Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабудаваць дом па-чэску


(эфір 30 траўня 2000)

Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч

Дом – па-чэску dum, гаспадар дому – pan domaci, гаспадыня – pani domaci. Белы дом, чырвоная страха , кветкі на вокнах – гэтая клясычная мадэль дому ў Чэхіі жыве і мадэрнізуецца. Вось , як яе апявае папулярны чэскі бард Ярамір Нагавіца.

“Пастаўлю табе дом з белага каменю, дубовымі дошкамі яго ўмацую, каб кожны ведаў, як я цябе кахаў, пастаўлю яго на вякі…”

Ярамір Нагавіца ў песьні засьведчыў важны момант – традыцыя каменнага, дабротнага дому дае чэхам шмат выгодаў. І ў першую чаргу шчасьлівую магчымасьць атрымліваць дамы ў спадчыну і ўжываць іх для некалькіх пакаленьняў. На працягу апошніх гадоў чэская ўлада вярнула раней канфіскаваную маёмасць нашчадкам уласьнікаў – улучна з замкамі.

Трэба заўважыць, што не заўсёды гэта было прыемнай нечаканасьцю, бо на спадкаемцу тут жа навальвалася маштабная задача рэканструкцыі і ўтрыманьня вілы або замку. Таму зараз даволі шмат замкаў прапануюца на продаж.

Што, аднак, зь сябе ўяўляе сучасны дом у Чэхіі? Вось як яго плянавае вырашэньне апісвае архітэктарка студыі “Мэгарон” Шарка Данькава:

(Данькава: ) “Сучасны сямейны дом, зразумела, пачынаецца з увагі да таго, як да яго дабіраецеся. Кожная сям”я, як правіла, мае адзін, а то й два аўтамабілі. Гэта азначае, што там ёсьць або прыстрэшак, або гараж. Уваход з гаражу часта спалучаны з так званай задзьвернай прасторай. Там здымаюць адзежу, складаюць абутак, сушаць мокрыя плашчы… Адтуль трапляем да галоўнага ўваходнага холу, дзе часта пачынаецца і лесьвіца, бо большасьць сямейных дамоў – двухпавярховыя. Унізе знаходзіцца звычайна кухня, гасьціная, санітарны пакой. Тут бывае і пакой для гасьцей. Другі паверх лічыцца больш інтымным, сямейным, там наведнікі ў большасці ня ходзяць. Там разьмешчаная спальня бацькоў, дзіцячы пакой, гардэроб, камунікацыйная прастора, ванныя. Або адна агульная, або асобныя – для дарослых і дзяцей. Мяркую, дзеці- падлеткі ацэняць, калі будуць мець дома дзьве ванныя.”

Архітэктарка Шарка Данькава апісала тып чэскага радзіннага, або сямейнага дому. Дзесяткі будаўнічых кампаніяў бяруцца ўзьвесьці такі дом для заказчыка. За ім – галоўная праблема -- выбару месца, будаўнічай фірмы і, зразумела, фінансаваньня. Як правіла, большасьць чэхаў ня могуць адразу заплаціць за гатовы дом ці тую ж кватэру. Мэтар новага жыльля у Празе каштуе больш, чым сярэдняя месячная зарплата – ад 500 даляраў і вышэй.

Можна паспрабаваць узяць у банку крэдыт. Пра такі спосаб нашыя слухачы маюць ўяўленьне. Чэскія банкі зараз вельмі актыўна прапануюць доўгатэрміновыя крэдыты. Аднак, паводле даступнай статыстыкі, такія крэдыты атрымалі пакуль толькі каля 25 тысячаў грамадзянаў. Перашкоды вядомыя – мноства неабходных для афармленьня папераў і гарантыяў, а таксама жаданьне банкаў даваць, як правіла, крэдыты на вельмі салідную суму.

Таму больш шырокае распаўсюджаньне атрымаў шлях так званага будаўнічага назапашваньня і наступнага крэдыту. Пра яго асаблівасьці мы гаворым з прэсавым сакратаром Чэскага будаўніча-ашчаднага банку Здэнай Блехавай:

(Блехава: ) “ Будаўнічае назапашваньне ў нас рэгулюецца законам. Яно дае кліенту дзьве магчымасьці: як ашчаджаць, назапашваць фінансавыя сродкі, так і атрымліваць крэдыт. З гэтым зьвязана некалькі выгадаў, прычым значных. Будаўнічае назапашваньне падтрымліваецца дзяржавай . На практыцы гэта азначае, што кожны, хто мае такую дамову, атрымлівае ад дзяржавы дапамогу – максымальна 4500 крон штогод. Другая значаная выгада такой сыстэмы – эканомія пры выплаце падаткаў. Таму што працэнты з гэтых укладаў, а таксама атрыманая дзяржаўная дапамога, не абкладаюцца падаткам, як гэта, напрыклад, робіцца пры зьбіраньні грошай на ашчадную кніжку. Больш за тое, калі чалавек бярэ жыльлёвы крэдыт, ён мае далейшыя падаткавыя ільготы.”

(Ціхановіч: ) “Ад якога часу чалавек можа заключыць дамову на будаўнічае назапашваньне?”

(Блехава: ) “Ад самай калыскі”.

Падобныя службы, пра якія мы гаварылі са спадарыняй Блехавай, зараз у Чэскай рэспубліцы прапануюць шэсць спэцыялізаваных банкаў. Дамову пра будаўнічае накапленьне заключыў кожны чацьверты жыхар Чэхіі. Праз два гады назапашваньня можна зьвяртацца ў банк па крэдыт. Яго выплата,у залежнасьці ад тыпу і памеру крэдыту, можа быць расьцягнутая ад пяці-шасьці да васьмі-чатырнаццаці гадоў.

Сёньня мы гаворым пра чэскія рэаліі, якія пакуль менш распаўсюджаныя ў Беларусі – сямейны дом, віла, замак. Аднак пры гэтым і ў Чэхіі паўтара мільёна сем”яў зараз жывуць у звычайных шматкватэрных панэльных дамах. Чэхі назваюць іх з сумнай іроніяй – панэлакі.

Панэлакі у Чэхаславаччыне пачалі будаваць ад 1953га году. Калі улічыць, што максымальная іх жыцьцяздольнасць каля 50 гадоў, то зараз праблема іх зношанасьці надыйшла ва ўсёй сваёй вастрыні. Што выгадней – зьнесці гэты фонд і на яго месцы пабудаваць новае жыльлё, або укласьці грошы у рэканструкцыю панэлакаў? Пра чэскі выбар мы гутарым зь Іржы Клімам, кіраўніком аддзелу жыльлёвай палітыкі міністэрства мясцовага разьвіцьця:

(Кліма: ) “Пры тым, што на комплексную рэгенэрацыю патрабуем прыкладна 264 тысячы крон (каля $ 7000) на адну сярэднюю кватэру, дык у выпадку зносу дому і наступнай забудовы можна гаварыць пра мільён-паўтара крон ( больш як $ 25 000). Такім чынам, рэстаўрацыя абыходзіцца ў чатыры-пяць разоў таньней”.

Спадар Кліма далей распавё , што зараз у Чэскай рэспубліцы дзейнічае першая праграма, якая арыентаваная толькі на рэканструкцыю аварыйных дамоў. Аднак зараз міністэрства працуе над новай праграмай, якая б забясьпечыла ня толькі падоўжаны тэрмін службы гэтых дамоў, але й павысіла б іх камфорт, энэргетычную эканомнасьць. Сп. Кліма гаворыць пра дэталі гэтай праграмы:

(Кліма: ) “У межах гэтай праграмы, калі яе ўхваліць урад, зьмена разьмяшчэньня кватэры, замена вокнаў на больш якасныя і г.д. Мяркуем таксама, што можна было надбудоўваць кватэры-мэзаніны над апошнім паверхам. Гэта азначае, што зьменіцца й малюнак даху. У большасьці плоскія дахі будуць зьнікаць, а зьявяцца стрэхі скошаныя.”

Іржы Кліма зь міністэрства мясцовага разьвіцьця апісаў для нашых слухачоў тое, як будуць выглядаць чэскія панэлакі-шматпавярхоўкі.

І на заканчэньне – пра яшчэ адну навінку. У гэтыя дні ў Празе распачалася акцыя, якая так і назваецца “Цэгла”. Кожны, хто купляе сувэнірную цаглінку, надпісвае на ёй сваё ймя і укладае у сымбалічную вежу. Кошт акцыйнай цаглінкі – сто крон, што значна вышэй за сапраўдную.

Такім спосабам зьбіраюцца сродкі на будаўніцтва прытулку для мэнтальна хворых людзей ў мястэчку Слапы пад Прагай. Вышыня гэтых вежаў, якія растуць кожны дзень, дае магчымасць гаварыць, што чэхі не забыліся на прыпеў нацыянальнага гімну, дзе сьцвярджаецца: “Зямля чэская - мой дом”.

Алена Ціхановіч

XS
SM
MD
LG