Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Учора ў штаб-кватэры дэмакратычных арганізацыяў Барысава, дзе знайшла часовы прытулак гарадзкая камісія па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, мясцовы ГАЎС наладзіў даволі аб'ёмісты і дэталёвы ператрус з мэтай здабыць рэчавыя доказы «незаконнай дзейнасьці» згаданай камісіі.

Учорашняй раніцай міліцыянты Барысаўскага ГАУС шукалі гаспадыню адной з кватэраў на вуліцы Чапаева, што здавала ў арэнду пад агульны офіс філіям шэрагу палітычных і грамадзкіх арганізацыяў места. Паводле сьведчаньняў ахоўнікаў правапарадку, тут жа часова разьмяшчаецца і штаб гарадзкой камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Натуральна, затрыманая жанчына была вельмі сурова папярэджаная пра адказнасьць за такую вось здачу сваёй жыльлёвай плошчы "ня тым" кватарантам, хаця плошча была даўно прыватызаваная ўладальніцай. А ў якасьці кампэнсацыі за непрыстойны палітычны ўчынак міліцыянты запатрабавалі ад яе празь некалькі гадзінаў у дзённы час, калі там звычайна адсутнічаюць дэмакраты, адчыніць сваімі ключамі дзьверы згаданага офісу - маўляў, з мэтай супрацьпажарнай прафіляктыкі.

Але мэта ў ахоўнікаў правапарадку была зусім іншая - неўзабаве пасьля таго, як гаспадыня адчыніла дзьверы сваёй кватэры, а гэта здарылася каля 15-й гадзіны па менскім часе, тут зьявіліся панятыя, а яшчэ празь некалькі хвілінаў на двор дому зьехалася нямала міліцэйскіх аўтамашынаў, ад аўтобусаў да легкавікоў. Паводле жанчыны, адтуль выйшлі ў асноўным афіцэры, сярод якіх было чалавек пяць палкоўнікаў і падпалкоўнікаў, а ўсіх некалькі дзясяткаў чалавек.

Яны перавярнулі дагары нагамі ўсё, што мелася ў агульным офісе БНФ, БСЗП, Маладога Фронту і Маладой Грамады, канфіскавалі чатыры выбарчыя скрынкі, шмат плякатаў ЦВК, якія абвяшчалі пра выбары 16 траўня, і карыкатуры на Аляксандра Лукашэнку. Ператрус суправаджаўся апэратыўнымі здымкамі на відэакамэру. Як паведаміў карэспандэнту "Радыё Свабода" намесьнік старшыні Барысаўскай гарадзкой камісіі па выбарах прэзыдэнта Аляксандар Абрамовіч, зарыштаваных ці затрыманых няма, але сёньня яго, ягонага брата Зьміцера Абрамовіча, сябра ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра, выклікаюць у тутэйшы гарсуд. Аляксандар Абрамовіч, зыходзячы з колькасьці занятых у гэтай апэрацыі міліцэйскіх сілаў, параўноўвае яе з сакавіцкай аблогай чыгіроўскай выбарчай штаб-кватэры ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG