Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Публікацыі ў газэце "Пагоня" будуць вывучаць экспэрты на прадмет выяўленьня наяўнасьці альбо адсутнасьці заклікаў да захопу ўлады. Рашэньне прызначыць экспэртызу прынятае сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Аналагічнае рашэньне прынятае дагэтуль судом у справах яшчэ трох газэтаў, якія абскарджваюць папярэджаньні Дзяржкамдруку.

Дзьве справы накіраваныя ў генпракуратуру і КДБ. Тым часам, кіраўнік Дзяржкамдруку запэўнівае, што ў Рэспубліцы Беларусь пануе свабода слова.

Оашэньне ў справе гарадзенскай газэты "Пагоня" было прынятае сёньня ў Менску, нягледзячы на адсутнасьць галоўнага рэдактара і адказчыка. Гэта значыць - прадстаўніка Дзяржкамдруку. Інтарэсы скардніка прадстаўлялі юрысты цэнтру прававой абароны СМІ Беларускай Асацыяцыі журналістаў.

Калі суддзя Кацярына Караткевіч прапанавала спачатку накіраваць справу на разгляд у генпракуратуру і КДБ, старшыня цэнтру Міхаіл Пастухоў выступіў катэгарычна супраць Суд, на ягоную думку, абавязаны абараняць інтарэсы грамадзянаў і арганізацыяў, якія зьвярнуліся ў яго па дапамогу, а не падазраваць іх апрыёры ў крымінальных злачынствах. Між тым, падобны прэцыдэнт ужо быў створаны судом у справах газэты "Згода" і "Імя". Радкі аднаго з артыкулах галоўнага рэдактара гэтага тыднёвіка Ірыны Халіп, паводле рашэньня судзьзі цяпер, відаць, уважліва вывучаюць у праваахоўчых ворганах.

Нагадаю, што ва ўсіх папярэджаньнях Дзяржкамдруку, абскарджаных незалежнымі выданьнямі, размовы ідуць пра публікацыі, якія так ці інакш тычацца рашэньня Вярхоўнага Савету Беларусі прызначыць прэзыдэнцкія выбары. Дзяржкамдрук угледзіў у публікацыях, якія інфармавалі чытачоў, заклікі да захопу ўлады. А гэта, як вядома, Крымінальным Кодэксам разглядаецца як адно з найбольш небясьпечных дзяржаўных злачынстваў.

Вышэйшы гаспадарчы суд спрабуе перакласьці цяжар разьбіральніцтва на "кампэтэнтныя ворганы", альбо невядомых пакуль экспэртаў-палітолагаў ды мовазнаўцаў. Дзяржкамдрук ідзе насустрач суду, прадастаўляючы газэтам права, так бы мовіць, выкручвацца з неправавой сытуацыі, створанай намаганьнямі гэтага ведамства.

У агромністым інтэрвью старшыні Дзяржкамдруку Міхаіла Падгайнага ў сёняшнім нумары газэты "Зьвязда" няма а ні згадкі пра зыскі газэтаў да гэтага ведамства, якія разглядаюцца зараз у гаспадарчым судзе. Між тым, менавіта ягоны асабісты подпіс стаіць пад папярэджаньнямі на іхні адрас.

Напярэдадні Дня друку, які цяпер зноў афіцыйна адзначаецца ў Беларусі 5 травеня, Падгайны заяўляе, што ніякага ціску на прэсу няма, як няма і цэнзуры. Пры гэтым ён спасылаецца на даклад Кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску і прыводзіць словы намесьніка Старшыні гэтай групыспадара Кляйнера: "На Беларусі канстытуцыйна і заканадаўча забясьпечаныя ўсе ўмовы для свабоды прэсы". Дарэчы, спадар Кляйнер аднойчы прысутнічаў на аднымз ўзгаданых працэсаў, дзе яму давялося чуць з вуснаў прадстаўніка Дзяржкамдруку словы аб тым, што ня толькі канкрэтныя дзеяньні, але і нават меркаваньні грамадзянаў, у тым ліку і журналістаў, павінны перасьледвацца дзяржаваю з усяе строгасьцю закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG