Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў камэру, дзе знаходзіцца старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктар Ганчар, ня быў дапушчаны адвакат Гары Паганяйла. Адвакату таксама адмовілі ў праве азнаёміцца з судовымі справамі сяброў ЦэнтарВыбарКаму.

Усіх сяброў ЦэнтарВыбарКаму на чале з старшынём, якія ўчора атрымалі ад 5 да 10 сутак арышту, даставілі ў спэцразьмеркавальнік на Акрэсьціна. Як стала вядома нашаму радыё, спсп. Ганчар, Гурыновіч, Гюнтэр і Абадоўскі (які трымае галадоўку пратэсту) утрымваюцца ў розных камэрах. У асобнай камэры ўтрымваецца і старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Алесь Бяляцкі, які за антыфашыстоўскую акцыю пратэсту атрымаў учора 10 сутак пазбаўленьня волі.

У камэру спэцразьмеркавальніка на Акрэсьціна, дзе ўтрымваецца Віктар Ганчар, сёньня ня быў дапушчаны адвакат Гары Паганяйла. У інтэрвію нашаму радыё ён заявіў:

(Паганяйла:) «Мяне пратрымалі ў дзяжурнай частцы, а потым, калі зьявіўся начальнік, ён паведаміў, што мяне нельга дапускаць на спатканьне да Ганчара, бо я не зьяўляюся адвакатам Беларусі, а зьяўляюся адвакатам Расейскай Фэдэрацыі. Гэта не прадугледжана беларускім заканадаўствам. Рэч у тым, што я патлумачыў начальніку сутнасьць канвэнцыі аб аказаньні юрыдычнай дапамогі, якая заключаная паміж краінамі СНД у 1993 годзе. Канвэнцыя прадугледжвае юрыдычную дапамогу грамадзянам у адміністрацыйных справах, і грамадзяне Беларусі могуць карыстацца паслугамі адваката любой з краінаў СНД. Мяне да Ганчара так і не дапусьцілі. Дарэчы, і ў судзе аналягічная сытуацыя. З учорашняга дня я не магу атрымаць адміністрацыйнай справы асуджаных сяброў ЦэнтарВыбарКаму. Судзьдзі спасылаюцца на тое, што яны не зрабілі пратаколу, што не пранумаравалі старонкі і г.д., і пад розным соўсам не даюць матэрыялаў. Для таго, каб я здолеў азнаёміцца і ад імя Ганчара і іншых сяброў скласьці адпаведную наглядную скаргу альбо раённаму пракурору, альбо — як гэта прадугледжана заканадаўствам — на адрас вышэйшага суду».

Як паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар ЦэнтарВыбарКаму Аляксандар Коктыш, жонку Ганчара на спатканьне з мужам таксама не дапусьцілі. Галадоўкі Віктар Ганчар не абвяшчаў, але ён адмаўляецца браць перадачы з волі і кантактаваць з начальствам спэцразьмеркавальніка.

Беларускі Гельсынскі Камітэт адрэагаваў на ўчорашнія падзеі. Прэсавы сакратар Гельсынскага Камітэту Сьвятлана Курс заявіла нашаму радыё:

(Курс:) «Мы лічым, што тое правапарушэньне, якое інкрымінуецца Ганчару і сябрам камісіі, ня можа служыць дастатковай падставай, каб прымаць такія жорсткія мэтады затрыманьня, якія былі ўжытыя да Ганчара, і, па-другое, мы лічым, што няма складу злачынства. Вядома, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае такога пакараньня для людзей, якія зьбіраліся ў закрытым памяшканьні. Нас у прынцыпе абурае такая практыка, таму што тады магчыма ўжываць такія санкцыі да любых людзей, якія сабраліся групай у закрытым памяшканьні і за шклянкай гарбаты абмяркоўваюць свае пытаньні. Мы лічым, што тут мае месца парушэньне правоў чалавека».

Сёньня Элізабэт Шрэтэр, дэпутат Эўрапарлямэнту ад партыі зялёных, камэнтуючы «Хартыі-97» сытуацыю, выказала сваё абурэньне апошнімі падзеямі, якія адбываюцца з ЦэнтарВыбарКамам. «Я выказваю сваю падтрымку старшыні Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктару Ганчару і астатнім сябрам ЦВК, якія знаходзяцца за кратамі або пакараныя іншым чынам», - заявіла сп-ня Шрэтэр.

Як паведаміў прэсавы сакратар «Хартыі» Алег Бябенін, штаб-кватэра «Хартыі» ў Брусэлі давяла інфармацыю пра ўчорашнія падзеі з ЦэнтарВыбарКамам да кожнага дэпутата Эўрапарлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG