Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца ды імідж прэзыдэнцкай сям’і Гаўлавых у грамадзтве.


(эфір 8 жніўня 2000)

Аўтарка і вядучая – Алена Ціхановіч

Вацлаў Гавэл на два кароткія тэрміны абіраўся прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, потым – двойчы на чатырохгадовы тэрмін прэзыдэнтам Чэхіі. Ён двойчы жанаты. Яго першая жонка Вольга памерла ў 1996-м годзе на рак. У 97-м годзе ён ажаніўся з акторкай Дагмар Вешкернавай, якая маладзейшая за яго на 17 гадоў, і зь якой перад гэтым Гавэл быў доўга знаёмы. Для палітычнай першагерархіі Эўропы ды й сьвету – гэта быў унікальны прыклад прэзыдэнцкага вясельля. Чэскае грамадзтва, аддаючы належнае прыгажосьці Дагмар, не магло, аднак, зьмірыцца з тым, што новая прэзыдэнцкая пара пераступіла няпісаны закон: вясельле адбылося раней, чым мінуў год пасьля сьмерці Вольгі. Да зыходу году жалобы заставалася ўсяго тры тыдні. Цяпер новай сям’і – тры гады. Што ўяўляе сабой гэты саюз? Зь кім яго можна параўнаць: з палітычнымі партнэрамі Клінтанамі ці з Гарбачовымі, дзе Раіса Максімаўна была і жонкай, і апякункай? Або гэта проста саюз акторкі і прыхільніка? У нашай праграме бярэ ўдзел чэскі аналітык Яфім Фіштэйн:

(Фіштэйн: ) “Папярэдняя жонка Вацлава Гавэла – Вольга – якраз адпавядала тыпу, які апісваеце – гэта была жонка-паплечніца, таварыш, саюзьнік у палітычных поглядах. Новая жонка – Дагмар – ня можа на гэта прэтэндаваць, таму што яшчэ палітычна нявопытная. На сёньня гэта пара выключна рэпрэзэнтатыўная. Вацлаў Гавэл прадстаўляе чэскае грамадзтва, прымае ўдзел у адказных цырымоніях за мяжой, а яго жонка – як бы дэкарацыя каля яго, упрыгожаньне, кветка, прыгожая постаць, якая яго суправаджае, але ўласных палітычных поглядаў яна ня мае, або – калі і мае, дык іх не паказвае”.

Гаварыў Яфім Фіштэйн. Такім чынам, перад намі фэномэн: Дагмар Гаўлава не дарасла ад жонкі дысыдэнта да жонкі прэзыдэнта, яна стала пад вянец і адразу выйшла, як кажуць, першай дамай. Псыхалягічна ўвайсьці ў гэтую ролю ня так проста, нават акторцы. Па першым часе Дагмар зьяўлялася на афіцыйных цырымоніях ў такіх капялюшыках, што засланяла імі свайго мужа. Гэта тут жа стала прадметам карыкатур. Працягвае Яфім Фіштэйн:

(Фіштэйн: ) “Яна, калі выйшла замуж за Вацлава Гавэла, сказала, што гэта яе жыцьцёвая роля. Яна – акторка, актрыса вельмі вядомая, калі не сказаць славутая, але перадусім выканаўца камічных роляў. Заявіла, што гэта яе жыцьцёвая роля, але не усьвядоміла, што гэтая роля не такая камічная, як у фільмах. І таму спачатку натыкаласая на вялікія цяжкасьці”.

Вось адзін з такіх сюжэтаў. На пачатку 1998-га году Гавэла чакаў складаны экзамен: будзе ён ці ня будзе пераабраны прэзыдэнтам на другі тэрмін. У Чэхіі гэтае пытаньне вырашаецца не на ўсеагульных выбарах, але галасаваньнем абедзьвюх палат парлямэнту. Дагмар Гаўлава прысутнічала ў якасьці госьці на парлямэнцкім абмеркаваньні. Падчас выступу аднаго з дэпутатаў, які пачаў крытыкаваць Гавэла, Дагмар нечакана, па-акторску заліхвацка сьвіснула. Зала на гэты раз зусім ёй не пляскала. Пазьней першая дама дамаглася, каб дзеля яе патрэб быў створаны сакратарыят. На Праскі Град запрасілі для яе і цэлы шэраг дарадцаў. На жаль, сталася так, што амаль кожны зь іх ужыў гэтую магчымасьць для таго, каб пазьней, пры адыходзе, напісаць пра Дагмар кніжку плётак.

Сацыёляг і прафэсар Карлавага ўнівэрсытэту Ірына Шыклава лічыць, што па-сапраўднаму Дагмар дапамаглі не дарадцы, а прыяцелі. Спадарыня Шыклава асабіста ведала абедзьвюх першых дам. Я запытала, што, напрыклад, яна радзіла Дагмар Гаўлавай, як дапамагала пазбаўляцца сваіх памылак? Ірына Шыклава:

(Шыклава: ) “Мяркую, што яшчэ адной памылкай, зробленай напачатку, было тое, што ёй ніхто добра не растлумачыў, у чым заключаецца яе роля. І ёй самой не было ясна, якая яе роля. Прайшоў час, пакуль знайшла сваё месца. Гэта для яе быў вельмі цяжкі пэрыяд, калі засталася амаль адна і разумела, што ўзбуджае пярэчаньні супраць сябе і, такім чынам, ускосна і супраць свайго мужа. Я, напрыклад, ёй радзіла, калі выйшла чарговая кніжка, якую напісаў, здаецца, Свора, – і яна хацела рэагаваць, дык я ёй раіла ні ў якім выпадку не рэагуйце. Калі ня будзеце рэагаваць, гэта забудзецца. Проста ніжэй вашага ўзроўню на такое рэагаваць. На бульварныя рэчы не рэагуюць”.

Гэта была прафэсар Ірына Шыклава.

Яфім Фіштэйн таксама заўважае перамены ў манерах і аблічы першай чэскай дамы:

(Фіштэйн: ) “Цяпер здаецца, што Дагмар Гаўлава трошку ўпэўнілася: знайшла свой імідж, свой вобраз, схуднела, добра прычасаная, зрабіла, як злыя языкі кажуць, ліфцінг – падцягнула скуру на твары, так што выглядае вельмі добра і стараецца застацца ў ценю свайго мужа, што вельмі важна. Але людзі міжволі па-ранейшаму параўноўваюць яе з папярэдніцай, з Вольгай Гаўлавай. І гэтае параўнаньне заўсёды не на карысьць Дагмар. Не кажу пра фізычную прыгажосьць. Вольга Гаўлава была асобай надзвычай сьціплай, мужнай. Трымалася ў ценю, але ў справах дабрачынных зрабіла вельмі шмат. А галоўнае, за што паважалі яе людзі – за тое, як сябе паводзіла, калі Вацлаў Гавэл быў зьняволены, калі быў дысыдэнтам – яна была надзвычай мужнай яго паплечніцай”.

Толькі што я вярнулася з выставы, якая называеца “Допісы Вользе”. Яна адкрытая на Праскім Градзе, у Музэі чэскай народнай пісьменнасьці. Тут – арыгіналы лістоў, якія Гавэл, будучы у турмах, пісаў сваёй першай жонцы. Нагадаю, што Гавэл арыштоўваўся тры разы і ўсяго правёў у зьняволеньні каля пяці гадоў. За арганізацыю Камітэту у абарону несправядліва перасьледаваных Гавэла тады абвінавачвалі ў антыдзяржаўнай дзейнасьці. Як кожны вязень, Гавэл меў права пісаць родным адзін ліст на тыдзень, кожны допіс пераглядаўся цэнзурай. Пазьней іх чыталі і абмяркоўвалі ў коле сяброў. Таму у перапісцы так мала асабістага – гэта публіцыстыка, філязофія, развагі над сэнсам жыцьця, да якіх, паводле прызнаньня самога Гавэла, турэмны побыт вельмі схіляе. І ўсё ж – вось ўрывак, прапушчаны цэнзурай, прызнаньне Гавэла-вязьня сваёй жонцы Вользе.

“Ня ведаю, кім бы быў і як бы скончыў, калі б ня меў цябе амаль ўсё жыцьцё, ці хаця б ўсё творчае жыцьцё каля сябе – як самакантроль, апору, аброць і аўтацэнзуру, сваё сховішча і сваю спружыну, нейкае люстэрка, якое мне дапамагае пазнаваць самога сябе”.

Гэта было прызнаньне Вацлала Гавэла сваёй першай жонцы, Вользе, напісанае з турмы. Зараз яшчэ песьня той пары. Дзякуючы барду Яраславу Гутку абставіны арышту Гавэла сталі ўжо легендай. Сьпявае Яраслаў Гутка:

Зьявіліся госьці, зайшлі асьцярожна,
Шляхотна, прыстойна, адмовіць няможна…
А недзе ўжо творцу чакаюць пакоі,
Ня трэ гарнітуру – там лепшыя строі.

Артыкул, параграф, а ў выраку – шабля…
Думай пра права, Гаўлічку-Гаўле.

(пераклад С.Сокалава-Воюша)

Яраслаў Гутка сьпяваў пра чэскіх дысыдэнтаў. Цяпер, паводле іроніі лёсу, Вацлаў Гавэл мае вілу непадалёк ад турмы, дзе калісьці быў зьняволены. Даволі значную частку маёмасьці ён атрымаў паводле рэстытуцыі. Ці падабаецца чэхам, што іх прэзыдэнт – багаты чалавек?

Гаворыць Яфім Фіштэйн.

(Фіштэйн: ) “Вацлаў Гавэл паходзіць з вельмі багатай чэскай сям’і, адной з найбагацейшых. Ён ня толькі атрымаў вялікую спадчыну, але і павялічыў сваё багацьце, будучы прэзыдэнтам, і стаў адным з самых заможных чэхаў. Мяркую, што гэта яму больш шкодзіць у вачах грамадзкасьці, чым дапамагае. Людзі вылічвалі вартасьць дамоў, многіх дамоў, якія яму належаць – і гэта, магчыма, тая прычына, чаму як Вацлаў Гавэл, так і яго брат Іван, свае дамы, нерухомасьць перапісалі на сваіх жонак. Такім чынам, дзьве Дагмар Гаўлавы валодаюць усім багацьцем братоў Гавэлаў. Але, мяркую, людзі хутчэй зайздросьцяць яго багацьцю, чым захапляюцца”.

Гаварыў Яфім Фіштэйн.

Трэба дадаць, што Дагмар Гаўлава разьвіталася са сцэнай пасьля таго, як выйшла замуж за прэзыдэнта. Але за яе зьяўленьне на подыюме вялікія фірмы гатовыя плаціць вялікія ганарары. Так, фірма “Makro”, якая адчыняла адзін са сваіх новых супэрмаркетаў, запрасіла на акцыю і Дагмар Гаўлаву. Тут жа ёй урачыста быў перададзены чэк на мільён крон. Вядома, што падобныя ахвяраваньні паступаюць у дабрачынны фонд прэзыдэнцкай сям’і. Фонд “Vize-97” фінансуе, напрыклад, рэстаўрацыю дома для пажыцьцёвых інвалідаў або паводле конкурсу прызначае стыпендыі для найбольш таленавітых чэскіх студэнтаў, якія хацелі б вучыцца за мяжой. Сваіх дзяцей прэзыдэнт Гавэл, як, дарэчы, і яго родны брат Іван, ня мае. У Дагмар ёсьць толькі дачка ад першага шлюбу Ніна. Аднак невядома, ці стане яна з часам адзінай спадкаемцай усёй маёмасьці сям’і Гавэлаў.

Цяпер, калі выходзіць гэта праграма, чэскі прэзыдэнт працягвае свой адпачынак у Партугаліі. Як паведаміў друк, Вацлаў і Дагмар Гаўлавы абжываюць сваю новую вілу на ўзьбярэжжы Атлянтыцкага акіяну. Як была ўспрынятая гэта навіна? Пытаньне да Яфіма Фіштэйна:

(Фіштэйн: ) “Той факт, што Вацлаў Гавэл набыў сабе вілу на ўзьбярэжжы мора ў Партугаліі, быў успрыняты стрымана. З аднаго боку яму жадаюць, каб гэта скарыстаў пад канец жыцьця – бо многія чэхі мяркуюць, што мог бы ўжо падаць у адстаўку і лепш займацца сваім здароўем, чым палітыкай. Што да вілы ў Партугаліі, то спачатку Дагмар Гаўлава спрабавала троху зьменшыць маштаб пакупкі, казала, што гэта домік, малы дамочак. Калі рэпартэры бульварнага друку даведаліся, што гэта даволі шыкоўная віла, тут жа зьявілася ў друку і фота. І гэта зноў трошку пашкрабала рэпутацыю першай дамы. Вацлаў Гавэл адносна гэтага не выказваецца. Цешыцца на пэнсію, на тое, што будзе нешта пісаць у сваёй партугальскай віле, і, магчыма, чужое паветра яму і дапаможа”.

Такім чынам, з дапамогай нашых гасьцей мы распавялі вам пра некаторыя фрагмэнты п’есы, якую напісала для драматурга Гавэла і акторкі Вешкернавай непрадказальнае жыцьцё. Мы разьвітваемся з прэзыдэнцкай парай, якая адпачывае ў віле на беразе мора, і хто ведае, якія жарсьці чакаюць іх наперадзе.

Алена Ціхановіч

XS
SM
MD
LG