Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<BIG>Праца ў Польшчы (1)</BIG>


Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук. Эфір 14 красавіка 1999

У апошняй перадачы мы гаварылі, што кожны чацьверты беларус хацеў бы выехаць за мяжу на заробкі. Ня проста выехаць з палітычных прычынаў, але якраз эканамічных. Прычына гэтага вядомая: надзвычайнае зьбядненьне народу. У сярэднім беларус зарабляе 30-35 даляраў у месяц, удвая менш чым год таму, і пры гэтым цэны на многія тавары аднолькавыя або нават вышэйшыя, чым у багацейшых краінах. Паводле праведзенага літаральна днямі апытаньня, 37% беларусаў хацелі б, каб жыцьцё ў Беларусі было такое, як у Нямеччыне, 25% — як у ЗША, 10% — як у Польшчы, 3% — як у Кітаі і толькі 1% — як у Расеі.

Зь ліку тых беларусаў, хто хацеў бы выехаць за мяжу на заробкі, даволі вялікі адсотак аддаюць перавагу Польшчы. Для шмат каго з нашых суайчыньнікаў — гэта эрзац Захаду. Вось як ацэньвае жыцьцё ў Польшчы цытаваны намі ўжо ва ўводнай перадачы тыдзень таму Ўладзімер Петрашкевіч, які ўжо два гады жыве і працуе ў Легіянове каля Варшавы.

(Петрашкевіч:) «У размовах беларусы, што тут працуюць, кажуць, што ўсё-такі лепш жыць у Беларусі, але ў Польшчы працаваць. Каб хто выказваў жаданьне застацца ў Польшчы на пастаянна, забраць сюды сям’ю — дык такога я ня чуў. Напэўна, пэрспэктыва застацца на пастаянна зьвязаная зь вельмі вялікімі праблемамі. Людзі ведаюць, што гэта вельмі няпроста. Што тычыцца мяне, дык хачу сказаць прама: пасьля пераезду ў Польшчу я сябе адчуў чалавекам, першы раз у жыцьці. Такая вось праўда. Хоць няма свайго жыльля, з працай як прыйдзецца, але усё роўна... У Беларусі, як гаворыцца, мне ў розных сфэрах прыходзілася бываць і там пастаянна дзяржава чалавека душыць. Тут дзяржава жыць не перашкаджае. Любы менш-больш ініцыятыўны чалавек, з жаданьнем папрацаваць на сябе, у большасьці выпадкаў тут дасьць сабе рады. У матэрыяльным сэнсе ён будзе мець больш-менш амаль эўрапейскае жыцьцё. Усё-такі, сацыялізм у Польшчы хоць і ня быў лепшы, але гістарычна тут узровень жыцьця быў лепшы і нават сацыялізм за гэтыя 50 гадоў не пасьпеў усяго гэтага зраўняць. На падставе гэтага Польшча адбілася ад дна і добра стартавала. Я гэта тлумачу тым, што сацыялізм у Польшчы прыжыўся толькі звонку. У галовах людзей ён так і не пасяліўся. Паляк як быў прыватнікам, так прыватнікам і застаўся. І таму такіх чыста псыхалягічных праблемаў у сувязі з рынкавай эканомікай, якія маюцца ў Беларусі — тут іх не было і няма. Паляк заўсёды быў чалавек рынкавы, і як толькі дзяржава дазволіла займацца ўсім гэтым нармальна, легальна, як па ўсім сьвеце, палякі апынуліся як бы ў сваёй стыхіі, у сваёй нармальнай, натуральнай стыхіі. І гэта вельмі вялікая розьніца. Як я параўноўваю Беларусь, Расею або Ўкраіну, дык усё тлумачу тым, што ў галовах людзей. Там, калі у чалавека ў галаве калхоз, дык ён рынкавую эканоміку, як бы сказаць, толькі так, пэрыядычна для сябе будзе выхопліваць, але ўсё засталося так, як і было. Не зьмяніўся мэнталітэт».

Польшча сапраўды хутка разьвіваецца і паволі, але паступова прыпадабняецца да Захаду. Не хачу тут абцяжарваць слухачоў нуднай статыстыкай і абмяжуюся толькі адным красамоўным паказчыкам: сярэдні заробак у Польшчы складае 300 даляраў у месяц. Гэта у 7-10 разоў менш за найбагацейшыя краіны, але для беларуса, гэта у 7-10 разоў больш і гэта — вырашальны фактар. Гэтулькі, менш або больш, у залежнасьці ад шэрагу дадатковых умоваў, ён можа ў Польшчы зарабіць. Акрамя таго, у адрозьненьне ад ЗША, або Нямеччыны, прыехаць у Польшчу адносна лёгка. Як паведаміла мне дырэктар Галоўнай Мытнай Управы ў Варшаве Крыстына Урбаньска, нават пасьля далучэньня Польшчы да НАТО, на беларуска-польскай мяжы нічога не зьмянілася:

(Урбаньска:) «Няма ў нас уезных візаў. Прыежджыя мусяць мець адпаведную суму грошай на час свайго побыту ў Польшчы або запросіны, і тады яны ня мусяць мець гэтых грошай, або маюць ваўчэры, сродкі на пакрыцьцё выдаткаў, зьвязаных з прыездам».

У Польшчу ня толькі адносна лёгка прыехаць з прычыны памежных правілаў. Чарговыя плюсы — гэта геаграфічная блізкасьць, сямейныя і сяброўскія сувязі, наяўнасьць немалога беларускага насельніцтва, амаль поўная адсутнасьць мэнтальнага і моўнага бар’ераў, бо беларус з палякам дамовяцца без усякіх слоўнікаў. Акрамя таго, пра што таксама будзе гутарка пазьней, у Польшчы адносна больш лібэральныя, менш жорсткія, чымся напрыклад у Заходняй Эўропе, законы датычныя занятасьці.

З прычыны ажыўленых кантактаў беларусы наогул добра ведаюць пра рэаліі жыцьця ў Польшчы, што найлепш аплочваецца, дзе можна нядрэнна зарабіць. Згодна з статыстыкай, гэтыя веды і адносна лёгкі ўезд у Польшчу яны пераважна скарыстоўваюць у гандлёвых мэтах. Хоць паўтара года таму памежны гандаль скараціўся, ён ужо менш аплочвацца, чым раней, але ўсё роўна нездарма гаворыцца, што «выгадней хоць бы трошкі пагандляваць, чымся цяжка працаваць». Аднак у дадзеным выпадку нас цікавіць пазагандлёвая праца: легальная і «па-чорнаму». Ведаючы, што Польшча менш прыцягальная, чым заможны Захад, я сьпярша пацікавіўся — колькі ўсё-такі ў Польшчы заробкавых імігрантаў? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся ў Дэпартамэнт Заробкавай Іміграцыі Міністэрства Ўнутраных Справаў і Адмністрацыі. Вось што паведаміў мне дырэктар Дэпартаманту Заробкавай Іміграцыі Марэк Лішэўскі:

(Лішэўскі:) «Не існуюць вылічэньні заробкавай іміграцыі, і гэта тычыцца ня толькі Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Тут толькі робіцца прыблізная ацэнка, і робяць яе ўстановы, якія займаюцца міграцыяй наогул: Дзяржаўны Камітэт Статыстыкі або некаторыя ВНУ. Дарэчы заробкавая эміграцыя, гэта толькі нейкая частка эміграцыі. Няма такіх лічбаў, што, дапусьцім, нелегальных імігрантаў зь Беларусі гэтулькі. Праўдападобна ўсіх імігрантаў у Польшчы каля ста тысяч чалавек».

Паводле Марка Лішэўскага, на мяжы рэгіструецца толькі ўезд і выезд. Тым, што робіць чужынец у Польшчы займаюцца ужо спэцыяльныя ворганы ў выпадку парушэньня імі нейкіх законаў. У выпадку рэкету, злачыннасьці або перавозу праз усходнюю мяжу крадзеных аўтамабіляў — гэта паліцыя і службы бясьпекі, а што тычыцца нелегальнай працы, дык — кантрольныя ворганы мясцовай Управы Працы.

Паколькі толькі нязначны працэнт чужынцаў, і беларусаў у прыватнасьці, аддаюць перавагу цёмным інтарэсам, я пацікавіўся ў дырэктара Лішэўскага, як пасьлядоўна выглядае працэдура атрыманьня дазволу на працу, паколькі напэўна ня ўсе зацікаўленыя гэта ведаюць. Вось, што ён сказаў:

(Лішэўскі:) «Згодна з польскімі законамі, з заяўкай на дазвол на працу для чужынца выступае польскі працадаўца, гаспадарчы суб’ект польскага права. Працэдура выглядае гэтак: працадаўца піша заяўку на адрас дырэктара Ваяводзкай Управы Працы. Той заяўку разглядае, аналізуе з улікам сытуацыі на мясцовым рынку працы. Калі справа тычыцца прафэсіі, у якой на месцы шмат людзей шукае працу, дык чужынец не атрымае дазволу на працу. Калі аднак дырэктар палічыць заяўку працадаўцы абгрунтаванай, дык дае яму дакумэнт пад назвай «дазвол». Гэты дакумэнт дазваляе чужынцу зьвярнуцца з просьбай аб візе на попыт у Польшчы. Заяўку на такую візу ён складае ў польскім консульстве ў сваёй краіне ў месцы жыхарства. Гэта значыць, што ў дадзеным выпадку беларус ня едзе ў Польшчу ў якасьці турыста, але з правам на жыхарства і працу. Калі такі беларус прыедзе ў Польшчу, тады працадаўца робіць зь ягонага пашпарта копію візы з дазволам на працу, далучае да сваёй ранейшай заяўкі, паказвае ва Ўпраўленьні Працы пашпарт беларуса, пацьверджаньне яго часовай прапіскі, і на падставе гэтага атрымоўвае дакумант, званы «згодай», які выглядае як пашпарт. І толькі тады чужынец можа падпісаць дагавор аб працы і на час, прадбачаны дагаворам, легальна працуе ў Польшчы. У выпадку нейкага кантролю ён паказвае дакумэнты, і ўсё ў парадку. Калі канчае працу згодна з прызначаным тэрмінам, тады працадаўца вяртае ва Ўпраўленьне Працы дакумэнты чужынца. Паведамляе таксама ў выпадку, калі зь нейкай прычыны чужынец кончыць працу раней».

Гэтак, паводле дырэктара Дэпартамэнту Заробкавай Іміграцыі Марка Лішэўскага, выглядае працэдура атрыманьня дазволу на працу ў Польшчы. Нагадаю яе сутнасьць: патэнцыяльны працаўнік павінен увайсьці ў кантакт з будучым працадаўцам, і той даказвае мясцовым уладам, што гэты чужынец неабходны, ніхто ня можа яго замяніць. Атрымаўшы права на працу для чужынца, узяты намі для прыкладу беларус толькі тады прыяжджае ў Польшчу на працу. Марэк Лішэўскі не пагадзіўся з думкай, што гэта складаны працэс і даўгая бюракратычная валакіта. Наадварот. Марэк Лішэўскі паведаміў, што адносна лёгка атрымоўваюць такі дазвол на працу у сярэднім 15-17 тысячаў чужынцаў. На жаль, што нас асабліва цікавіла б, ніхто не вядзе статыстыкі — колькі сярод іх Беларусаў.

Тады я пацікавіўся: у якой спеэцыяльнасьці чужынец найлягчэй можа атрымаць працу, дзе пераважна працуюць Беларусы?

Але пра гэта — у наступнай перадачы.

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG