Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук

Мінулым разам, з прычыны нястачы часу, мы толькі згадалі і абяцалі вярнуцца да надзвычай зьмястоўнага ліста, які прыслаў нам наш пастаянны слухач Спадар Мечыслаў Юшкевіч з польскага гораду Жары. Ён кажа, што мог бы пісаць па беларуску, але па-польску яму лягчэй, і акрамя таго ён упэўнены, што мы паліглоты.

Сапраўды, супрацоўнікі беларускай службы Радыё Свабода валодаюць некалькімі мовамі: ангельскай, нямецкай, французкай, літоўскай, эстонскай, украінскай, чэскай і зразумела мы ня мелі ніякай праблемы з польскамоўным тэкстам.

Наш слухач з Польшчы піша, што "хацеў бы прадставіць свае думкі пра беларускія справы, якія шмат у чым адрозніваюцца ад каментароў журналістаў і ад поглядаў беларускай апазыцыі". Ён у асноўным зьвяртае увагу на розныя аспэкты беларуска-расейскага абьяднаньня.

" Пляны Лукашэнкі, гэта у 100% пляны крайняга расейскага нацыяналіста. Яны зводзяцца да як мага поўнага паглынаньня Беларусі Расеяй. З другога боку, ня трэба ўсёй віны ускладаць на " феадала" Лукашэнку, бо вакол яго поўна надзвычай руплівых памочнікаў. Усе наемнікі павінны памятаць, што гітлераўцам ні у чым не памагло ускладаньне усёй віны пэрсанальна на Гітлера. Што тычыцца абьяднаньня дзьвюх краінаў, дык гэтай мэце служыць нават паглыбленьне эканамічнага крызісу, паколькі лягчэй грамадзтву абяцаць дабрабыт пасьля абьяднаньня, тым болей, што многія сумуюць за дабрабытам гэтак званага "застойнага перыяду". З пункту погляду інтарэсаў Лукашэнкі, даволі разумная была спасылка на Гітлера і скандал вакол Драздоў, бо для шмат каго, гэта быў знак, што краінай кіруе моцны чалавек. Савецкае выхаваньне жывучае і частка Беларусаў сумуе і за такім моцным чалавекам, які возьме за шкірку усякіх шкоднікаў.

Нельга не згадзіцца з думкай, што туга па "вялікай дзяржаве" "парадку" і "моцным кіраўніку" вельмі пашыраныя у беларускім грамадзтве, і Лукашэнка умела скарыстоўвае гэтыя сэнтымэнты. Лукашэнка прыйшоў да улады ў якасьці змагара з карупцыяй, бо таксама трапна адчуў настроі у грамадзтве. Гэтак робяць усе папулісты, і на нашую думку шкада толькі, што гэтак памалу грамадзтву адкрываюцца вочы.

Спадар Юшкевіч піша, што Расейцы лічаць Беларусь часткай сваёй краіны гэтак як Стаўропальскі край і напэўна больш расейскай чымсьці Татарстан. Для іх гэта - Захад як у геаграфічным, так і ў эканамічным сэнсе - значыць, заможная краіна. Калі нават нехта лічыць, што Беларусь цывілізацыйна запозьненая, застыла у 19-м стагодзьдзі, дык значная частка глыбіннай Расеі застаецца у 18-м стагодзьдзі, або нават у сярэдневеччы. У Расеі можна гаварыць толькі пра астравы адносна высокай цывілізацыі, як Масква, Санкт-Пецярбург, сталіцы аўтаноміяў, вобласьцяў і памежныя раёны. Сярэдзіна- гэта цывілізацыйная пустэча. Беларусь належала да памежных раёнаў і у савецкія часы пра яе трэба было дбаць з прапагандыскіх меркаваньняў. Спадар Юшкевіч, які бываў у глыбіннай Расеі, лічыць, што людзі на вёсцы у заходняй Беларусі жывуць лепш, чымсці у прамысловым горадзе Энгэльсе каля Саратава.

З гэтым можна пагадзіцца, але не зусім. Глыбінка заўсёды цягнецца у хвасьце за цэнтрам і не пасьпявае за ім і ў добрым і ў дрэнным. Нельга забываць, што эканамічныя рэформы у Расеі пайшлі далей чым у Беларусі. На гэты факт зьвяртаюць увагу ўсе эканамісты і лічаць, што гэта - істотная перашкода у абьяднаньні.

На думку спадара Мечыслава Юшкевіча, усе адметнасьці паміж Беларусьсю і Расеяй не выключаюць магчымасьці іх абьяднаньня і гаворка пра гэтым толькі зьмяншае пільнасьць. У інтэграцыі можа перашкодзіць толькі зьмена настрояў у грамадзтве, але трэба над гэтай зьменай працаваць. Трэба праводзіць падлікі палітычных, эканамічных і экалагічных прыбыткаў і стратаў ад супрацоўніцтва з Расеяй. З такіх падлікаў атрымаецца, што на самой справе гэтае супрацоўніцтва шкоднае для Беларусі, і што, пастаўляючы энэрганосьбіты, Расея у у ніякім выпадку Беларусі не утрымоўвае. Вельмі важна даводзіць гэта да ведама грамадзтва, якое лёгка верыць, што без Расеі Беларусь загіне.

На нашу думку, Спадар Юшкевіч вельмі слушна падкрэсьлівае менавіта гэтую акалічнасьць. Многія вераць, што без вялікай Расеі Беларусь загіне, бо не мае ні нафты, ні газу ні золата. Як жа людзі могуць не верыць у гэта, калі праўда да іх амаль не даходзіць. Апазыцыйныя СМІ спрабуюць пісаць і гаварыць аб гэтым, але афіцыйная прапаганда гэтыя галасы дыскрэдытуе і заглушае . Улада мае у руках моцны козыр. Хопіць узімку закруціць курок з газам і заявіць: вось бачыце, што мы зрабілі б без Расеі!

Наш слухач лічыць, што нават у цяперашніх умовах апазыцыя не павінна апускаць рукі. Перш за усё яна павінна абьяднацца і дзейнічаць згодна. Спадар Юшкевіч піша:

Заміж таго, каб спадзявацца на цуд, Вярхоўны Савет павінен прымаць свае законы, не аглядаючыся на тое, што яны застануцца на паперы. Яны будуць сьведчыць аб наяўнасьці альтэрнатыўнай думкі і падрыхтуюць грунт на будучыню. У прыватнасьці, Вярхоўны Савет 13-га скліканьня мог бы перайменавацца у Сойм 1-га скліканьня Вялікай Літвы, каб падкрэсьліць гістарычную сувязь зь Вялікім Княствам Літоўскім. Трэба узнавіць нацыянальны герб і сьцяг. Неабходна таксама нейтралізаваць шавінізм беларускіх расейцаў, якія баяцца за сваю будучыню маючы перад вачыма прыклад балтыйскіх рэспублік. Дзеля гэтага трэба прыняць законы аб шматнацыянальнасьці і шматкультурнасьці вялікалітоўскай дзяржавы. У іх ясна сьцьвярджалася б, што у склад народу на роўных правох уваходзяць беларусы, расейцы, палякі і нацыянальныя меншасьці, і ўсім гарантуецца поўная культурная свабода.

Ідэі, выказаныя нашымслухачом - ня новыя. Спробы перайменаваньня Беларусі у " Вялікую Літву" альбо " Крывію" дзеля адрозьненасьці ад Расеі, прадпыймаліся ужо 80 гадоў таму. Аб гэтым пісаў хацяб першы прэмер БНР Вацлаў Ластоўскі. Гарачым прыхільнікам зьмены назову на " Вялікую Літву" быў мовазнаўца, гісторык і грамадзкі дзеяч Янка Станкевіч. Аднак гэтыя прапановы не прыняліся і зараз апазыцыя ўсурьёз не уздымае гэтае пытаньне. Герб ПАГОНЯ і бел-чырвона-белы сьцяг былі зацьверджаны у 1991 годзе ВС Х11-га скліканьня і зьменены пры Лукашэнку у 95-м годзе. Што тычыцца заканадаўчай дзейнасьці ВС Х111-га скліканьня, дык у некаторай ступені яна праводзіцца. Ён прыняў шэраг пастановаў, - аб нелегітымнасьці рэфэрэндуму-96, аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў. Каліб усе гэтыя пастановы засталіся на паперы, гэта былоб вельмі дрэнна. На нашую думку, ёсьць шанец, што некаторыя спрацуюць.

Дзеля пашырэньня кола нашых слухачоў, садар Юшкевіч дае нам парады, якія па-магчымасьці улічым і скарыстаем. Ён раіць нам скарыстоўваць у чытальнай залі творы такіх аўтараў, як Дамінік Кузімевіч і Станіслаў Беліковіч, якія пісалі гэтак званай "віленскай гаворкай". Рэкамендуе таксама зрэдку перадваць па расейску дзеля пошуку прыхільнікаў сярод беларускіх расейцаў. На ягоную думку, можа варта было б чытаць па расейску кнігу маркіза дэ Кістын " Падарожжа у Расею-год 1839", якая не згубіла сваёй актуальнасьці.

І нарэшце, на заканчэньне свайго ліста, спадар Юшкевіч зьмяшчае па - беларуску пажаданьні для ворагаў Беларусі:
-Каб яны па гары хадзілі і сонца ня бачылі.
-Каб іх трасца узяла.
-Каб іх маланка спаліла,
-Каб іх дрыстачка хапіла, ды гнала дугою.
-Халера на іх.
Цытуем гэтыя сочныя словы поўнасьцю, але што да ворагаў, калі такія ёсьць, дык зла не жадаем нават ім. Гэта хутчэй за ўсё ня ворагі, але людзі, пра якіх у Евангельлі сказана, што " самі не ведаюць-што робяць". Яны загубленыя, уведзеныя ў зман,
несьвядомыя. Такіх людзей хутчэй за ўсё трэба шкадаваць і
маліцца за іх апамятаньне.

Шчыра дзякум Мечыславу Юшкевічу за ягоныя заўвагі і меркаваньні. Мы ня цалкам зь імі пагаджаемся, але нам прыемна даведацца, што і па-за Беларусьсю хвалююцца за будучыню Беларусі і выказваюць свае арыгінальныя думкі. Усім нашых слухачоў просім і надалей пісаць нам на адрас у Беларусі і у Чэхіі.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG