Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цуд ва Ўімблдоне Выратавальнік Малафееў Наперадзе – Паралімпійскія гульні


Цуд ва Ўімблдоне
Выратавальнік Малафееў
Наперадзе – Паралімпійскія гульні

(эфір 9 Ліпеня 2000)

Сёньня ў праграме:
– беларускі тэнісыст у паўфінале Ўімблдону;
– ці стане Эдуард Малафееў выратавальнікам беларускага футболу;
– прадстаўнікі інваліднага спорту рыхтуюцца да паралімпійскіх гульняў.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Пачнем нашую сёньняшнюю праграму, зразумела, з Ўімблдону. Зразумела, бо на гэтым тыдні паведамленьнямі з тэнісных кортаў Брытаніі цікавіліся ня толькі сапраўдныя беларускія заўзятары, але й людзі, раней нібыта абыякавыя да спорту. А прычынаю такога інтарэсу стаў беларускі тэнісыст Уладзімер Ваўчкоў, які ўвайшоў у паўфінал гэтага найпрэстыжнейшага тэніснага спаборніцтва ў сьвеце.

Нажаль, у пятніцу ўвечары ў паўфінале Ваўчкоў прайграў легендарнаму Піту Сампрасу – першай ракетцы турніру, якога, паводле шматлікіх апытаньняў шмат хто лічыць наймацнейшым тэнісыстам у гісторыі. Цуда не адбылося. Хаця й патрапленьне Ваўчкова ў чацьверку лепшых Ўімблдону ўжо можна назваць цудам.

Нагадаем, што Ўладзімер да турніру займаў ва ўсясьветнай кваліфікацыі 237-е месца. Таму невыпадкова, што, напрыклад, артыкул пра беларускага тэнісыста на афіцыйным інтэрнэт-сайце Ўімблдонскага турніру меў такі загаловак: “Уладзімер Ваўчкоў – хто ён такі і чым займаецца”.

Зрэшты, у нашым эфіры ў чацьвер мы ўжо распавядалі даволі падрабязна пра Ваўчкова і ягоны ўнікальны посьпех, найвышэйшы ў гісторыі беларускага тэнісу. Дадамо толькі, што за выхад у паўфінал 22-гадовы Ўладзімер зарабіў звыш 180 тысячаў даляраў – больш чым за ўсе папярэднія гады сваёй тэніснай кар’еры”.

* * *

(Цыганкоў: ) “Ня менш за тэніс спартовая грамадзкасьць Беларусі абмяркоўвала на гэтым тыдні футбол. Напярэдадні чарговага адборнага цыклю чэмпіянату сьвету зборную краіны ўзначаліў Эдуард Малафееў. Менавіта зь ягоным імём зьвязаны самыя яркія і пераможныя старонкі беларускага футболу. Таму невыпадкова, што цяпер на тле працяглага крызысу ў гэтым відзе спорту заўзятары глядзяць на Малафеева амаль як на месію. Распавядае Ігар Карней…”

(Карней: ) “Цяперашняе зьяўленьне Малафеева ў Беларусі ўжо чацьвертае ў ліку. Але ў адрозьненьні ад удалага дэбюту менскага “Дынама” ў далёкім 77-м, і залатой кропкі ў 1982-м, усе астатнія спробы замацавацца на беларускім трэнэрскім Алімпе аказваліся няўдалымі. Выпраўленьне трэнэрскіх памылак Івана Савосьцікава і сэзон у менскай “Зьмене” наўрад ці можна занесьці ў актыў безумоўна таленавітага трэнэра. Цягам часу Малафееў наогул згубіўся з полю зроку беларускіх футбольных заўзятараў на бязьмежных прасторах Расеі.

Нягледзячы на гэта, у вачох беларускіх заўзятараў вобраз выратавальніка прымацаваўся да Малафеева назаўсёды. 3 ліпеня ў 7:30 раніцы больш за 200 чалавек кветкамі і авацыямі сустракалі цягнік, на якім Эдуард Малафееў і ягоная жонка мусілі былі прыехаць у Менск. Ці ёсьць падставы лічыць крыху пастарэўшага, але па-ранейшаму энэргічнага Эдуарда Малафеева футбольным месіяй для асобна ўзятае Беларусі? Меркаваньне былога гульца зборнай Беларусі Юрыя Антановіча…”

(Антановіч: ) “Я думаю, для зборнай гэта будзе добра. Таму, што як чалавек з досьведам, ён ведае, што рабіць з камандаю. Шчыра кажучы, я нават не разумею, калі аднойчы Бароўскага зьнялі – зноў яго прызначаць ня мела сэнсу. Зь іншага боку, можа гэта й былі крыўдныя паразы – але трэба было яшчэ даць шанец Бароўскаму”.

(Карней: ) «Запрашэньне Малафеева ўзначаліць трэнэрскі штаб можна разглядаць як у некаторым сэнсе выпадковае. Калі б не крыўдныя паражэньні ў таварыскіх сустрэчах з Андораю і Эстоніяй, ніхто тагачаснага трэнэра Сяргея Бароўскага напэўна не крануў бы. Затое зараз ад Малафеева чакаюць паўтарэньня мінулых подзьвігаў, перш за ўсё зьвязаных з выхадам алімпійскае ды нацыянальнае зборных СССР пад кіраўніцтвам Малафеева ў фінальныя часткі Алімпіяды ў Лёс-Анджаласе й Кубку сьвету ў Мэксыцы. Праўда, тады злы рок дастаткова пазьдзекваўся над трэнэрам: Алімпіяду савецкае кіраўніцтва байкатавала, а паводле вынікаў няўдалых таварыскіх матчаў напярэдадні чэмпіянату сьвету Малафееў быў заменены на Лабаноўскага.

Зараз Малафееў заяўляе, што выхад зборнай Беларусі ў фінальную частку чэмпіянату сьвету 2002 году – справа абсалютна рэальная. Але чаму практычна нічога не атрымалася ў ягоных папярэднікаў – Вергіенкі ды Бароўскага?”

(Малафееў: ) «Цудоўныя мае выхавальнікі, ну што тут скажаш? Ня ўсім удаецца, нават вялікім, Саккі ці іншым. Відаць, так Богу было ўгодна».

(Карней: ) «У сярэдзіне жніўня Малафееў маецца ўчыніць генэральны прагляд кандыдатаў на месца ў нацыянальнай камандзе. Больш за 50 футбалістаў – 32 легіянэры і 20 гульцоў беларускіх клюбаў – будуць выкліканы ў Менск на своеасаблівае сумоўе. А ўжо 16 жніўня пройдзе першая рэпэтыцыя перад матчам адборнага туру з Ўэльсам. У якасьці спарынг-партнэру выступіць нацыянальная каманда Латвіі.

Многія ўжо зрабілі выснову, што першыя крокі Малафеева будуць зьвязаныя з адлічэньнем з каманды легіянэраў, якія, выкладаючыся ў клюбах, напаўмоцы гуляюць за нацыянальную зборную. Перш за ўсё называліся прозьвішчы кіеўскіх дынамаўцаў Хацкевіча й Бялькевіча. Але сам Малафееў гэтыя вэрсыі адхіляе. Ці засталася ўсё ж надзея знайсьці агульную мову зь легіянэрамі?”

(Малафееў: ) «Я ўсё адно знайду. Яны ўсе мае выхавальнікі. Адзінае – мне трэба зь імі сустрэцца, пагаварыць. Чаму не? Што яны, ня хочуць абараняць гонар Рэспублікі?»

(Карней: ) «Яшчэ адная чутка – запасная вакансія для Малафеева на выпадак няўдалых стартаў новае беларускае зборнай. Тыдзень таму галоўны фундатар і фактычна ўладальнік менскага “Дынама” прадпрымальнік Юры Чыж звольніў галоўнага трэнэра Юры Курненіна з фармулёўкаю “за адсутнасьць вынікаў”. Спартовыя экспэрты пасьпяшаліся заявіць, што тым самым створаная вакансія для працы Малафееву паміж гульнямі зборнай. Сам Малафееў падобныя меркаваньні камэнтаваць адмовіўся.

Таксама неахвотна Малафееў гаворыць пра кантракт, які будзе падпісаны пасьля паседжаньня выканаўчага камітэту Фэдэрацыі футболу”.

(Малафееў: ) “Справа ў тым, што я пра гэта нават і ня думаў. У мяне зараз адзін клопат – як каманду зрабіць. А тое – гэта ўсё мітусьня. Я думаю, што зараз усё ж такі будзе больш разумна кантракт падпісаць, каб скончыць гэты цыкаль, а там ужо бачна будзе”.

(Карней: ) «Нам у сваю чаргу застаецца пачакаць, якім вынікам скончыцца чарговае прышэсьце Эдуарда Малафеева ў Беларусь”.

* * *

(Цыганкоў: ) “У аўстралійскім Сіднэі, апроч Алімпійскіх гульняў, сёлета адбудуцца і Паралімпійскія. Спаборнічаць на гэтых гульнях будуць прадстаўнікі інваліднага спорту. Удзел у іх мяркуе браць і каманда Беларусі. Распавядае Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “Гульні інвалідаў-спартоўцаў праводзяцца з 1952 году. Калі за першыя мэдалі ў Фінляндыі змагаліся прадстаўнікі дзьвюх краінаў, дык ужо ў амэрыканскай Атлянце чатыры гады таму спаборнічалі інваліды з 103 дзяржаваў. У тым ліку, і зь Беларусі. Прычым, выступ ейных спартоўцаў быў, як сьведчыць статыстыка, удалым. Беларуская каманда заваявала тады 13 мэдалёў. У прыватнасьці, з залатой узнагародаю вярнулася дадому пінская бягуньня Ірына Леанцюк. Такі ж мэдаль вышэйшага гатунку прывезла з Амэрыкі за перамогу ў штурханьні ядра Тамара Сівакова.

Яны, а таксама іншыя беларускія інваліды-спартоўцы зьбіраюцца паехаць неўзабаве на чарговыя Паралімпійскія гульні ў Аўстралію. Зборную краіны будзе ўзначальваць на гэтых гульнях Тамара Шыманская – у мінулым шматразовая чэмпіёнка Эўропы й сьвету ў веславаньні на байдарках сярод здаровых спартоўцаў. Вось што яна распавяла нашаму радыё:

(Шыманская: ) “У Сіднэі нашыя спартоўцы будуць прадстаўляць наступныя віды спорту: лёгкая атлетыка – галоўны від, плаваньне, паўэрліфтынг і веласпорт”.

(Стэльмак: ) “Колькі мэдалёў зьбіраецеся прывезьці з Аўстраліі да дому?”

(Шыманская: ) “Плянуем выступіць ня горш як у Атлянце. У пляне ў нас ня менш пятнаццаці мэдалёў, зь іх тры–пяць залатых. Нашыя спартоўцы Леанцюк, Сівакова, дарэчы, інвалід у зроку… Фартунаў Ігар – вельмі спрытны спартовец, таксама інвалід у зроку. Шэпель – знакаміты ўсяму сьвету… У яго гэта чацьвертая паралімпійская гульня. Упершыню ён паехаў у складзе зборнай Савецкага Саюзу”.

(Стэльмак: ) “Інвалідам–спартоўцам, апроч здароўя ды спрыту, патрэбна адмысловая экіпіроўка. Ці забясьпечана ёю беларуская каманда?”

(Шыманская: ) “Пакуль што аніяк, калі казаць па-праўдзе. Спартоўцы трэніруюцца ў тым, што ў каго ёсьць. У нас, у паралімпійскім камітэце, таксама няма тых сродкаў, каб закупіць адмысловы абутак, ці трэніровачныя касцюмы. Выходзім з просьбаю да фірмаў, іншых арганізацыяў. Чатырнаццаць параў адмысловага абутку прыйшло ад замежнае спартовае фірмы… Ад “Кока-Колы”… Яны даюць вадзічкі папіць, “кока-колы” ці “спрайта” нашым хлопцам і дзяўчатам, калі яны трэніруюцца. Возьмем і з сабою.

Ну, справа йдзе. Прэзыдэнт наш, Жэлязоўскі Ігар, добра ведае сваю справу, ён у нас і сябра выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, з Лукашэнкай там сустракаецца…”

(Стэльмак: ) “Тамара Мікалаеўна, Вы ж таксама вядомая спартоўка ў Беларусі, а ці дапамагае вашая вядомасьць у вашай цяперашняй працы на гэтай пасадзе?”

(Шыманская: ) “Я ведаю ўсе нюансы, звязаныя непасрэдна са спартоўцамі, таму што ўсё гэта я прапусьціла праз сваю душу, праз свае нэрвы, праз свае клеткі цягліцавыя, праз галаву…”

(Стэльмак: ) “Да пачатку гульняў у Сіднэі засталася ня так ужо шмат часу. Апроч экіпіроўкі, якія яшчэ маеце цяжкасьці з падрыхтоўкаю каманды? Што хацелася б вырашыць у першую чаргу?”

(Шыманская: ) “Калі ў нас ідзе вучэбная падрыхтоўка, дык паводле сьметы ці паводле інструкцыі Міністэрства спорту й турызму, ёсьць 550 на вітаміны, 520 – на аднаўленьне. Ну што гэта? Мільён, мільён семдзясят, ну два… Ну што гэтыя два мільёны ў дзень?.. А каб добра есьці, дык у нас сродкаў няма. На здаровых не хапае. Што казаць, толькі паесьці – на дзень трэба чатыры мільёны. Здаровы атлет, які штурхае гэтае ядро, ну што гэта яму?.. Што ён зьесьці? Гэта ж яму на раз…”

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG