Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 траўня 1999 г.


Пасьля 49 дзён ваеннай апэрацыі НАТО супраць Югаславіі Бялград абвясьціў аб частковым вывадзе сваіх сілаў з Косава. Аднак заходнія краіны палічылі гэты крок недастатковым для спыненьня паветраных удараў.

Дзякуючы спрыяльнаму надвор'ю, мінулай ноччу сілы НАТО правялі адзін з найбольш буйных налётаў на Югаславію. Альянс паведаміў, што за апошнія суткі агулам праведзеныя 623 баявыя вылеты. У прыватнасьці былі збамбаваныя вайсковыя казармы ў Бялградзе і Панчэве, пастарунак паліцыі ў Валеве, два лётнішчы, некалькі радыёстанцыяў і мастоў. Чарговы раз быў атакаваны горад Ніш, хімічная фабрыка ў Барычы, аб'екты ў гарадох Кралева і Рашка. Паводле сэрбскіх СМІ, у выніку атакі на фабрыку ў горадзе Чачак 4 асобы загінулі і 13 былі параненыя.

Між тым ЦРУ прызнала, што неактуальныя разьведныя дадзеныя прывялі да памылковага збамбаваньня кітайскай амбасады ў Бялградзе. Ні Пэнтагон, ні камандаваньне НАТО не атрымалі своечасовага папярэджаньня аб тым, што ў 1996 годзе дырэкцыя армейскіх паставак была перанесеная ў іншыя аб'екты і на яе месца перасялілася кітайская амбасада. Міністар абароны Коўэн заявіў, што зараз будуць больш дбайна правярацца аб'екты, прызначаныя для зьнішчэньня. У адмысловы сьпіс будуць таксама ўнесеныя аб'екты, якія ў ніякім выпадку ня могуць стацца аб'ектам атакі: школы, шпіталі, храмы і амбасады. Адначасова Коўэн падкрэсьліў, што «як ні намагацца, у часе ваенных дзеяньняў памылкі непазьбежныя». Тым ня менш у выпадку сьцьверджаньня службовай нядбайнасьці ў дачыненьні да адказных будуць прадпрынятыя адпаведныя крокі. Год таму ЦРУ рэкамэндавала авіяцыі ЗША збамбаваньне аб'екту ў Судане, дзе, як выявілася, заміж хімічнай зброі вырабляліся лекі.

Учора Радзе Бясьпекі ААН не ўдалося прыняць прапанаваны Кітаем тэкст рэзалюцыі ў справе збамбаваньня кітайскай амбасады ў Бялградзе. Пэкін назваў атаку авіяцыі НАТО на сваё прадстаўніцтва «парушэньнем міжнароднага права». Кітай дамагаецца расьсьледаваньня гэтага акту, а таксама таго, каб НАТО ўзяло на сябе ўсю адказнасьць за ахвяры ў людзях і матэрыяльныя шкоды. ЗША, Вялікабрытанія, Францыя ды іншыя члены НАТО ў Радзе супрацівіліся асуджэньню інцыдэнту, які, на іх думку, быў трагічнай памылкай. Прэзыдэнт Рады Дэніс Рэвака паведаміў, што кансультацыі адносна тэксту рэзалюцыі будуць працягвацца, але дата чарговага паседжаньня Рады Бясьпекі яшчэ не прызначаная.

***

Учора Югаславія абвясьціла аб частковым вывадзе сваіх сілаў з Косава. «Улічваючы факт, што апэрацыя супраць гэтак званай Арміі Вызваленьня Косава закончаная, камандаваньне югаслаўскай арміі вырашыла ў нядзелю ў 10 гадзін вечара пачаць частковы вывад сваіх сілаў з Косава», — гаворыцца ў заяве. Камандаваньне югаслаўскай арміі не ўдакладніла — якую частку сваіх сілаў мае намер вывесьці. Гаварылася аднак аб вяртаньні да стану «мірнага часу», а гэта азначала б, што ў правінцыі засталіся б каля 30 тысячаў вайскоўцаў. Ацэньваецца, што цяпер у Косаве знаходзіцца агулам 40 тысячаў войска, паліцыі і спэцыяльных сілаў. Гэта яны ўдзельнічалі ў прымусовым высяленьні 700 тысячаў этнічных альбанцаў.

Краіны НАТО адмоўна адрэагавалі на гэтую заяву Бялграду. Прэзыдэнт ЗША Клінтан заявіў, што гэтага недастаткова для спыненьня ўдараў НАТО. Акрамя поўнага вываду сваіх войскаў з правінцыі Бялград мусіць пагадзіцца на разьмяшчэньне ў Косаве міжнародных сілаў бясьпекі. Таксама дзяржсакратар ЗША Олбрайт назвала крок Югаславіі «паўсродкам». Яна адзначыла, што дзеля таго, каб паветраныя ўдары маглі быць прыпыненыя, вывад югаслаўскіх войскаў павінен быць «відавочны і магчымы для праверкі». На думку прадстаўніка НАТО Шэя , гэты крок Бялграду паказвае, што налёты саюзнай авіяцыі даюць вынікі. Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Нямеччына і Альбанія таксама скептычна паставіліся да заявы аб вывадзе войскаў. «Станоўчым крокам» у выпадку, калі б інфрмацыя пацьвердзілася, назваў ініцыятыву Бялграду прадстаўнік ААН Экгард.

***

Учора Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў справаздачу аб гуманітарнай катастрофе ў Косаве пад загалоўкам «Сьціраньне гісторыі: этнічныя чысткі ў Косаве». Хоць у дакумэнце вельмі часта падкрэсьліваецца, што многія дадзеныя неправераныя і непацьверджаныя, тым ня менш агульная карціна трагедыі альбанцаў жахлівая. З справаздачы вынікае, што ня менш як у 70 гарадох і вёсках правінцыі расстраляныя як мінімум 4 тысячы чалавек. Паказаньні сьведкаў і сатэлітныя здымкі дазволілі выявіць 7 масавых магілаў. Уцекачы засьведчылі пра шматлікія згвалтаваньні альбанскіх жанчын, тэрор, падпалы жытла і прымусовыя высяленьні. «Акрамя дамоў і кватэраў там зьнішчаліся мячэці, школы і шпіталі. Многія пасёлкі поўнасьцю разбураныя відавочна дзеля таго, каб альбанцы ня мелі да чаго вяртацца», — гаворыцца ў справаздачы. Згодна з дакумэнтам, пасьля таго, як са сталіцы правінцыі на працягу 4 дзён было выгнана звыш 100 тысячаў чалавек, Прышціна ператварылася ў мёртвы горад. Насуперак цьверджаньням Бялграду, у дакумэнце выразна сьцьвярджаецца, што дэпартацыя этнічных альбанцаў пачалася да пачатку паветраных удараў НАТО. Ужо ў сярэдзіне сакавіка было выгнана з дамоў каля 300 тысячаў альбанцаў. Дзясятая частка зь іх ужо тады трапіла ў суседнія краіны — Македонію і Альбанію. «Калі закончацца баявыя дзеяньні і ўцекачы бясьпечна вернуцца дамоў, тады можна будзе пазнаць усю праўду пра тыя злачынствы, якія там здарыліся», — гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША.

Дзяржсакратар ЗША Олбрайт заявіла: «Мы павінны гарантаваць, каб тыя пакуты не былі забытыя, дараваныя або аспрэчаныя. Гэтая справаздача падтрымае намаганьні Міжнароднага Трыбуналу па расьсьледаваньні і зафіксаваньні гэтых злачынстваў».

У міжчасе працягваецца трагедыя косаўскіх уцекачоў. Не зважаючы на ўдзел у гуманітарнай акцыі шэрагу краінаў сьвету, лягеры ў Альбаніі і Македоніі перапоўненыя звыш усякай меры. Вось што паведаміла з Македоніі наш карэспандэнт Кіты МэкКінзі:

(Кіты МэкКінзі:) «Ведамства ААН у справах уцекачоў вельмі занепакоенае тым, што ужо шосты дзень запар амаль ніхто не пераходзіць мяжу паміж Косавам і Македоніяй. Ведамства атрымоўвае запэўненьні ад ураду Македоніі аб тым, што мяжа з гэтага боку адкрытая і адтуль зьявіліся падазрэньні, што ўцекачоў не пускаюць сэрбы. Ведамства заяўляе, што нічога яму не вядома пра чуткі наконт пагадненьня паміж уладамі Сэрбіі і Македоніі. Учора усяго 5 чалавек перайшлі мяжу. На мінулым тыдні іх было 20 тысячаў. Розьніца вялізная. Што да іншых аспэктаў сытуацыі, дык учора ведамства ў справах уцекачоў пачало праграму перамяшчэньня тых уцекачоў, якія жадаюць перасяліцца з Македоніі у Альбанію. Дагэтуль перайшлі туды 150 чалавек. Паводле ААН, гэтае перамяшчэньне мусіць быць добраахвотнае, і таму яна мае намер пачаць кампанію падахвочваньня ўключна зь відэакліпамі аб прыгаожосьці Альбаніі. Усё дзеля таго, каб уцекачы пакінулі перапоўненыя лягеры ў Македоніі. Ведамства цьвердзіць, што яно цяпер амаль ня мае сродкаў на сваю дзейнасьць. Паводле Рона Рэдмана, у іх няма грошай у банку і яны баяцца, што празь некалькі тыдняў прыйдзецца спыніць некаторыя свае праграмы. Ведамства ААН заклікае міжнародную супольнасьць, асабліва эўрапейскія краіны, прафінансаваць праграмы ведамства ААН у справах уцекачоў».

Апошнімі днямі шэраг прадстаўнікоў заходніх краінаў наведалі Македонію дзеля азнаямленьня на месцы з сытуацыяў уцекачоў і праблемамі краіны. Македонская газэта «Вечер» зьедліва назвала гэтыя паездкі «гуманітарным турызмам». У Македоніі ўжо пабывалі прэм'ер-міністры Вялікабрытаніі і Францыі Блэйр і Жаспэн, міністар замежных справаў ФРГ Ёшка Фішэр, камісар Эўрасаюзу Эма Баніна, а маюць наведаць краіну генэральны сакратар НАТО Саляна і жонка прэзыдэнта ЗША Гілары Клінтан. Усе высокапастаўленыя госьці абяцаюць мясцовым уладам маральную або матэрыяльную патрымку. Скоп'е скардзіцца, што з суседняга Косава ў Македонію ўжо прыбылі 240 тысячаў уцекачоў. Гэта пагражае дэстабілізацыяй і непрадказальнымі наступствамі для краіны, у якой парушаны этнічны балянс. На думку намесьніка прэм'ер-міністра Македоніі Досты Дзімоўскай, большасьць гэтых абяцаньняў кончацца на словах. Брытанскі прэм'ер абяцаў Македоніі дадатковыя 65 мільёнаў даляраў, затое Фішэр засяродзіў сваю ўвагу на будучай рэканструкцыі рэгіёну:

(Фішэр:) «Эўрасаюз гатовы прыняць на сябе трывалыя і працяглыя абавязацельствы ў дачыненьні да краінаў рэгіёну. Я думаю, што такая прапанова — гэта добрая пэрспэктыва на будучыню, у тым ліку і для дэмакратычнай Сэрбіі.

Сёньня мы павінны засяродзіцца на заканчэньні вайны і на разьвязцы праблемы ўцекачоў. Але адначасова мы павінны рыхтавацца да мірнага разьвіцьця рэгіёну пасьля таго, як замоўкне зброя. Паўднёва-усходняя Эўропа зьяўляецца інтэгральнай часткай Эўропы і павінна удзельнічаць у эўрапейскай інтэграцыі. Гэта асноўнае заданьне стабілізацыйнага пакту для рэгіёну».

У міжчасе прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Джулія Тафт паведаміла, што няўрадавыя арганізацыі з ЗША плянуюць скіданьне гуманітарнай дапамогі этнічным альбанцам на тэрыторыі Косава. Яна адзначыла, што паколькі авіяцыя НАТО ня будзе ахоўваць цывільных самалётаў, неабходны дазвол на акцыю з боку югаслаўскіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG