1 Чэрвеня 2000.
Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.
Барыс Ахрэмчык зь Берасьця адгукнуўся на нядаўнюю перадачу “Праскі акцэнт”
з удзелам Сямёна Шарэцкага. Ён піша:
“Хачу запярэчыць спадару Шарэцкаму. “Дачнікі” – аніякія ня фэрмэры.
А лецішчы – калецтва зямлі. Народ адкінуты ў Х–ХІ-е стагодзьдзі, да часоў
Полацкага ды Тураўскага княстваў. Тое, што вырошчвае “дачнік”, па сабекошце
падымаецца да вартасьці золата. Але просты чалавек вымушаны гарбаціцца
па суботах і нядзелях на гэтых лецішчах, бо на свой заробак ужо ня можа
пракарміцца. Гэта дазваляе толькі не памерці ад галоднае сьмерці. Хутка,
напэўна, будзе так, як у блякадным Ленінградзе, дзе ўсе газоны былі пакапаныя
пад агароды.
Здаецца, Маркс казаў, што, калі даць кожнаму рабочаму хаця б лапік зямлі,
дык дзяржава стане больш устойлівай. Што й бачна на прыкладзе Беларусі.
Рабочая кляса занятая тым, што спрабуе пракарміцца, а Лукашэнка хваліцца,
што ў нас няма канфліктаў. Тым часам самая працаздольная частка людзей
– маладыя мужчыны – ходзяць па вуліцах з дубінкамі або загнаныя ў казармы”,
– напісаў Барыс Ахрэмчык зь Берасьця.
Лецішчавыя ўчасткі бальшыні беларусаў у іхным цяперашнім выглядзе, сапраўды,
маюць мала агульнага з заходнімі фэрмамі, і ўвогуле з таварнай вытворчасьцю.
Ёсьць, аднак, істотная рыса, якая аб’ядноўвае фэрмэра й беларускага “дачніка”
– і адзін, і другі працуюць толькі на сябе, на ўласнай зямлі, уласнымі
рукамі. І калі калгасная сыстэма канчаткова разваліцца (а гэтага моманту
чакаць ужо нядоўга) – верагодна, з асяродзьдзя сёньняшніх апантаных “дачнікаў”
можа паўстаць нямала моцных гаспадароў на зямлі. Тым больш, што на прамысловых
прадпрыемствах многіх зь сёньняшніх “дачнікаў” ужо амаль нішто не трымае.
Гэтую ж тэму працягвае ў сваім лісьце Еўдакія Ўладзімерава з Горадні.
Яна піша:
«Цалкам згодная зь Сямёнам Шарэцкім. У нас ці то з-за няведаньня, ці
то наўмысна сеюць тады, калі сеяць нельга. А Лукашэнка за гэта яшчэ і ўзнагароды
раздае. Штогод праз гэта дзяржава церпіць вялізныя страты, кампэнсаваць
якія даводзіцца й без таго зьбяднеламу народу», – лічыць Еўдакія Ўладзімерава
з Горадні.
Банкруцтва калгаснае сыстэмы робіцца відавочным усё большай колькасьці
людзей. Для сумленных эканамістаў і палітыкаў гэта было відавочным заўсёды.
Праз тое, што ўлада на працягу дзесяцігодзьдзя прымусова стрымлівала любыя
рэформы на вёсцы, сёньня пакутуюць мільёны людзей, атрымваючы ў калгасах
жабрацкія заробкі. І пакуты гэтыя будуць працягвацца, бо цяпер цана рэформы
калгасаў нашмат вышэй, чым яшчэ некалькі гадоў таму.
Спадарыня Ўладзімерава таксама паведамляе, што з Горадні ня ўсе яе лісты
даходзяць па прызначэньні да адрасатаў, і ня ўсе лісты, адпраўленыя на
ейную адрэсу, яна атрымлівае. Ці то гэта зьвязана з кепскай працаю пошты,
ці з тым, што ў тых лістох яна піша пра ўладу тое, што думае – Еўдакія
Ўладзімерава можа толькі здагадвацца.
Уладзіслаў Жыгалка зь Менску ня згодны з тым, як у нашых праграмах асьвятляецца
тэма беларускага спорту. Ён піша:
“Часта вы проста кпіце з розных недарэчнасьцяў, замест таго, каб зычыць
зьменаў да лепшага. Гэта прыблізна тое ж самае, што кпіць зь беларускага
рубля-“зайчыка”, як зь недарэчных грошай, ня думаючы пра тое, што лепш
усё ж, што дзяржава мае ўласную грашовую сыстэму, а ня стала часткаю сыстэмы
чужое краіны.
Наконт стадыёнаў і лядовых палацаў ужо столькі было выказана прэтэнзіяў,
што ў многіх, напэўна, склалася ўражаньне, што іх увогуле ня трэба будаваць.
Але што дрэннага ў тым, што зьявіліся тыя палацы, ці што стадыёны сталі
ўласна стадыёнамі, а не палянамі для выгулу сабак. Ды што няроўныя, у купінах,
палі атрымалі добрую дзернавіну, а сям-там нават сыстэму з падагрэвам”,
– напісаў Уладзіслаў Жыгалка.
Мець у кожным буйным горадзе лядовы палац – гэта, Уладзіслаў, выдатна.
Але калі даводзіцца выбіраць, на што выдаткаваць сродкі, якіх так не хапае
– на такі палац ці на завяршэньне будаўніцтва радыяцыйнае клінікі, якую
празь безграшоўе будуюць ужо дзесяць гадоў, або на будаўніцтва новае школы,
бо ў старой вось-вось дах можа ўпасьці на галовы дзяцей – сумленная ўлада
забавязана выбіраць клініку й школу. Нават калі кіраўнік дзяржавы – гарачы
хакейны прыхільнік. Менавіта на гэта мы й зьвяртаем увагу ў сваіх праграмах.
Уладзіслаў Жыгалка піша таксама пра іншую праблему. Цытую далей ягоны
ліст:
“Шкада, што тыя каманды, якім сымпатызуеш, за якія хварэеш, раптам трацяць
прывабныя назвы, а мо’ і ўвогуле зьнікаюць. Гэтак адбылося зь менскай “Беларусьсю”,
віцебскім “Віцязям”. Ну, што гэта за назвы – “Лякаматыў-96”, “Дынама-93”,
“МПКЦ”… (Апошні ўжо нават не “МПКЦ”, а нейкая адыёзная “Славія”.) Пэўна
ж, некаму гэта было патрэбна. Тыя, каму мілыя назвы кшталту “ЁКЛМН” (на
ўзор маскоўскага “ЦСКА”) мусяць адумацца. Нельга ж па-сапраўднаму радавацца
перамогам нейкіх “Камунальнікаў”. А як было б прыгожа – віцебскі “Вітаўт”,
менская (ды нават і мар’інагорская) “Беларусь”, слонімскі “Грунвальд” (можна
й “Зялёны Бор”. Назвы маглі б быць вельмі прывабнымі. Але ці магчыма гэта
ў сёньняшняй Беларусі?”, – са шкадаваньнем канстатуе Ўладзіслаў Жыгалка.
Ён таксама прапануе, каб перад футбольным чэмпіянатам Эўропы ў перадачы
“Заўзятар” распавялі пра каманды-ўдзельніцы. Хоць беларускае каманды на
гэтым чэмпіянаце, як заўсёды ў вапошнія гады, ня будзе. За прапанову дзякуй
– пастараемся яе ўлічыць.
Іван Паплаўскі з Лагойску Менскае вобласьці скардзіцца на перасьлед
уладаў. Паводле ліста, у 69-м годзе ў Жлобіне ён дэманстратыўна вярнуў
супрацоўніку ЦК КПСС свой партбілет. Не задумваючыся пра тое, якія вынікі
гэта будзе мець і да якога перасьледу можа прывесьці. А перасьлед, лічыць
спадар Паплаўскі, доўжыцца з таго часу й па сёньняшні дзень. Асабліва пасьля
таго, як у 94-м годзе ён пачаў дамагацца, каб яго прызналі ахвяраю палітычных
рэпрэсіяў.
На жаль, ліст спадара Паплаўскага вельмі кароткі – у ім ня згадваецца,
ані паводле якіх матываў ён выйшаў з КПСС, ані ў чым праяўляецца перасьлед
уладаў. Хоць можна меркаваць, што дэманстратыўны выхад з партыі ў эпоху
Брэжнева мог адбіцца на лёсе чалавека самым драматычным чынам.
На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Міхала Токіна зь мястэчка
Глыбокае Віцебскае вобласьці, Алеся Марціновіча з Баранавічаў Берасьцейскае
вобласьці, Андрэя Музарава з Магілеву ды Івана Новіка зь Менску. Вялікі
дзякуй усім.
Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск