінаватасьці Віктара Янчэўскага і Анатоля Гаўрылава ў забойстве Мікалуцкага і падрыхтоўцы імі замаху на прэзыдэнта. "Там супярэчлівыя доказы, адны пацьцвярджаюць, другія - абвяргаюць тое, што Янчэўскі і Гаўрылаў мелі дачыненьне да выбуху. Мяне, ва ўсякім разе, сьледства не пераканала ў іхняй вінаватасьці" - заявіў Раман Радзікоўскі.

На просьбу выказаць меркаваньне, чаму ўсё ж суд прызнаў вінаватымі Гаўрылава і Янчэўскага, Радзікоўскі адказаў філясафічна: "Напэўна, у нашай краіне зарана казаць пра незалежны суд, хаця я настойваю, што судзьдзі спрабавалі знайсьці праўду".

Прысуд у свой бок Раман пракамэнтаваў больш пэўна. Ён патлумачыў, што яго абвінавачвалі па 213 артыкуле, які зьвязаны з незаконным утрыманьнем і продажам зброі. Ягонага дачыненьня да дзейнасьці Янчэўскага і Гаўрылава ў справе падрыхтоўкі тэракту супраць Мікалуцкага і замаху супраць прэзыдэнта суд увогуле не знайшоў. "Суд пераканаўся, што ў гэтым я чысты" - сказаў Раман.

А вось што тычыцца чатырох гадоў калёніі, атрыманых ад суда, Радзікоўскі заявіў: "Відаць, апраўдаўчыя прысуды ў нас пакуль немагчымыя. Замест таго, каб проста выпусьціць невінаватага чалавека, на яго наклейваюць дробнае злачынства, каб апраўдаць тэрмін зьняволеньня пад час сьледства. Справа Мікалуцкага была вельмі гучная, сказаць, што я зусім не вінаваты - судзьдзі не адважыліся. Яны далі мне чатыры гады, добра ведаючы, што па амністыі, як чарнобыльца, мяне трэба адпускаць. Але я не прызнаю сабе вінаватым. Супрць мяне сьведчыў чалавек, які, не хаваючыся, нёс лухту. Ён сьцьвярджаў, што набыў у мяне зброю, хаця раней заяўляў сьледчым зусім іншае.Я не выключаю, што падобныя мэтады былі выкарыстаныя і супраць іншых абвінавачаных" - сказаў Раман Радзікоўскі.

І самае цікавае зь ягоных расповедаў - тое, што яму так і невядомыя засталіся матывы забойства Яўгена Мікалуцкага. Згодна матэрыялаў справы, а ні Янчэўскі, а ні Гаўрылаў ня мелі асабістых прэтэнзіяў да забітага, не атрымалі яны нейкія грошы ці іншыя ўзнагароды за свае дзеяньні. Навошта тады яны, як сьцьвярджае сьледства, удзельнічалі ў забойстве прэзыдэнцкага кантралёра, для Рамана Радзікоўскага засталося незразумелым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG