Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная прэса ў недэмакратычнай дзяржаве


Незалежная прэса ў недэмакратычнай дзяржаве

(эфір 26 Сьнежня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэма чарговай праграмы — ці можа незалежная прэса быць “па-над звадамі” у аўтарытарнай дзяржаве, ці трэба незалежным журналістам крытыкаваць апазыцыю.

(Цыганкоў: ) "Пазыцыя і роля незалежнай прэсы ў недэмакратычнай дзяржаве. Падобнае гучаньне праблемы даўно перастала быць для беларускіх прадстаўнікоў СМІ чымсьці абстрактным, кшталту тэмы для міжнароднага сэмінару. Бадай, кожны беларускі журналіст, які піша на грамадзка-палітычныя тэмы, задумваецца над пытаньнямі: Ці адрозьніваюцца мэтады і сродкі працы журналістаў у несвабодным грамадзтве ад працы іхных калегаў у дэмакратычных краінах? Ці можна казаць пра клясычныя правілы журналістыкі, напрыклад, у беларускай сытуацыі? Ці можа заставацца прэса нэўтральнай, калі ідзе барацьба паміж дэмакратыяй і дыктатурай? Вось пытаньні, на якія мы паспрабуем адказаць у гэтай праграме.

І першае меркаваньне — рэдактара газэты “Свободные новости” Аляксандра Ўліцёнка. Ён лічыць, што задачы беларускага ці, напрыклад, нямецкага журналіста нічым ня розьняцца".

(Уліцёнак: ) "Незалежна ад таго, дзе, у Эўропе альбо ў Злучаных Штатах, працуе журналіст, для ўсіх існуе практычна аднолькавая мэтадалёгія і тэхналёгія нашай прафэсіі, скіраваная на тое, каб прэса была эфэктыўнай і дзейснай. І калі адхіляцца ад гэтых правілаў, каэфіцыент карыснага дзеяньня звычайна робіцца ніжэйшым — няхай гэта грамадзтва дэмакратычнае альбо аўтарытарнае, таталітарнае.

Адыдзеш ад вывераных часам і журналісцкім досьведам тэхналёгіяў — адразу губляеш: у накладзе, у эфэктыўнасьці, у даверы, у якасьці і канкурэнтаздольнасьці выданьня. Так што і для нямецкіх, і для амэрыканскіх, і для беларускіх журналістаў прынцыпы аднолькавыя — і нават сёньня яны застаюцца гэткімі ж…"

(Цыганкоў: ) "Прынцыпы, можа, аднолькавыя, але ўмовы для дзейнасьці дзяржава стварае розныя — спрыяльныя для дзяржаўных выданьняў і праблемныя для незалежных. Тым самым, дарэчы, аўтарытарная дзяржава сама вольна ці міжвольна штурхае незалежныя мэдыі ў супрацьстаяньне. Наколькі ўвогуле можна заставацца староньнім назіральнікам, тым больш цяпер, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў? Вось што кажа Мікалай Халезін, адзін з актывістаў "Хартыі-97".

(Халезін: ) "Журналіст заўсёды ангажаваны. Але ён павінен быць ангажаваны ня нейкім вузкім колам палітыкаў, а павінен быць ангажаваны дэмакратыяй. Ён не задае сабе пытаньня — падтрымліваць яму дэмакратычныя сілы альбо дыктатара — журналіст сам адказвае на гэтае пытаньне, вельмі лёгка. Ён вырашае на карысьць дэмакратыі.

Журналіст піша пра тое, што ня так робіць дыктатар, і што так робяць дэмакратычныя сілы, альбо што ня так робяць дэмакратычныя сілы. Але нашая беларуская сытуацыя розьніцца тым, што незалежныя журналісты шукаюць нейкіх расколаў, шукаюць “бервяно ў воку” дэмакратаў. Аднак чаму аніводнае беларускае выданьне не напісала пра раскол ва ўладзе? — там жа раскол гэткі, што ў апазыцыі і блізка няма".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, можна пагадзіцца з Халезіным. Апошнімі месяцамі чытаючы незалежныя выданьні, можа падумаць, што асноўная перашкода на шляху Беларусі да дэмакратыі і свабоды прэсы — гэта апазыцыя. Здаецца, стаміўшыся за 6 гадоў крытыкаваць уладу, недзяржаўная прэса з усім імпэтам і жарсьцю накінулася на апазыцыю. Часам да палітычных партыяў выстаўляюцца прэтэнзіі — як да ўсемагутных правіцеляў. Ці ёсьць нешта канструктыўнае ў гэтай крытыцы, якой яна мусіць быць цяпер, напярэдадні выбараў? Меркаваньне рэдактара газэты “Свободные новости” Аляксандра Уліцёнка:

(Уліцёнак: ) "Пытаньне — крытыкаваць альбо не? — мае шмат нюансаў. Крытыка — гэта неабходная мікстура ў палітыцы. Горкая праўда толькі дапамагае, калі яна па справе, у разумна вызначаным дазаваньні.

Тут усё як у мэдыцыне — лекар (ён жа ў гэтым выпадку й журналіст) мусіць адрозьніць лёгкую прастуду ад сур’ёзнага захворваньня ды своечасова выпісаць свае лекі. Але гэта трэба зрабіць гэтак, як гэта робіць добры прафэсійны лекар — зь любоўю да кліента, і вельмі важна не перабраць меры. Але лячыць трэба. А лекі заўсёды горкія.

Я ня згодны, што журналісты апазыцыйных выданьняў толькі й робяць, што бязьлітасна крытыкуюць. Крытыка ёсьць, але гэта крытыка ад жаданьня зрабіць нашу агульную справу больш дзейнай і эфэктыўнай…"

(Цыганкоў: ) "Трохі іншае меркаваньне на гэты конт мае Мікалай Халезін".

(Халезін: ) "Журналіст павінен думаць. Калі ён ведае, што ягоная публічная крытыка ня будзе на карысьць дэмакратыі — значыць, ня трэба крытыкаваць. Значыць, трэба крытыкаваць уладу, і размаўляць з палітыкамі, размаўляць як асобы.

Спадар Адам Міхнік быў вельмі ангажаваны журналіст за часамі “Салідарнасьці”, ангажаваны дэмакратыяй. І таму зараз Міхнік — вельмі вялікі аўтарытэт у сьвеце.

Былі журналісты, якія казалі, што “мы па-над звадамі”. Але быць “па-над звадамі”, калі ў краіне існуе дыктатура, вельмі лёгка. Вельмі проста крытыкаваць дэмакратычныя сілы — яны не пасадзяць у турму, не наймуць “эскадроны сьмерці”. А дыктатара вельмі цяжка крытыкаваць — ён можа прыслаць сваіх байцоў, пасадзіць у турму. Думаю, у гэтым справа".

(Цыганкоў: ) "Мікалай Халезін нагадвае, што незалежная прэса мае свае непасрэдныя інтарэсы ў перамозе дэмакратыі".

(Халезін: ) "Мяне як чытача не цікавяць расколы. Мяне цікавіць — што рабіць і як рабіць, як перамагчы. Бо незалежныя журналісты таксама ваююць. І яны павінны перамагчы, а ня толькі палітыкі. Журналісты, якія з-за перашкодаў улады ня могуць павялічыць наклад, атрымаць добры заробак, павінны таксама біцца за сваю свабоду і незалежнасьць…"

(Цыганкоў: ) "Аляксандар Уліцёнак увогуле лічыць, што беларуская незалежная прэса зьяўляецца самастойным палітычным суб’ектам".

(Уліцёнак: ) "У нашым грамадзтве СМІ маюць ці не такую самую сілу, што й палітычныя партыі. Таму нельга ставіць пытаньне так, што ёсьць гаспадары, тыя, хто замаўляюць музыку (гэта палітыкі), а ёсьць тыя, хто пад гэтую музыку самі разумееце, што робяць.

У Беларусі прэса і апазыцыйныя палітыкі маюць прыблізна аднолькавую вагу, і таму дачыненьні між імі вельмі складаныя. І ня трэба палітыкам трапляць у палон сваіх амбіцыяў, — варта разумець, што яны маюць справу з практычна раўнапраўнымі партнэрамі. Трэба ўсьвядоміць, што журналісты ў большасьці выпадкаў не саступаюць тым людзям, якія павінны зрушыць нашае грамадзтва да пераменаў…"

(Цыганкоў: ) "Дык кім мусіць быць незалежная прэса для дэмакратычных палітыкаў — апанэнтам, саюзьнікам, памочнікам?"

(Халезін: ) "Прэса павінна быць дэмакратычнымі сіламі. Не саюзьнікамі, не памочнікамі, а ўласна дэмакратычнамі сіламі разам з палітыкамі, разам з народам.

Зразумела, як толькі краіна становіцца дэмакратычнай, ніякага ангажаваньня быць ня можа. Тады і спадар Міхнік таксама ўжо не зьяўляецца ангажаваным — ён ангажаваны дэмакратыяй, але ня нейкай групай палітыкаў.

Тады журналіст робіцца назіральнікам, “жаўнерам дэмакратыі”, скажам так…"

(Цыганкоў: ) "Што ж, паспрабуем падвесьці пэўныя вынікі. Прызнаюся, падбіраючы суразмоўцаў для гэтай праграмы, я чакаў пэўнага ідэйнага процістаяньня, процілегласьці падыходаў. Але, як вы пачулі, стратэгічна пазыцыі ўдзельнікаў праграмы не разыходзяцца. І Халезін, і Ўліцёнак адзначаюць, што прэса ў нашых умовах прэтэндуе на самастойнасьць як дэмакратычная сіла. Галоўнае — не змагацца за тое, хто больш важны і ўплывовы. Бо ў наступным годзе — я спадзяюся, гэта зразумела ўсім прадстаўнікам незалежных мэдыяў — асноўная задача недзяржаўнай прэсы супадае з асноўнай мэтай дэмакратычных партыяў".

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG