Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульнявыя каманды на Алімпіяду ня едуць, заняпад беларускага боксу, баскэтбол без ныркі


Гульнявыя каманды на Алімпіяду ня едуць,
заняпад беларускага боксу,
баскэтбол без ныркі

(эфір 19 Сакавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Сёньня ў “Заўзятары”:
– аніводная зь беларускіх камандаў у гульнявых відах спорту не патрапіла на Алімпіяду,
– заняпад беларускага боксу,
– ці можна гуляць у баскэтбол без ныркі.

(Цыганкоў: ) “На гэтым тыдні зборная Беларусі па хакею на траве прайграла ўсе чатыры матчы адборнага турніру да Алімпіяды ў Сіднэі, і зразумела, не прабілася ў фінал. Такім чынам, цяпер ужо можна дакладна сказаць, што аніводная зь беларускіх камандаў у гульнявых відаў спорту не патрапіць на Алімпіяду. Пра прычыны гэтага мы разважаем з намесьнікам рэдактара “Прессбола” Сяргеям Новікавым.

…Сяргей, скажыце, наколькі заканамерны гэты вынік, ці зьмянілася што-небудзь з часоў апошняй летняй Алімпіяды?”

(Новікаў: ) “У сэнсе параўнаньня з папярэднімі Алімпіядамі, на маю думку, адбылося тое ж самае – аніводная зь беларускіх гульнявых камандаў і ў 1996 годзе таксама не была прадстаўленая на Аліміпійскім турніры”.

(Цыганкоў: ) “Сярод гульнявых відаў спорту найлепшыя традыцыі ў беларусаў у гандболе. Ніхто, вядома, не разьлічваў, што на Алімпіяду патрапяць беларускія футбалісты ці баскэтбалісты, але ад гандбалістаў нашыя аматары прызвычаіліся чакаць большага на міжнароднай арэне. Што зараз адбываецца ў беларускім гандболе (тым больш, што, наколькі я ведаю, – гэта ваш улюбёны від спорту)?”

(Новікаў: ) “Беларускі гандбол прадстаўлены дзьвюма складовымі часткамі – мужчынскім і жаночым. Былыя традыцыі зьвязаныя перш за ўсё з мужчынскім – хаця зараз там ідзе рэгрэс і ён набірае тэмпы. У жаночым можна, бадай, казаць пра нейкі этап стагнацыі, але гэта стагнацыя на роўні, які не адпавядае патрабаваньям уваходжаньня ў эліту. Ужо тое, што нашая жаночая гандбольная каманда двойчы – у тым ліку летась – была ў фінале чэмпіянату сьвету, гэта ўжо вялікае дасягненьне. Але калі ўлічыць, што з таго чэмпіянату на Алімпіяду трапляла толькі 5 камандаў, а нашыя дзяўчаты занялі 14 месца, – мяркуйце самі, як далёка мы ад сапраўдных алімпійскіх шанцаў”.

(Цыганкоў: ) “І з чаго пачаўся гэты рэгрэс – калі вярнуцца ад гандболу зноў да ўсіх гульнявых відаў спорту”.

(Новікаў: ) “Усё пачалося з таго моманту, калі наш спорт утрымаў статус сувэрэннага й самастойнага. Мне здаецца, быў выбар разьвіцьця кірунку дзеяньняў – або разьвіваць мэдаляёмістыя, як кажуць, віды спорту, зьвязаныя зь нейкімі спартовымі асобамі, або разьвіваць гульнявыя, камандныя віды. Мне здаецца, у нас быў абраны першы кірунак. Гульні маюць найвялікшую цікавасьць у людзей, але й патрабуюць найбольшых матэрыяльных выдаткаў. І мне здаецца, добра разьвівацца камандныя віды спорту могуць толькі ў зьвязцы з эканомікаю, якая добра працуе. І ў гэтым, бадай, адказы на ўсе пытаньні – і чаму быў абраны такі кірунак, і чаму мы сёньня там, дзе мы ёсьць”.

(Цыганкоў: ) “З улікам агульнага эканамічнага крызысу ў постсавецкіх краінах, можа гэткі заняпад спорту – даволі агульная зьява для ўсіх маладых дзяржаваў?”

(Новікаў: ) “Мяне вельмі цікавіць увесь час параўнаньне, як разьвіваецца беларускі спорт (постсавецкі) і спорт постюгаслаўскі. Нібыта адбыліся ў нечым падобныя працэсы: вялікая краіна распалася на больш дробныя дзяржавы. Але ўвесь час задаеш сабе пытаньне – чаму атрымалася так, што постюгаслаўскія рэспублікі (не бярэм сюды Босьнію, якая разбураная вайною), застаўшыся паасобку, здолелі надаць нейкі імпульс развіцьцю спорту, у першую чаргу – гульнявога, падкрэсьлю. А ў нас адбылося ўсё наадварот…

Вось мне вельмі падабаецца прыклад Славеніі. Яна нечым нагадвае нашую Беларусь – былі аднолькавыя стартавыя ўмовы разьвіцьця ў эканоміцы і ў спорце. Славенскія каманды ніколі не былі ў эліце югаслаўскіх камандаў у гульнявых відах спорту. А што зараз? Умаім улюбёным гандболе зборная Славеніі заняла пятае месца на чэмпіянаце Эўропы й трапіла ў Сіднэй. Славенскія клюбы выходзяць у паўфіналы эўрапейскіх кубкаў. А ў футболе – памятаеце, як зборная Славеніі абыграла Ўкраіну, трапіўшы на чэмпіянат Эўропы?

…У чым справа? Адказ просты. Давайце браць Славенію ня толькі ў спорце. Там зараз на адну сям’ю прыходзіцца два аўтамабілі. Гэта тое, што зрабілі рэальна краіна за гэтыя гады сваёй незалежнасьці. Яна бяз стрэлаў яе атрымала – спакойна, прыкладна, гэтак як і мы. Але яна адразу ўзяла кірунак на рынкавыя прынцыпы разьвіцьця эканомікі й спорту. Падатковыя палёгкі для тых, хто ўкладае грошы ў спорт. Я ўжо не кажу пра палёгкі клюбам і зборным…”

(Цыганкоў: ) “Можа, беларускае дзяржаве, улічваючы недастатковасьць рэсурсаў, варта засяродзіць сваю ўвагу толькі на адным з гульнявых відаў спорту, як, напрыклад, гэта зроблена, з хакеям”.

(Новікаў: ) “Увогуле, ёсьць некалькі шляхоў разьвіцьця спорту. Можна пад прымусам будаваць лядовыя палацы або залы для заняткаў мастацкай гімнастыкаю. Магчыма, так таксама можна чагосьці дасягнуць. Але можна проста стварыць умовы, калі простым, зразумелым і эканамічна зручным спосабам існаваньня спорта будзе пабудова такіх палацаў – не пад прымусам, а проста зыходзячы з нармалёвай лёгікі разьвіцьця грамадзтва. Ад’едзьце на некалькі дзясяткаў кілямэтраў на захад ад Берасьця – у Беласток ці Люблін – і вы ўбачыце, як гэта робіцца. Усё проста”.

* * *

(Цыганкоў: ) “Падобна на тое, што беларускія баксэры яшчэ за паўгады да пачатку летніх Алімпійскіх гульняў у Сіднэю апынуліся ў накаўце. Усё йдзе да таго, што ніхто зь іх ня трапіць на алімпійскі турнір. Пра прычыны, якія перашкаджаюць майстрам скураное пальчаткі дамагацца вялікіх посьпехаў, распавядае наш менскі карэспандэнт Уладзімер Глод…”

(Глод: ) “Бокс, як вядома, ня толькі адзін з самых старажытных, але й надзвычай папулярны й сёньня від спорту. Таму жадаючых выступіць на 27-х летніх Алімпійскіх гульнях, якія пачнуцца праз паўгады ў сталіцы Аўстраліі, надзвычайна вялікая колькасьць. І калі б ніхто не абмяжоўваў аматараў выйсьці на алімпійскі рынг, дык турнір гэты зацягнуўся бы, мабыць, на некалькі месяцаў. Калі ня больш. У такой сытуацыі Міжнародны алімпійскі камітэт вымушаны быў перайсьці на сыстэму ліцэнзіяў – гэта азначае, што вызначаюцца некалькі міжнародных турніраў, паводле вынікаў якіх, лепшым налічваюць пэўную колькасьць пунктаў. І толькі той баксэр, які набярэ адпаведную заліковую суму, атрымлівае ліцэнзію, або права выйсьці на рынг у Сіднэю.

Фэдэрацыя боксу Беларусі плянавала атрымаць як мінімум чатыры алімпійскія ліцэнзіі. Асноўныя разьлікі рабіліся на Сяргея Дычкова, Сяргея Быкоўскага, Вадзіма Мезгу, Вадзіма Мецялева. Усе яны атрымалі магчымасьць удзельнічаць у бальшыні неабходных для іх турніраў. Але вынікі іхных баёў на рынгу йнакш як правальнымі не назавеш. Яны ўступілі спартоўцам, бальшыня зь якіх лічыліся слабейшымі за беларускіх.

Праўда, тэарэтычна дзьве магчымасьці трапіць у Сіднэй яшчэ застаюцца, паколькі да пачатку Алімпійскіх гульняў пройдуць два пяршынства – Эўропы й сьвету. Але на такіх прадстаўнічых турнірах перамогі даюцца як ніколі цяжка, і таму надзеі на нейкі посьпех тут вельмі й вельмі невялікія.

Як жа так атрымліваецца, што Беларусь – дзе любяць бокс, дзе былі падрыхтаваныя алімпійскі чэмпіён 1988 году Вячаслаў Яноўскі, сярэбраны мэдаліст чэмпіянату Эўропы Эдуард Дубоўскі, двухразовы чэмпіён Савецкага Саюзу Анатоль Беразюк ды іншыя вядомыя спартоўцы – хутчэй за ўсё ня будзе прадстаўленая на галоўным турніры чатырохгадовага алімпійскага цыклю нават адным спартоўцам?

Адказ вельмі просты, але на жаль і заканамерны: на бокс ужо добрых 10 год як махнулі рукою. Што й пацьвярджаецца наступнымі прыкладамі – 10 год таму ў Беларусі было 20 спэцыялізаваных заляў па боксу, у якіх можна было весьці паўнавартасны навучальна-трэніровачны працэс, цяпер іх засталося толькі сем. Пазачыняліся залі, а зь імі, зразумела, і сэкцыі. І ня толькі ў раёнах, але нават і ў некаторых абласных дзіцяча-юнацкіх школах, вучэльнях алімпійскага рэзэрву.

У той час з аматарамі баёў у скураных пальчатках займаліся 50 трэнэраў, цяпер іх засталося менш за 30. Найбольш пагоршыліся справы ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях. Ды нават у Менску, які заўжды быў баксэрскім цэнтрам Беларусі, у вапошнія гады перасталі рыхтаваць кадры для нацыянальнай каманды.

10 год, згубленых для спорту – час вялікі. І нават калі зь цягам часу і адбудзецца нейкі пералом, спатрэбіцца шмат год, каб беларускі бокс выйшаў з таго накаўту, у якім ён цяпер знаходзіцца”.

* * *

(Цыганкоў: ) “На гэтым тыдні ў аўторак у Нацыянальнай Баскэтбольнай асацыяцыі адбылася гістарычная для ўсяго сьветнага спорту падзея. На поле ў складзе сваёй каманды, чэмпіёна NBA, клюба “San Antonio Spurs” выйшаў форвард Шон Эліёт. Ён стаў першым у гісторыі атлетам, які прафэсійна займаецца спортам з перасаджанай ныркаю. Апэрацыя прайшла 16 жніўня летась, засталіся ў мінулым цяжкая хвароба й даўгі курс рэабілітацыі. І хаця лекары ад самога пачатку катэгарычна не выключалі магчымасьці для Эліёта вярнуцца ў NBA, яшчэ аніводзін баскэтбаліст ў сьвеце не гуляў у наймацнейшай лізе пасьля падобнай апэрацыі. Пэўную драматургію ўсёй гэтай гісторыі надае і той факт, што Эліёту была перасаджаная нырка ад ягонага старэйшага роднага брата Ноэла.

У сваім стартавым матчы пасьля апэрацыі ў ваўторак 32-гадовы Эліёт набраў усяго два ачкі, яле яны былі здабытыя вельмі прыгожа, у гэтак званым слэм-данку, калі баскэтбаліст у палёце зьверху ўбівае мяч у кошык. “Для такога ўдару трэба шмат сьмеласьці”, – адзначыў адзін з гульцоў каманды супернікаў.

Сам Эліёт выказаў пэўнае зьдзіўленьне тым, як добра ён пачувася на пляцоўцы. “Я ня думаў, што буду адчуваць свае ногі ад самага пачатку гульні. Нэрвы – найбольшая справа, якую мне трэба было перамагчы”, – зявіў форвард.

Як ён і папярэджваў перад пачаткам гульні, першыя свае матчы ён плянуе праводзіць на пляцоўцы толькі каля 10-12 хвілінаў. Адказваючы на пытаньне, ці хвалюецца ён, што хто-небудзь у барацьбе можа патрапіць у ягоную нырку, Эліёт сказаў, што такая думка нават не прыходзіла яму ў галаву.

Некаторыя прадстаўнікі “San Antonio Spurs” выказвалі перасьцярогу, што выхад Эліёта на пляцоўку – ня самая лепшая ідэя для каманды. Камэнтуючы такія меркаваньні, форвард адзначыў, што вакол падобных трансплянтацыяў было шмат мітаў, і нават ён сам шмат чаго ня ведаў. “Калі я дасьледваў сытуацыю, гаварыў з лекарамі, я зразумеў, што магу быць нармалёвым чалавекам і для мяне гуляць бясьпечна”, – заявіў Эліёт”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG