Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі футбольнага сэзону Чаму беларускім хакеістам ня плацяць заробкі


Вынікі футбольнага сэзону
Чаму беларускім хакеістам ня плацяць заробкі

(эфір 12 Лістапада 2000)

(Цыганкоў: ) “Гэтымі днямі ў Беларусі падводзяцца вынікі футбольнага сэзону. Трэнэр нацыянальнае зборнай Эдуард Малафеяў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў чацьвер сказаў, што нацыянальная каманда спрацавала ў гэтым годзе на “тры з плюсам”, хаця маладзёжнай зборнай сьмела можна ставіць “пяцёрку”. Спадабалася Малафеяву і драматычная канцоўка ўнутранага чэмпіянату…

Своеасаблівым падсумаваньнем сэзону стала й вызначэньне лепшага футбаліста Беларусі 2000 году. Паводле вынікаў апытаньня, праведзенага газэтаю “Прессбол”, найбольш галасоў футбольных адмыслоўцаў і журналістаў здабыў паўабаронца кіеўскага “Дынама” й зборнай Беларусі Аляксандар Хацкевіч.

Дарэчы, упершыню ў гэтым галасаваньні браў удзел і вядучы праграмы “Заўзятар”. Так атрымалася. што мой выбар амаль супаў з выбарам астатніх. На першае месца я паставіў Хацкевіча, на другое — ягонага аднаклюбніка Валянціна Бялькевіча, і на трэцяе — маскоўскага дынамаўца Максіма Рамашчанку. Агульныя ж вынікі галасаваньня наступныя: Хацкевіч, Бялькевіч, Мікола Рындзюк.

А ў нашай праграме вынікі футбольнага сэзону абмяркоўвае Заслужаны трэнэр Беларусі, дацэнт катэдры футболу й хакею Акадэміі фізычнага выхаваньня Міхал Андружэйчык. Гутарку зь ім вядзе Ўладзімер Глод…”

(Глод: ) “Чатыры гады запар у чэмпіянаце Беларусі ў футболе — чатыры чэмпіёны. Нагадаем, 97-ы год — “Дынама”–Менск, 98-ы — “Днепр”–Магілеў, 99-ы — барысаўскае БАТЭ і зараз — мазырская “Славія”. Як Вы лічыце, ці добра, што ў нас чэмпіёны зьмяняюцца адзін за адным?”

(Андружэйчык: ) “Я лічу, што ніякае сувязі ў зьмене чэмпіёнаў да ўзроўню чэмпіянату няма. Бо, па-першае, калі ў некаторых краінах, напрыклад, кіеўскае “Дынама”, ці маскоўскі “Спартак”, — гэта супэрклюбы, дык ці зьяўляецца наш сёлетні чэмпіён “Славія” супэр-клюбам? Рытарычнае пытаньне.

Ці былі супэрклюбамі, (акрамя менскага “Дынама” ў савецкі час), магілеўскі “Днепр”, ці мазырскае МПКЦ або іншыя каманды, напрыклад, БАТЭ-Барысаў? Я лічу — не. Яны не супэрклюбы таму, што ў параўнаньні з замежнымі клюбамі, нічога зь сябе ў Эўропе не прадстаўляючымі, нашы чэмпіёны выглядаюць вельмі сьціпла. Таму, мне здаецца, у тых краінах, дзе ёсьць супэрклюб, — там гэта зьява — як цягнік для эшалёну. У нашых абставінах, калі ў краіне пяць-шэсьць — траціна клюбаў — гуляюць за першае месца — гэта ўжо добра. Гэта ўзмацняе і каманды, і ўзмацняецца чэмпіён”.

(Глод: ) “Міхал, вось Вы казалі, што менскае “Дынама” ў свой час быў супэрклюбам, зараз менскае “Дынама” заняло толькі трэцяе месца. Як Вы лічыце, што перашкаджае нашай галоўнай камандзе вярнуць тую марку, якую яна мела?”

(Андружэйчык: ) “Менскае “Дынама” — гэта слаўная гісторыя. На нейкі час яна была забыта кіраўніцтвам “Дынама”, ды й кіраўніцтвам спорту нашае краіны. У выніку хістаньня ад дзяржаўных апекуноў да прыватных і наадварот, разьбегліся добрыя футбалісты, прыклад Бялькевіч з Хацкевічам, яны па ўзроўню свайго таленту былі заўважна вышэй астатніх хлопцаў.

Я бачу тут недагляд кадравае палітыкі, нядбайнасьць у адносінах камплектаваньня. Прыклад — дзе гуляе берасьцейскі дынамавец Васілюк? — у “Славіі”. Ён жа мог гуляць у менскім “Дынама”, разам з Разіным, зь якім яны йшлі шмат гадоў і добра згуляныя. Вельмі таленавітыя хлопцы. Мусіць быць сыстэмная праца на ўсіх кірунках. Дзеці — іхнае пеставаньне, умовы для працы, заробак трэнэраў і іншае. Стабільныя ўмовы дзеля працы трэнэраў, а яны зараз достаць таленавітыя, напрыклад, Павал Раднёнак. Неабходна берагчы, сьцерагчы традыцыі клюбу, ведаць мэтады сыстэмнасьці ў працы”.

(Глод: ) “Як Вы лічыце, ці можна казаць, што праз год, два, тры ўсё ж такі будзе прарыў у беларускім футболе?”

(Андружэйчык: ) “Па-трошачкі беларускі футбол накіроўваецца да лепшых часоў, але ж пакуль мы топчымся ў “балоце”. “Балоце” нашых палёў, адмоўных умоў для выпеставаньня дзяцей, адсутнасьці адпаведных реглямэнту FIFA і UEFA, законаў у дачыненьні да трэнэраў, чыноўнікаў, судзьдзяў.

Мне здаецца, што сёлетнія перамогі й добрая гульня нашае зборнай — гэта Малафееў. Тыя ж гульцы, а гульня другая”.

(Цыганкоў: ) “Ад футболу — самага папулярнага ў Беларусі віда спорту — пяройдзем да хакею — самага абласканага ўладаю. Аднак прыхільнасьць улады да пабудовы шыкоўных лядовых палацаў, як высьвятляецца, яшчэ не гарантуе нармальную аплату хакеістам, якія гуляюць у гэтых палацах. У перадстрайкавым стане знаходзіцца хакейны клюб “Менск” — адзін зь лепшых у Беларусі і адзін зь лідэраў міжнароднае Ўсходнеэўрапейскае лігі. Фінансавы крызыс справакаваў у гэтай камандзе канфлікт паміж гаспадарамі клюбу і спартоўцамі. Распавядае Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “Генэральны дырэктар клюбу Аляксандар Сівірчукоў мае выгляд рэспэктабельнага беларускага бізнэсоўца. Гэты выгляд добра стасуецца з шыкоўным гмахам лядовага палацу — спартовым збудаваньнем найноўшае гісторыі Беларусі, узьведзеным на вуліцы Прытыцкага ў Менску. У гэтае збудаваньне некалькі дзён таму перасялілася лепшая хакейная каманда сталіцы з аднайменнай назваю “Менск”. І галоўны адміністратар клюбу займаецца ўласьцівымі для навасёлаў побытавымі клопатамі.

Як ня дзіўна, але пераезд на новую спартовую арэну ня стаўся для хакеістаў “Менску” сьвятам. У адрозьненьне ад Сівірчукова, спартоўцы выглядаюць панурымі й разгубленымі, у камандзе пануе атмасфэра прыгнечанасьці й песымізму. Рэч у тым, што кіраўніцтва клюбу не выконвае перад хакеістамі кантрактных абавязкаў. Чаму? Для Сівірчукова гэтае пытаньне падаецца правакацыйным. У размове са мною генэральны дырэктар наадрэз адмовіўся гаварыць пра фінансавае становішча клюбу й незадаволенасьць гульцоў. На правох гаспадара каманды, ён параіў адмовіцца ад высьвятленьня акалічнасьцяў канфліктнае сытуацыі ў трэнэраў і спартоўцаў.

Нападаючы Максім Слыш сапраўды пацьвердзіў, што разгалошваньне праблемаў каманды можа быць пакаранае. А паколькі ён зьбіраецца перайсьці ў іншы клюб, дык ігнараваньне ўказаньняў зьверху можа прынесьці яму шмат непрыемнасьцяў. Зрэшты, галоўнаму трэнэру Валерыю Пальшакову фінансавы канфлікт у камандзе гэтыя непрыемнасьці ўжо прынес. Днямі ён быў шпіталізаваны з дыягназам: сардэчны інфаркт. Спартоўцы, якія папрасілі не называць іхных прозьвішчаў, паведамілі, што Пальшакоў пачаў заступацца за іх, і гэта мела для яго драматычны вынік.

Варта зазначыць, што ўжо пачатак сёлетняга хакейнага сэзону для хакеістаў “Менску” выдаўся хмарным. За леташні ўдалы сэзон спартоўцы не атрымалі прэміяў. Толькі палову каманды клюб забясьпечыў спартовай амуніцыяй, астатнія мусяць апранаць уласную форму ды гуляць уласнымі клюшкамі. Перамовы з адміністрацыяй пра зьмену становішча ня мелі плёну. Абяцаньні Сівірчукова ды іншых прадстаўнікоў адміністрацыі ня спраўджваліся. І тады каманда вырашыла страйкаваць.

29 кастрычніка хакеісты зьбіраліся ня выйсьці на матч з наваполацкім “Палімірам”, каб іхны пратэст быў пачуты. На пазачарговы сход калектыву вымушаныя былі зьявіцца заснавальнікі каманды ад сталічных прадпрыемстваў ды Менскага гарадзкога выканкаму. Паводле словаў спартоўцаў, яны паскардзіліся на ўласныя праблемы, але паабяцалі выправіць становішча. Таксама было вырашана накіраваць ліст Аляксандру Лукашэнку, каб той вызваліў ад падаткаў фінансавую дапамогу камандзе. Хакеісты разьлічвалі, што ўжо праз колькі дзён іхныя патрабаваньні набудуць матэрыяльны выгляд. Усё аднак, застаецца на ранейшым узроўні”.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG