29 Чэрвеня 2000.
Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро,
чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.
Палітыкі й журналісты часта са шкадаваньнем і дакорам кажуць пра палітычную
апатыю беларускае вёскі. Але ў якім становішчы апынаецца той вясковец,
які наважыўся адкрыта выявіць свае палітычныя погляды й нязгоду з уладаю?
Вось што напісаў пра гэта Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага
раёну Гарадзенскае вобласьці:
“Нядаўна давялося ляжаць у больніцы. Неяк у палаце разгаварыліся пра
дэмакратыю ў Беларусі, пра БНФ. Сусед па бальнічным ложку распавёў, як
яму выпала сутыкнуцца з КГБ.
Прозьвішча ягонае Філарэт, ён былы настаўнік гісторыі, цяпер на пэнсіі.
Дык вось, у сваёй вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёну ён у размовах зь людзьмі
ўхваляў БНФ, казаў, што дэмакраты – адзіная сіла ў Беларусі, якая можа
палепшыць жыцьцё…
А празь некаторы час да яго завіталі тры асобы ў цывільным. Спачатку
гутарылі пра жыцьцё, а потым папярэдзілі: калі ня спыніш свае палітычныя
размовы, дык твае сыны, якія скончылі ВНУ, могуць застацца бяз працы.
Вось як яны запалохваюць людзей, і, па праўдзе, гэта вельмі сур’ёзна
й важна. Застаўшыся бяз працы, становішся нікім: можаш страціць і сям’ю,
і нават асабістую свабоду. І тут табе ані БНФ не дапаможа, ані дэмакраты”,
– лічыць Мікалай Чыбісаў. І з гэтае нагоды ўскладае віну на менскіх палітыкаў-дэмакратаў.
Вось яшчэ адзін урывак зь ліста:
“Кіраўнікам БНФ там, у Менску, добра: ім з-за мяжы ідуць гранты. Ды
й працу ў сталіцы знайсьці лягчэй. А пры выпадку – і за мяжу зьехаць можна.
А нас, простых беларусаў, яны падстаўляюць пад удар. Прычым, выглядае,
што чым драбнейшая дэмакратычная партыя, тым цяжэй знайсьці паразуменьне
ейным лідэрам. А шэраговым сябрам таго ж БНФ тым часам думай, да якой партыі
далучыцца – ці да пазьняковай, ці да вячоркавай. І тыя дэмакраты, і другія…
Бяда ў тым, што ўсе лідэры лічаць сябе надта разумнымі. А з-за іхнага розуму
бандыты ўжо сем гадоў абкрадваюць народ Беларусі”, – напісаў Мікалай Чыбісаў
зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну.
Вашыя абвінавачваньні, Мікалай, падаюцца мне не зусім справядлівымі.
Калі вашага знаёмца шантажуюць спэцслужбы за ягоныя палітычныя погляды,
дык хто ўсё ж у гэтым вінаваты: Партыя БНФ, пазыцыю якой адстойваў былы
настаўнік гісторыі? ці ўлада, якая такім вось чынам імкнецца не дапусьціць
палітычнага іншадумства?
А наконт дабротаў ды замежных грантаў, на якіх нібыта раскашуюць у Менску
дэмакратычныя лідэры… Пра гэта варта спытаць у тых палітыкаў, якія пасьля
ледзь ня кожнай масавай акцыі апазыцыі апынаюцца ў турэмных камэрах, змушаныя
цярпець зьдзек і перасьлед на працы, паўставаць перад судамі й плаціць
шматмільённыя штрафы. Пад удар уладаў трапляюць найперш самі яны. Станавіцца
пад гэты ўдар вас ніхто не прымушае – гэта ваш асабісты маральны выбар.
І наўрад ці варта патрабаваць за гэты выбар падзякі ці абвінавачваць у
ім кагосьці іншага.
Аляксандар Шынкарэнка з гораду Крэмянчугу Палтаўскае вобласьці, што
ва Ўкраіне, піша:
“Мой прыёмнік настроены на хвалю беларускае “Свабоды”. Кожную раніцу
я слухаю перадачы з маёй радзімы. Назаву нават некаторыя прозьвішчы журналістаў
вашага радыё, якія мне запомніліся: Сяржук Сокалаў-Воюш, Вольга Караткевіч,
Алена Ціхановіч, Алена Радкевіч, Сяргей Навумчык, Кастусь Бандарук…”
Далей спадар Шынкарэнка распавядае пра свой жыцьцёвы шлях. Нарадзіўся
ён у 31-м годзе ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёну Магілеўскае вобласьці.
У 37-м бацьку асудзіла “тройка” Магілеўскага абласнога суду на 10 гадоў
зьняволеньня за тое, што перапісваўся з родным братам, які жыў у ЗША. Маці
загінула пад час акупацыі ў Бабруйскім канцлягеры за сувязь з братам-партызанам.
У 13 гадоў застаўся круглым сіратой. Ужо доўгі час спадар Шынкарэнка шукае
сваякоў. Ён піша:
“Калі надышла адліга, яшчэ пры Саюзе, я зьвярнуўся ў амэрыканскую амбасаду
ў Маскве з просьбаю дапамагчы адшукаць маіх стрыечных братоў у Нью-Ёрку.
Ліст пераслалі ў Чырвоны Крыж, а адказ згубіўся.
Мой дзядзька Шынкарэнка Рыгор Барысавіч апынуўся ў Злучаных Штатах у
той час, калі частка беларускіх земляў належала да Польшчы. Зьбег туды,
бо пабіўся з польскім афіцэрам і баяўся трапіць у турму. Жыў і працаваў
на авіяцыйным заводзе ў Нью-Ёрку, меў сям’ю, двух сыноў – Уладзімера і
Аркадзя. Заўчасна памёр у 36-м годзе. На адным з фатаздымкаў, адрасаваным
майму бацьку, дзядзька напісаў не сваё прозьвішча, а падобнае – Шынкароў
(магчыма, дзеля пэўнай кансьпірацыі зьмяніў прозьвішча). У такім разе,
можа, і браты маюць прозьвішча Шынкаровы.
Пішу са сьлязьмі ў вачох: можа, у беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах
дапамогуць мне адшукаць братоў”.
– гэта быў ліст Аляксандра Шынкарэнкі з украінскага гораду Крэмянчугу.
Магчыма, Аляксандар, хтосьці з тых амэрыканскіх беларусаў, якія слухаюць
нашае радыё, што-небудзь ведае пра лёс вашае раскіданае па сьвеце сям’і
і паведаміць пра гэта. Час ад часу мы атрымліваем падобныя лісты, хоць
больш як праз паўстагодзьдзя пасьля таго, як людзі згубілі адзін аднаго
за “жалезнай заслонаю”, адшукаць і аднавіць страчанае надзвычай складана.
Яшчэ адзін ліст з Жыровіцкай праваслаўнай сэмінарыі, ад “Сяброў Беларускай
Аўтакефаліі”. Дагэтуль мы ўжо некалькі разоў распавядалі пра суполку сэмінарыстаў,
якія незадаволеныя парадкамі, што ўсталяваныя сёньня ў Рускай праваслаўнай
царкве, і хацелі б стаць сьвятарамі Беларускай Аўтакефаліі. Вось гэты ліст:
“Да вас зноў зьвяртаецца айцец Пётр (маё імя цяпер можна называць адкрыта),
а таксама мае аднадумцы. Сьведчу пра новы факт парушэньня правоў чалавека
і дэмакратычных прынцыпаў у сэмінарыі. З мэтаю барацьбы з рэлігійна-дэмакратычным
адраджэньнем значна зьменшаная колькасьць студэнтаў, якіх рэкамэндуюць
на паступленьне ў Менскую акадэмію (з дваццаці – толькі сем). Мітрапаліт
Філарэт і рэктар Леанід Філь адхілілі прашэньні ў Акадэмію ўсіх манахаў,
незалежна ад іхнае пасьпяховасьці.
Мы адкрыта асуджаем гэты факт і хочам, каб пра яго ведала грамадзкасьць.
Тыя, хто жадае атрымаць духоўную адукацыю ў Акадэміі, павінны мець такую
магчымасьць. Гэтым крокам (скарачэньнем колькасьці студэнтаў Акадэміі)
задушыць рух за Беларускую Аўтакефалію ня ўдасца”.
Падпісалі гэты ліст айцец Пётр і арганізацыя студэнтаў “Сябры Беларускай
Аўтакефаліі” з Жыровіцкай сэмінарыі.
Мы ўважліва сочым за гэтай сытуацыяй. У афіцыйнай прэсе (і дзяржаўнай,
і царкоўнай) пра яе ўвогуле нічога не паведамляецца. А студэнтам, якія
наважыліся служыць Беларускай царкве і пры гэтым многім рызыкуюць, патрэбная
падтрымка, ці хаця б упэўненасьць у тым, што яны не адзінокія ў гэтым змаганьні.
Ліст ад слухача зь Пінску, які не назваў сябе – паведаміў толькі паштовую
адрэсу “да запатрабаваньня”. Ён піша:
“У мяне зьявілася жаданьне паспрыяць папулярызацыі вашае радыёстанцыі
ў нашым горадзе. Нядаўна мне трапіў у рукі каляндарык з вашымі новымі хвалямі.
І ў мяне ўзьнікла ідэя: а чаму б не раздаваць гэтыя каляндарыкі проста
мінакам на вуліцах нашага гораду? Таму, калі ёсьць такая магчымасьць, дашліце
гэткіх каляндарыкаў неабмежаваную колькасьць – разам зь сябрамі мы хутка
параздаем іх людзям, і ў “Радыё Свабода” зьявяцца новыя слухачы”.
Мы шчыра ўдзячныя вам, невядомы слухач, за гэтую прапанову і гатоўнасьць
дапамагчы нам. Сапраўды, цягам апошняга месяца многім у Беларусі трапіў
у рукі каляндарык з раскладам нашых перадачаў. І трапіў гэткім жа чынам,
як вы й прапануеце – каляндарыкі раздавалі нашыя дабрахвотныя памочнікі,
у тым ліку й на вуліцах.
Праўда, гэтая рэклямная акцыя ўжо амаль завершаная, але ў хуткім часе
будуць новыя акцыі і, вельмі можа здарыцца, нам спатрэбіцца вашая дапамога.
У асобным лісьце мы паведамім вам, як можна зьвязацца з нашым карэспандэнтам
у Пінску Аляксеем Дзікавіцкім.
Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага
й напісаць нам. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск