Сатыра й гумар у беларускай прэсе
(эфір 29 Траўня 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
Тэма сёньняшняга выпуску – сатыра й гумар у беларускай прэсе. Наколькі
запоўнены рынак беларускіх гумарыстычных выданьняў, ці можа быць сатырычным
часопіс, які фінансуецца дзяржаваю?
(Цыганкоў: ) “У адным з самых вострых сатырычных савецкіх фільмаў –
“Гаражы” Эльдара Разанава – адбываецца вельмі забаўны й паказальны дыялёг.
Герой пытаецца ў сваёй знаёмай, што яна вывучае. “Савецкую сатыру” – адказвае
тая. “Дзіўная ў вас прафэсія, – заўважае ён. – Вы займаецеся тым, чаго
не йснуе”…
Зь першага погляду ў сёньняшняй Беларусі, здаецца, з гумарам усё ў парадку.
Ёсьць тэатар “Хрыстафор”, некалькі тэлеперадачаў, свая ліга “КВН”, каманда
“вясёлых і знаходлівых” БДУ – чэмпіён міжнароднае лігі й гэтак далей. Але
ўся гэта разнастайнасьць гумарыстычных праяваў аніяк не адбіваецца на газэтным
рынку падобнае прадукцыі. Гэтага рынку ў Беларусі практычна не йснуе.
Увесь гумар на старонках прэсы сканцэнтраваўся ў выданьнях, якія я б
назваў “героямі электрычак”, гэткія газэты ў дарогу. Звычайна гэта зборнікі
карыкатураў і анэкдотаў, разбаўленыя гумарэскамі вядомых расейскіх аўтараў.
Адзін з самых яркіх прыкладаў у гэтай галіне – газэта “Пикник”, што выдаецца
накладам каля 40 тысячаў асобнікаў.
Аднак, у нішы, калі можна так выказацца, “сур’ёзнага гумару” ў Беларусі
дзейнічаюць толькі два выданьні, якія ўжо сталі легендарнымі, негледзячы
на свой вельмі розны век – дзяржаўны “Вожык” і незалежныя “Навінкі”. “Вожык”,
які выходзіць зь ліпеня 1991 году, на сёньня ёсьць найстарэйшым гумарыстычным
выданьнем. Хаця, дарэчы, у 20-х гадох у Заходняй Беларусі выходзілі выдатныя
сатырычныя часопісы “Авадзень” і “Маланка”. Рэдактар “Вожыка” Валянцін
Блакіт лічыць, што сёньняшні час не зусім прыдатны для сатыры й гумару…”
(Блакіт: ) “Назіраецца глыбокі крызыс жанру. І ня толькі ў нас, ня толькі
ў Беларусі. Ну, вазьміце іншыя сатырычна-гумарыстычныя часопісы. У Расеі
дзікае падзеньне тыражоў, напрыклад, знакаміцейшы з усіх знакаміцейшых
“Крокодил”, які выходзіў накладам 6–7 мільёнаў экзэмпляраў. Сёньня ён выходзіць
50 тысячаў. Вось і “Вожык”, сёньня наклад яго – да 10 тысячаў. Выходзіў
ён яшчэ 10 гадоў таму амаль 200 тысячаў. Калі ўзяць прапарцыйна – мы больш
захаваліся, але ўсё роўна крызыс у гэтым жанры.
І ў чым прычына гэтага крызысу? Ну па-першае, паводле свайго характару
сатыра й гумар – гэта Эзопава мова – ў гады «перабудовы» яна не спатрэбілася
– пішы й крычы ўсё, што толькі хочаш. Гэта адно, і мабыць не галоўнае.
Другое – духоўны стан грамадзтва».
(Цыганкоў: ) «А можа – проста падвысілася канкурэнцыя, у “Вожыка” забралі
чытачоў іншыя выданьні? «Анекдоты» ўсякія, тыпу “Пикник”, або гэта “Навінкі”,
якія маюць 10 тысячаў сёньня?»
(Блакіт: ) “Ды не, не. Не забралі нашага чытача. Мы нават радаваліся,
што канкурэнцыя. Але тры выданьні ўжо, па-мойму, памерлі, не пасьпеўшы
нарадзіцца. Ня ў тым справа, што хлопцы не стараюцца, ня ў тым, што канкурэнцыя.
А проста вось стан грамадзтва – стан, калі не да сьмеху.
Пра “Навінкі” Вы кажаце, што канкурэнцыя… Я ня думаю, што яны для нас
канкурэнцыя. Вельмі ўсьцешыла вось мяне асабіста, што нейкае гумарыстычнае
выданьне зьявілася. Але ж узровень… Літаратурны й мастацкі ўзровень яго
вельне неахайны, вельмі нізкі.
Калі працягваць пра прычыны крызысу. Праблема сатыры й гумару – гэта
ўсё ж такі адсутнасьць. Адсутнасьць кадраў, адсутнасьць, магчыма, ахвоты
займацца гумарыстычнымі жанрамі ў нашых маладых журналістаў. Ня йдуць чаму
маладыя? Валоданьне сатырычна-гумарыстычным жанрам – рэдкі дар. Вы глядзіце
– жанр фэльетона фактычна памёр. Ні ў адной з самых рэспэктабельных газэтаў
ён не зьяўляецца. А некалі гэта было ўпрыгожваньнем, упрыгожваньнем выданьня
любога, упрыгожваньнем «Правды», “Звязды”, ды ў любой, нават у раённай,
газэце вялі старонку сатыры й гумару. Некаторыя абласныя газэты былі выдатныя!
Гэты жанр цяжкі й тут асабліва не заробіш якую капейчыну. І па-другое
– толькі непрыемнасьці нажывеш».
(Цыганкоў: ) «Дарэчы, пра непрыемнасьці. А ці былі ў Вас, скажам так,
нейкія непаразуменьні з вашым заснавальнікам – Дзяржаўным камітэтам у справах
друку. Ці з тымі асобамі ці структурамі, якіх Вы жорстка крытыкавалі?»
(Блакіт: ) “Што тычыцца заснавальнікаў, я проста не ўспамінаю, каб яны
ўмешваліся, цэнзуру ўсталёўвалі… – такога вось не было. Ну, а іншыя непрыемнасці
бывалі, бывалі… І судзіліся, і крымінальную справу ўзбуджала гарадзенская
міліцыя супраць нас. Мы начальніка Іўеўскай міліцыі за самадурства адчахвосьцілі.
І ўся гэтая справа «лопнула» тутака ж.
Але ня толькі ўлады – такая фірма «Бэкаран” ёсьць, прыватны сэктар.
Таксама судзіліся з намі, калі выкарысталі іхную рэкляму дурную. І, па
мойму, цягнуўся гэты суд з паўгода.
Канешне, з “Вожыкам” судзіцца… Сьмех непадсудны!»
(Цыганкоў: ) «Гэта быў галоўны рэдактар часопіса “Вожык” Валянцін Блакіт,
які лічыць, што пасьля «перабудовы» наступіў вялізны крызыс жанру сатыры
й гумару.
Паведамленьні нашых карэспандэнтаў з рэгіёнаў хутчэй пацьвярджаюць гэтую
думку. Так, становішча з гумарам у выданьнях Гарадзенскае вобласьці колькасна
нібыта недрэннае, амаль кожная рэдакцыя лічыць неабходным насьмяшыць сваіх
чытачоў. Аднак робіцца гэта даволі аднастайна. Распавядае Сяргей Астраўцоў…»
(Астраўцоў: ) «Напрыклад, у міліцэйскім “Вестнику” ў канцы нумару абавязкова
друкуюцца анэкдоты пад рубрыкаю “Здравия желаю”. Праўда ўласна міліцэйскіх
сярод іх вельмі мала. Звычайна высьмейваецца цывільная публіка ды вайскоўцы.
У суботніх нумарох “Гродненскай праўды” рубрыка «Анекдоты» таксама абавязковая.
Тое ж самае можна сказаць і пра незалежную “Биржу информации”. Анэкдоты
друкуе нават каталіцкая газэта “Слова жыцьця” – анэкдоты рэлігійныя. А
вось “Пагоня” зьмяшчяе адно карыкатуры, часта палітычныя, але сустракаюцца
спробы гіранічна пісаць на сучасныя тэмы. Палітычных анэкдотаў у гарадзенскіх
газэтах, наадварот, няма. Усё болей пра «новых рускіх».
Беларускія показкі не друкуюцца. Беларуская тэма ўвогуле ў анэкдотах
не гучыць. Як ні дзіўна, мясцовая тэматыка трапілася толькі ў “Glosie znad
Niemna”. Газэта аднойчы надрукавала сьмешныя недарэчнасьці, знойдзеныя
карэктарам у тэкстах. Напрыклад: “Беларусь заабавязалася правесці свавольныя
і справядлівыя выбары” або “на Беларусі адбываецца натуральнае змяншэння
колькасці насельніцтва”. І апошні газэтны пэрл з “Glosu” – “на вуліцы стаяла
невялікая група людзей з плакатамі і транспарцёрамі”».
(Цыганкоў: ) «На Віцебшчыне наш карэспандэнт адзначыў даволі загадкавую
тэндэнцыю. У «раёнках» на захадзе вобласьці сьмешнага слова амаль ня ўбачыш,
але чым далей на ўсход, тым весялейшымі робяцца газэты. Перадае Алег Жукоўскі…»
(Жукоўскі: ) «У «Аршанскай газеце», ці мясцовай «Трыбуне тэкстыльшчыка»
ільназаводу куточкі для тых, хто любіць пасьмяяцца – ужо ў кожным нумары.
У першай багата карытатураў сацыяльнага зьместу Андрэя Скрыньніка, анэкдотаў
на беларускай мове й матэрыяле, а таксама яна друкуе цудоўныя – зь яскравымі
выяўленьнямі нацыянальнага калярытнага гумару – замалёўкі Ўладзімера Калодзежнага.
Другая ў кожным нумары дае неблагія карыкатуры. Накшталт, «хлопчыка мы
назвалі Далярам, каб хутчэй рос». Ці «сёньняшнія кошты ў нас ніжэй за заўтрашнія».
Дарэчы тэма коштаў адзіная, якая праходзіць скрозь ва ўсіх газэтах і
ёсьць асабліваю «дуляю ў кішэні», бо ні пра што больш вострае рэдактарам
размаўляць не дазваляюць.
Выдаюцца ў Віцебску, так бы мовіць, спэцыяльныя газэты й часопісы, якія
рэдагуе адзін чалавек – «жыцьцёвая штотыднёвая» газэта “Балясы” накладам
8,5 тысячаў і 5-тысячны часопіс гумарыстычных выданьняў, коміксаў і г.д.
“Врунгель”. Яны адрозьніваюцца толькі колькасьцю старонак і тым, што часопіс
напалову каляровы. Зьмест абодвух даволі прымітыўны й разьлічаны на тыповага
прадстаўніка электарату. У бібліятэцы яшчэ не разрэзаны часопіс мне аддалі,
бо як сказалі, «гэткай у нас ніхто ніколі не чытаў і чытаць ня будзе».
Калі побач з гумарыстычнай расейскамоўнай старонкаю “Шляпа”, якая сыстэматычна
йдзе ў абласным “Народным слове”, амаль у кожным нумары друкуюцца цудоўныя
беларускамоўныя «меранізмы» Міхася Мірановіча, дык бязь іх чытач ужо газэты
не ўяўляе. Як немагчыма ўявіць сабе “Віцьбічы” й “Вечерний Витебск” без
малюнкаў, мо, лепшага на сёньня карыкатурыста Пятра Козіча, над якімі шчыра
рагоча і стары, і малы.
А наконт сатыры, дык яна канчаткова зьнікла са старонак дзяржаўных выданьняў
гады 2–3 таму. І нейкія проблескі яе сустрэнеш толькі ў незарэгістраванай
прэсе».
(Цыганкоў: ) «У Магілеўскай вобласьці ў г. Крычаве выходзіць незарэгістраваная
газэта “Вар’ятня”. Тэма й стыль гэтага выданьня прывялі да таго, што рэдактара
“Вар’ятні” ўжо расшуквала пракуратура. Перадае Марыя Ўсьціновіч…»
(Усьціновіч: ) «Гэта гумарыстычнае выданьне зьявілася ў г. Крычаве Магілеўскае
вобласьці на пачатку 2000 году. Як сьведчаць выходныя дадзеныя, газета
зьяўляецца ворганам нефармальнае маладзёвае групоўкі “Паганая моладь” пад
дэвізам “Вар'яты ўсіх краінаў, яднайцеся”.
Рэдактар “Вар'ята” на самой справе – малады чалавек Лявон Скараходаў.
Яму 25 гадоў. Сям’я прыехала ў Крычаў са Смаленскай вобласьці. Раней Лявон
працаваў на лесапільні, цяпер вучыцца працаваць на кампутары. Дапамагаюць
рэдактару яшчэ 5 чалавек. Друкуецца газэта на дзьвюх старонках фармату
А4. Са студзеня “Вар’ят” выходзіць у свет двойчы на месяц. Наклад ня менш
за 100 асобнікаў, можа й больш, калі тэмы закранутыя актуальныя. Газэта
карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў сваім рэгіёне. Спачатку “Вар'ятня”
была цалкам расейскамоўнаю, цяпер толькі беларускамоўная.
Месяц таму газэта знайшла фінансавую падтрымку на конкурсе маладых грантаў
“Ідэя”. У гумарыстычнай форме ў “Вар’ятні” трактуюцца ўсе мясцовыя падзеі.
Праўда зь цягам часу там усё больш, на меркаваньне крычанаў, зьяўляецца
палітыкі. Таму не выпадкова, паводле зьвестак мясцовага «Кантакт-цэнтру»,
дзе друкуецца “Вар’ятня”, рэдактара ўжо расшуквала пракуратура, пасьля
матэрыялу пра пікет у Крычаве.
У афіцыйнай прэсе на радыё і тэлевізіі з гумарам вельмі цяжка, толькі
ў «Вестнику Магілёва» ёсьць адмысловая старонка “Кабачок”. Лепш справы
з карыкатурамі. Цікавыя малюнкі зьяўляюцца ў “Магілёўскіх ведамасцях” і
“Магілёўскай праўдзе”. Ну а самы заганны жанр з гэтага шэрагу – фэльетон.
Калі нешта падобнае і зьяўляецца, дык выглядае вельмі маласьмешным. Так
што найбольш удала ў разьдзелах сатыры й гумару магілеўскае прэсы друкуюцца
простыя анэкдоты».
(Цыганкоў: ) «З Магілеву перадавала Марыя Ўсьціновіч. Незарэгістраваная
газэта “Вар’ятня” – адзінкавы прыклад існаваньня гумарыстычнае газэты ў
беларускай правінцыі. Сваёй назваю яна нагадвае скандальна-славутую газэту
“Навінкі”.
Рэдактар і заснавальнік “Навінак” Паўлюк Канавальчык лічыць, што гумарыстычных
выданьняў ня можа быць многа і просіць не параўноўваць ягоную газэту з
часопісам “Вожык”…”
(Канавальчык: ) «Ну, па-першае, я адразу хачу сказаць, што “Навінкі”
й “Вожык” – гэта выданьні непараўнальныя, і нельга іх ставіць на адную
дошку. Бо “Навінкі” – гэта выданьне перш за ўсё масава-палітычнае, а “Вожык”,
як там напісана, – гэта выданьне сатыры й гумару.
Адразу скажу – я не лічу, што рынак сатыры й гумару недастатковы ў прэсе.
Бо ў кожнай краіне йснуе толькі 2–3 больш-менш нацыянальных выданьняў,
якія чытаюцца, – і ўсё. І таму я лічу, што “Вожык” займае сваю нішу, якая
цалкам не перасякаецца з нашаю, ну а мы падымаемся й разьвіваемся менавіта
на той глебе, на якую мы проста залезлі, як бы так мовіць.
Гумар – гэта заўсёды пачуцьцё апазыцыйнае. Гэта высьмейваньне існуючых
нейкіх парадкаў ці зьяваў у грамадзтве, ці ў палітыцы й г.д. І таму, па-першае,
можна ставіць пытаньне – ці можа такое гумарыстычнае выданьне быць дзяржаўным,
а па-другое, безумоўна, тут канкурэнцыі цалкам магчымыя, але яна нашмат
складаней і лідэрства тут вызначаецца нашмат хутчэй».
(Цыганкоў: ) «Тут я не магу не задаць пытаньне, якое напэўна задаюць,
і задавалі Вам ужо не адзін раз. Чаму “Навінкі”, скажам, настроены пакепліваць,
гіранізаваць, абсьмейваць пераважна апазыцыйных палітыкаў?»
(Канавальчык: ) «Ну, па-першае, не пагаджуся, што мы пераважна сьмяемся
з апазыцыйных палітыкаў, мы сьмяемся з усіх – і з прэзыдэнта, і з рэжыма,
і з апазыцыі, якая, на наш погляд, таксама вартая таго, каб зь яе сьмяяцца,
бо ў нас няма табу на тое, пра што пісаць. І тое, што некаторыя апазыцыйныя
палітыкі ўспрымаюць гэта неяк балюча, часам неадэкватна, – гэта іхная праблема.
Былі чуткі, але не пацьверджаныя, што на нас зьбіралася падаваць скаргу
Юлія Чыгір, наконт таго, што мы, быццам бы, абражаем ейнага мужа. І тут
асобная гутарка можа йсьці пра Зянона Пазьняка, які здаўна і факсамі, і
сваімі пастановамі ўвесь час, так бы мовіць, зьвяртаў на нас увагу».
(Цыганкоў: ) «Вас гэта задавальняе, такая слава? Гэта вы ставіце такую
мэту перад сабою?»
(Канавальчык: ) «Ну, у пэўным сэнсе так, бо “Навінкі” – гэта ад пачатку,
капцэнтуальнае – выданьне–флягман жоўтае прэсы ў Беларусі. І лішні скандал,
тым больш скандал зь вядомымі палітычнымі дзеячамі нам не перашкодзіць».
(Цыганкоў: ) «Калісьці Вы агучылі свае, ну скажам так, «напалеонаўскія»
пляны падвысіць свой наклад да, калі не памыляюся, 20 ці колькі там?..»
(Канавальчык: ) «Да 100 тысячаў».
(Цыганкоў: ) «Але зараз, наколькі я бачу, выхадныя дадзеныя да гэтага,
скажам так, вельмі далёкія…»
(Канавальчык: ) «Ну чаму далёкія? Вось за два гады з 1000 экзэмпляраў
мы падняліся да 10.000. І думаю, што праз два гады гэтая тэндэнцыя захаваецца,
і тады ў нас будзе дакладна 100 тысячаў экзэмпляраў».
(Цыганкоў: ) «Ці можа быць такая газэта камэрцыйна выгоднаю».
(Канавальчык: ) «Безумоўна. Мы зараз, напэўна, адзіная газэта, якая
самаакупаецца».
(Цыганкоў: ) «Рэдактар “Навінак” Паўлюк Канавальчык упэўнены ў сьветлай
будучыні сваёй “жоўтай газэты”. Выглядае, што няма падставаў яму ня верыць.
Калі сатыра ня мае вонкавага і ўнутранага цэнзару, калі яна дзёрзкая, нахабная
і скандальная, тады яна мае відавочную пэрспэктыву”.
Віталь Цыганкоў, Менск