Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трава, што расьце праз асфальт: стаўленьне беларусаў да рынкавай эканомікі


(эфір 30.06.2000)

Удзельнічаюць: Андрэй Вардамацкі, Аляксандар Сасноў.

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст.

Абраньне ў 1994 годзе прэзыдэнтам Лукашэнкі было, апроч усяго, формаю антыкапіталістычнага, антыбуржуазнага пратэсту. Новыя эканамічныя стасункі выклікалі абурэньне й разгубленасьць у значнай часткі жыхароў Беларусі. Прычынаю гэтага было ня толькі падзеньне жыцьцёвага ўзроўню (хаця адбывалася і гэта), але ці ня больш жорсткім стрэсам быў маральны дыскамфорт: стала неабходна “круціцца”, зарабляць грошы. Раздражняла і зьяўленьне багатых людзей, якія ня толькі не хавалі свае грошы, але й дэманстравалі сваё багацьце, сваю адрознасьць ад астатніх. Новы эканамічны лад быў выклікам ня толькі савецкай мэнтальнасьці, але й сялянскай псыхалёгіі дробнае гаспадарачкі, з’арыентаванае на ўласнае спажываньне. “Хай прыйдзе той, хто ўсім “гэтым” пакажа”, – гэтае памкненьне й прывяло ўчарашняга дырэктара саўгасу на вяршыню ўлады.

І ён, варта адзначыць, гэтыя спадзяваньні апраўдаў цалкам. Усе этапы “вялікае барацьбы” ўлады з “вашывымі блыхамі” пераказваць тут ня варта. Але ўсё, што можна было зрабіць, каб спыніць усталяваньне рынкавых стасункаў, “народны мсьціўца” на чале дзяржавы безумоўна зрабіў.

Аднак народныя спадзяваньні былі на самой справе дваістымі: ня толькі на аднаўленьне справядлівасьці савецкага гатунку, але й на больш-менш прыстойнае пры гэтым жыцьцё. Але зь першага, як высьветлілася, другое зусім не вынікае.

Па-першае, савецкая эканамічная сыстэма выпрацавала свой рэсурс ужо ў савецкі час і распалася зусім не выпадкова. Па-другое, аднавіць яе ва ўсёй “прыгажосьці” ў маленькай краіне, якая ня мае мінэральных рэсурсаў, і знаходзіцца ў атачэньні дзяржаваў больш-менш рынкавых – справа складаная, калі не зусім марная.

Як казаў брытанскі парадаксаліст Аскар Ўайльд: “Найлепшы сродак пераадолець спакусу – гэта паддацца ёй”. Была спакуса пазбавіцца жахаў “дзікага капіталізму” – пазбавіліся, зараз адчуваем “асалоду” ад іншых жахаў.

Сацыялягічныя дасьледваньні сьведчаць пра тое, што беларуская масавая сьвядомасьць сапраўды пачынае пакрысе пераадольваць спакусу.

Гаворыць намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) “Апытаньні жыхароў краіны паказваюць, што стаўленьні беларусаў да рынкавае эканомікі зь цягам часу мяняюцца. Вось якія былі адказы тры гады таму…
Дзьве траціны рэспандэнтаў абралі тады рынкавую эканоміку. Цяпер у красавіку 2000 году такіх было ўжо 3/4.
А вось эканоміку плянавую тры гады таму абіралі 30,3%, а зараз – толькі 22,7%. Так што навідавоку вельмі добрая тэндэнцыя.

Таксама мяняецца стаўленьне да складнікаў рынкавай эканомікі. Калі тры гады таму на дзяржаўных прадпрыемствах жадалі працаваць 63% рэспандэнтаў, дык зараз – толькі 48%. З другога боку, на прыватных прадпрыемствах тады хацелі працаваць 28%, цяпер – 40%”.

Гаварыў Аляксандар Сасноў.

Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які зьнішчае антырынкавыя забабоны. Спрабуючы вярнуць савецкую эканамічную сыстэму, улада ня здольная вярнуць нават той, ня надта высокі, стандарт спажываньня, які існаваў у савецкі час.

У краінах, якія абралі курс рэформаў, улада прымае адмысловыя захады, каб заахвоціць людзей займацца прыватным бізнэсам. У сучаснай Беларусі ўлада робіць цалкам адваротнае, але самое жыцьцё, неабходнасьць выжыць прымушае беларусаў ісьці ў прыватнае прадпрымальніцтва. І гэты працэс закранае сотні тысячаў людзей. Можа, далёка ня кожны зь іх апантаны ідэаламі лібэралізму, але іх будзённае жыцьцё фармуе прыхільнасьць да эканамічнае свабоды лепш за любыя кніжкі й лекцыі. Прадпрымальніцтва расьце, як трава праз асфальт, насуперак неспрыяльным умовам.

У сваю чаргу, мяняецца стаўленьне людзей ня толькі да абстрактнай ідэі рынкавай эканомікі, але й да айчыннага прадпрымальніцтва.

Ізноў гаворыць Аляксандар Сасноў…

(Сасноў: ) “Мяняецца стаўленьне й да прыватнага бізнэсу і бізнэсмэнаў. Ужо прыкладна 1/5 частка апытаных кажа, што мела бізнэсовы досьвед і зьбіраецца яго працягваць, а яшчэ траціна лічаць, што бізнэсам займацца варта, і яны самі хочуць стаць прыватнымі прадпрымальнікамі”.

Гаварыў Аляксандар Сасноў.

Існуюць і іншыя прычыны зьмены стаўленьня грамадзкае сьвядомасьці да рынкавай эканомікі. Паводле апытаньняў, амаль кожны другі беларус – хто часьцей, хто радзей – карыстаецца паслугамі прыватных крамаў. Так што ў рынкавую практыку ўцягваюцца ня толькі людзі, якія дабрахвотна ці прымусам абставінаў ідуць у бізнэсмэны.

Ускосна пра гэта сьведчыць і стаўленьне людзей да прадпрымальніцкіх страйкаў, якія праходзілі ў апошнія гады. У адрозьненьні ад апазыцыйных акцыяў, у падтрымку якіх выказваюцца ад 20 да 30%, акцыі пратэсту дробных бізнэсоўцаў ухваляюць 3/4 апытаных.

Варта улічваць і тое, што ў новага пакаленьня беларусаў, што прыйшло ў сьвет у новы час, істотна іншыя каштоўнасьці, чым у іх папярэднікаў. Калі для сярэдняга беларуса галоўныя чыньнікі шчасьця, паводле апытаньняў, – гэта парадак, праца і сям’я, дык для моладзі – грошы, сям’я і законнасьць. Трыяда маладзёвых каштоўнасьцяў стасуецца з рынкавай эканомікаю куды лепш, чым трыяда каштоўнасьцяў сярэдняга беларуса.

Мы ўжо казалі пра тое, што надыход новых эканамічных стасункаў стаў шмат для каго ня толькі матэрыяльным, але й маральным шокам. І дагэтуль людзі па рознаму адказваюць на пытаньні пра эфэктыўнасьць і справядлівасьць рынкавай эканомікі.

Гаворыць кіраўнік сацыялягічнае лябараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі.

(Вардамацкі: ) “Існуе шэраг індыкатараў, якія адназначна фіксуюць, што сярод жыхароў краіны ў цяперашні час дамінуюць арыентацыі на рынкавую эканоміку.

Адзін зь іх такі: “Ці лічыце Вы, што рынкавая эканоміка больш эфэктыўная, чым плянавая?” На пытаньне адказалі станоўча 57,8%, адмоўна – 21,1%. Як бачым, прыхільнікі рынкавай эканомікі відавочна дамінуюць над праціўнікамі болей чым удвая. Ключавое слова ў гэтым пытаньні – “эфэктыўнасьць”. Гаворака йдзе пра ацэнку ў прагматычным сэнсе.

У рэгіянальным кантэксьце найбольшы сэнс эфэктыўнасьці рынкавай эканомікі даюць Менск і Берасьцейская вобласьць, найменшы – Віцебская, Магілеўская і Менская вобласьці.

Другі індыкатар быў сфармуляваны гэтак: “Ці лічыце Вы, што рынкавая эканоміка больш справядлівая, чым плянавая?”. Тут адказалі, што больш справядлівая рынкавая эканоміка – 48%, а што больш справядлівая плянавая – 28,2%. У гэтым пытаньні ключавым зьяўляецца слова “справядлівасьць”. Гэта значыць, што размова йдзе пра маральны аспэкт параўнаньня плянавай ды рынкавай эканомікаў. У нашым апытаньні й паводле маральнага парамэтру бальшыня рэспандэнтаў аддае перавагу рынкавай эканоміцы.

Па рэгіёнах захоўваецца традыцыйная карціна – Менск і Берасьцейшчына аддаюць перавагу рынкавай эканоміке. Менск – 58,4%, Берасьцейская вобласьць – 62,3%. Найменш – Магілеўская (35,8%) і Менская (39,8%) вобласьці.

Дасьледную цікавасьць прадстаўляюць адрозьненьні ацэнак рынкавай эканомікі з прагматычнага й маральнага бакоў. Па краіне ў цэлым яе прагматычная эфэктыўнасьць ацэньваецца вышэй за маральную справядлівасьць. У рэгіянальным кантэксьце найбольшыя адрозьненьні паказвае Магілеўская вобласьць – тут розьніца “практыка” мінус “мараль” складае 16,5% на карысьць маралі.

Такім чынам паводле абодвух асноўных парамэтраў – прагматычнаму й маральнаму – беларуская масавая сьвядомасьць аддае перавагу рынкавай эканоміке”.

Гаварыў сацыёляг Андрэй Вардамацкі.

Існуе розьніца ня толькі паміж ацэнкамі рынкавай эканомікі з пунктаў гледжаньня эфэктыўнасьці й маралі. Прымаючы рынкавую эканоміку ў агульным пляне, людзі часам адмоўна ставяцца да яе неад’емных складнікаў.

Зноў гаворыць Андрэй Вардамацкі…

(Вардамацкі: ) “Але ж казаць пра ясную арыентацыю людзей на рынкавую эканоміку вельмі складана. Мы задавалі пытаньне: “Ці павінна дзяржава кантраляваць цэны на тавары й паслугі, ці цэны мусяць быць свабоднымі?”.
Першы варыянт адказу:
“Дзяржава павінна кантраляваць цэны на ўсе тавары, харчовыя прадукты й паслугі” – 45,5%,
“На асноўныя тавары й харчовыя прадукты” – 37,2%
і “Ўсе цэны мусяць быць свабоднымі” – 21,7%.

Параўнаем гэтыя дадзенныя з адказамі на пытаньне пра эфектыўнасьць рынкавае эканомікі.
Тут толькі 22,1% выказаліся на карысьць плянавай эканомікі.
За кантроль жа над цэнамі на ўсе тавары выказаліся 45,5%.

Але менавіта такі поўны кантроль – самая яўная характарыстыка плянавай эканомікі. Такім чынам можна хутчэй гаварыць пра супярэчліваю арыентацыю на рынкавую эканоміку”.

Гаварыў кіраўнік сацыялягічнае лябараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі.

Зьмены ў сьвядомасьці, тым больш такія супярэчлівыя, як у Беларусі, не вядуць аўтаматычна да сацыяльных і палітычных зьменаў. Але наяўнасьць зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці сьведчыць пра тое, што жыцьцёвая сіла “травы” ўсё ж такі перамагае “асфальт”.

Часам можна пачуць, што Эўропа для беларусаў – недасягальная мэта, бо яны ня могуць пазбавіцца настальгіі па “залатым брэжнеўскім часе”. Але цікавы факт: напачатку 60-х гадоў у Заходняе Нямеччыне праводзілі сацыялягічнае дасьледваньне, пад час якога рэспандэнтам задавалася пытаньне: калі жыцьцё ў Нямеччыне было лепш – зараз, напачатку 60-х гадоў, ці ў 1932 – апошнім перадгітлераўскім годзе. Напачатку 60-х гадоў Нямеччына ўжо пераадолела наступствы вайны, эканоміка йшла на пад’ём, але бальшыня адказала, што жыцьцё ў 1932 годзе было лепшым.

Нават гледзячы назад, грамадзтва рушыць наперад.

Юры Дракахруст

XS
SM
MD
LG